Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне два хлопчыкі памерлі ад мэнінгіту


Марыя Ўсьціновіч, Глуск, Магілёўская вобласьць У Глускім раёне Магілёўскай вобласьці на мэнінгакокавую інфэкцыю захварэлі 4 дзіцяці, 2 зь якіх памерлі, а таксама 30 кантактных зьмешчаныя ў шпіталі. Двое памёрлых хлопчыкаў – выхаванцы Веснаўскага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця. Гэтыя дзеці былі сацыяльныя сіраты, іх пахавалі ў мінулую суботу.

Два хлопчыкі 2000 і 2001 гадоў нараджэньня памерлі 21 ліпеня: адзін у хуткай дапамозе, адзін — у Глускім раённым шпіталі. Мэдыкі тлумачаць, што дзеці памерлі ад мэнінгакокавай інфэкцыі, якая выявілася ў самай небясьпечнай “маланкавай”, вокамгненнай форме.

Веснаўскі дзіцячы дом-інтэрнат знаходзіцца за 15 кілямэтраў ад раённага цэнтру Глуск. У ім жывуць больш за сто дзяцей-інвалідаў, разумова адсталых. Усяго на мэнінгакокавую інфэкцыю, паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога цэнтру санітарыі і эпідэміялёгіі, захварэлі 4 выхаванцы дому-інтэрнату веку ад 4 да 6 гадоў. Двое дзяцей цяпер знаходзяцца ў рэанімацыі ў Бабруйскім шпіталі. Іх стан ацэньваецца як цяжкі, але стабільны. “Гэтыя дзеткі павінны жыць”, — гавораць лекары.

У выходныя дні ў Веснаўскім доме-інтэрнаце працавалі абласная камісія і спэцыялісты Міністэрства аховы здароўя. Вось што сказала пра прычыны ўспышкі мэнінгакокавай інфэкцыі загадчыца супрацьэпідэміялягічнага аддзелу абласнога цэнтру санітарыі Ала Булай:

(Булай: ) “Гэта магло здарыцца дзе заўгодна. Проста чаму там групавыя захворваньні? Усё ж такі гэта закрыты калектыў — гэта адно, а іншае, што гэта дзеці з псыхасаматычнымі парушэньнямі, інваліды, таму ў іх вельмі аслаблены імунітэт”.

Паводле афіцыйных зьвестак, сёлета ў Беларусі зафіксавана 184 выпадкі мэнінгакокавай інфэкцыі, 18 хворых памерлі. Гаворыць Ала Булай:

(Булай: ) “Мэнінгакокавая інфэкцыя рэгіструецца пастаянна па ўсёй рэспубліцы. У нас спарадычныя выпадкі захворваньняў у сем’ях ёсьць. Ёсьць лятальныя выпадкі. Гэта ня нейкая новая ці своеасаблівая інфэкцыя”.

На сёньня ў Глуску і Бабруйску шпіталізаваныя 30 чалавек, якія кантактавалі з хворымі ў Веснаўскім доме-інтэрнаце. За імі ўстаноўлены дынамічны мэдычны нагляд, каб улічыць магчымасьць разьвіцьця “маланкавай” формы мэнінгакокавай інфэкцыі.
XS
SM
MD
LG