Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлану Завадзкую выклікалі ў пракуратуру (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сьвятлану Завадзкую выклікалі для размовы ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску. Сьледчы цікавіўся падзеямі на Кастрычніцкай плошчы, калі падчас разгону ўдзельнікаў ланцугу неабыякавых людзей амонавец двойчы ўдарыў Сьвятлану Завадзкую ў твар.

Размова са сьледчым Цэнтральнай пракуратуры Дзьмітрыем Лугіным доўжылася каля гадзіны, распавяла Сьвятлана Завадзкая. Пасьля таго, як яна падрабязна апісала сьледчаму ўсё, што тычыцца інцыдэнту, яе зноў скіравалі на мэдычны агляд. Дагэтуль мэдыкі канстатавалі ў жанчыны сьляды прынамсі двух удараў у твар. Сёньня гэты дыягназ быў пацьверджаны.

Таксама падчас размовы са сьледчым Сьвятлана назвала людзей, якія б маглі засьведчыць яе пазыцыю. Нагадаю, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага настойвае на тым, што яе першым ударыў амонавец і патрабуе прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці. Прозьвішча гэтага чалавека ёй невядомае, але яго твар ёсьць на стужцы, які дэманстравалі расейскія тэлеканалы пасьля інцыдэнту. Паводле Сьвятланы Завадзкай, сьледчы не назваў ёй імя гэтага чалавека.

Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня, заяву ў пракуратуру Сьвятлана Завадзкая занесла празь дзень, 8 ліпеня. Чаму гэтак доўга сьледчы пракуратуры не сустракаўся са Сьвятланай Завадзкай?

У мінулую пятніцу ў Цэнтральнай пракуратуры мне патлумачылі, што “не маглі знайсьці Завадзкую, каб выклікаць на размову”. Сьвятлана Завадзкая тады заявіла Радыё Свабода, што ня верыць гэтым тлумачэньням. Жанчына і сёньня, пасьля размовы са сьледчым, не зьмяніла свайго меркаваньня.

(Завадзкая: ) “Яны проста цягнулі час, гэта была такая адгаворка, што яны нібыта не маглі мяне знайсьці”.

Паводле Сьвятланы Завадзкай, пытаньні сьледчага былі звычайнымі: ён ніяк не дэманстраваў свайго асабістага стаўленьня да гэтай справы. “Сьледчы папярэдзіў мяне, што, хутчэй за ўсё, праверка зацягнецца”, — распавяла Сьвятлана Завадзкая.

Між тым, пры канцы мінулага тыдня ў Цэнтральнай пракуратуры заявілі, што вынікаў праверкі варта чакаць ужо сёньня, ці заўтра, 26 ліпеня. Чым тлумачыцца затрымка, Сьвятлана Завадзкая ня ведае.

Ад камэнтароў для Радыё Свабода сьледчы Дзьмітры Лугін адмовіўся. Ня стаў ён кантактаваць і з журналістамі расейскага тэлеканалу ОРТ, якія адмыслова прыехалі да Цэнтральнай пракуратуры Менску, калі туды прыходзіла Сьвятлана Завадзкая.

У менскай міліцыі адносна інцыдэнту 7 ліпеня заявілі, што “Сьвятлана Завадзкая сама справакавала амонаўца, які зачапіў яе выпадкова, калі адмахваўся”. Між тым, запіс таго інцыдэнту шмат разоў паказалі расейскія тэлеканалы ОРТ, РТР і НТВ. На стужцы добра відаць, як амонавец двойчы б’е Сьвятлану Завадзкую ў твар. Гэты інцыдэнт Цэнтральная пракуратура Менску правярае ўжо больш за два тыдні.

Завадзкі Зьміцер Аляксандравіч Нарадзіўся 28-га жніўня 1972 году. Адукацыя – незавершаная вышэйшая. Асабісты апэратар Аляксандра Лукашэнкі з 1994 году да 1997 году. Са студзеня 1997 году апэратар на Грамадзкім расейскім тэлебачаньні. Увесну 1997 годзе арыштаваны разам з журналістам Паўлам Шараметам за рэпартаж аб празрыстасьці беларуска-літоўскай мяжы. Быў асуджаны на паўтара году пазбаўленьня волі ўмоўна. Зь лістападу 1999 году да траўня 2000 году працаваў у Чачні, дзе разам з Шараметам здымаў фільм "Чачэнскі дзёньнік" для каналу ОРТ. 7-га ліпеня 2000 году зьнік пры нявысьветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт Менск-2, дзе павінен быў сустрэць журналіста Паўла Шарамета.

За выкраданьне Завадзкага і за іншыя злачынствы да пажыцьцёвага зьняволеньня былі асуджаныя афіцэры спэцпадразьдзяленьня МУС "Алмаз" Валер Ігнатовіч і Максім Малік, на 25 гадоў пазбаўленьня волі былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз і на 12 гадоў зьняволеньня тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Саушкін. Асуджаныя сваёй віны не прызналі. Цела Завадзкага знойдзена не было.

У 2004 годзе Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала ад беларускіх уладаў правесьці незалежнае расьсьледаваньне ў справе Зьмітра Завадзкага і адправіць у адстаўку тагачаснага генэральнага пракурора Віктара Шэймана, тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова, і камандзіра спэцатраду МУС Зьмітра Паўлічэнку.

Патрабаваньне раскрыць праўду аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН у правах чалавека, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву, старшыню адміністрацыі прэзыдэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру СОБРа Зьмітру Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня іх у далучнасьці да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG