Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы адмаўляюцца ад адпачынку ў Эгіпце і гінуць у гарах Алтаю


Ігар Карней, Менск Беларускія турысты, якія набылі пуцёўкі на эгіпецкі курорт Шарм-эш-Шэйх, адмовіліся ад плянаў адпачынку на Сынайскай паўвысьпе. Нагадаем, што пры канцы мінулага тыдня ў цэнтры гэтага курортнага гораду прагрымелі тры выбухі, ахвярамі якіх сталі амаль 90 чалавек з розных краінаў сьвету. Як кажуць у МЗС Беларусі, пацярпелых сярод беларусаў няма. Між тым, зьвесткі пра загінулых беларусаў прыйшлі зь іншага рэгіёну — у гарах Алтаю лявіна накрыла групу менскіх альпіністаў.

Турапэратары кажуць, што нядаўнія выбухі ў Шарм-эш-Шэйху ці не ўпершыню сур’ёзна напалохалі беларусаў, якія выпраўляюцца на адпачынак у той рэгіён. Пры канцы мінулага тыдня некалькі беларускіх турыстаў адмовіліся ляцець на Сынайскую паўвыспу. У зьвязку з гэтым у суботу быў адменены рэйс авіякампаніі “Белавія” на Шарм-эш-Шэйх. Паводле прадстаўнікоў турбізнэсу, дарагія курорты Шарм-эш-Шэйху вялікім попытам сярод беларусаў не карысталіся. Асабліва ў летнія месяцы, якія на Сынайскай паўвысьпе вельмі сьпякотныя. Гаворыць адзін з кіраўнікоў турфірмы “Алатан-Тур” Аляксей Стрэльчанка:

(Стрэльчанка: ) “Для турызму, канечне, усё гэта дрэнна. Але справа ў тым, што летам у Шарм-эш-Шэйх асабліва беларускія турысты ня ехалі. Традыцыйна большым попытам карыстаецца Хургада — можа, таму, што першыя прапановы турфірмаў былі менавіта ў Хургаду. І бальшыня турыстаў дагэтуль арыентаваныя на Хургаду. Нездарма ўрэшце сумясьцілі авіярэйс на Хургаду і Шарм-эш-Шэйх у адзін, з двума пасадкамі. А што да “адмоўнікаў”, то, натуральна, яны будуць. І чым больш будзе гэтая тэма абмяркоўвацца, тым больш будуць адмаўляцца”.

Разам з тым, з Масквы ўсе рэйсы ажыцьцяўляюцца паводле графіку, і ня выключана, што хтосьці зь беларусаў усё ж скарыстаецца магчымасьцю ашчадзіць: маскоўскія фірмы паведамляюць пра зьніжкі на адпачынак у раёне Суэцкага каналу на 20—25%.

Паводле прадстаўніка фірмы “Алатан-Тур” Аляксея Стрэльчанкі, да восені пра нядаўні тэракт, хутчэй за ўсё, забудуцца.

(Стрэльчанка: ) “Цяпер для галіны Эгіпет не зьяўляецца першачарговай задачай. Тэма гэтая ўсплыве восеньню, калі будзе зразумела — забыліся людзі пра трагедыю ці не? Як паказвае практыка, забываюцца хутка. Прыгадайце жахлівы тэракт гадоў восем таму ў раёне Хургады, калі расстралялі аўтобус з турыстамі ля храму Хатшэпсут! Гэта ўвогуле страшны эпізод — стралялі са стралковай зброі! І што? Год мінуў, і зноў вал турыстаў. Памяць кароткая”.

Калі ахвяраў сярод беларусаў у Эгіпце ўдалося пазьбегнуць, то нечакана трагічныя паведамленьні прыйшлі з Расеі. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расейскай Фэдэрацыі паведаміла, што ў гарах Алтаю загінулі чацьвёра сябраў Беларускага турысцка-спартовага саюзу. Паводле зьвестак, дзевяць менчукоў былі накрытыя лявінай на гары Бялуха. Пяцёра параненых шпіталізаваныя ў Горна-Алтайску. На гэты момант з-пад сьнегу выратавальнікі здолелі дастаць двух загінулых. Калегі пацярпелых з турысцка-спартовага саюзу кажуць, што ўсе ўдзельнікі паходу былі вельмі дасьведчанымі ў сваёй справе.

(Супрацоўнік саюзу: ) “Кіраваў групай чалавек, які сам неаднаразова браў удзел у выратавальных працах, у надзвычай складаных умовах. Гэта вельмі дасьведчаны альпініст Георгі Маскалёў, які, на жаль, загінуў. Яшчэ адзін удзельнік групы кіраваў паходамі пятай катэгорыі складанасьці. Гэта былі вельмі дасьведчаныя людзі, і “чайнікаў”, якія пачынаюць з нуля, сярод іх не было. Пакуль што незразумела, што сталася прычынай трагедыі — лявіна, лядовы абвал, абрушэньне карнізу? Бо лявінанебясьпека ў тых ці іншых раёнах вельмі розная, залежная ад кожнага году”.

Як удакладняюць у расейскіх ведамствах, беларусы выправілася ў горы, не папярэдзіўшы пра маршрут выратавальныя службы, таму дапамога прыйшла толькі праз суткі.
XS
SM
MD
LG