Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пуцін, як і Лукашэнка, ня хоча пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў пакідаць цёплую пасаду”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Так званая саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, стварэньне якой яшчэ пяць год таму замерла на стадыі падпісаных і нерэалізаваных дамоваў, зноў стала аб’ектам цікавасьці журналістаў, палітолягаў і многіх нашых слухачоў. Так, зрэшты, адбываецца кожны раз, калі ў Беларусі ці Расеі набліжаюцца чарговыя выбары. Зь ліста на гэтую тэму і пачну сёньняшні агляд пошты. Вось што піша нам Генадзь Багамазаў з Гомелю:

“Зноў Лукашэнка зачасьціў у Маскву, вядзе сакрэтныя перамовы з Пуціным, пра нешта дамаўляецца. А крамлёўскія кіраўнікі ўжо не перакрываюць Беларусі газавы вэнтыль, як некалькі год таму, не абражаюць беларускага прэзыдэнта байкамі пра мух і катлеты. Чаму? Ясна кожнаму: Пуцін сам рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. І напэўна ж, як і Лукашэнка, ня хоча разьвітвацца зь цёплай пасадай пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў, якія ў яго закончацца ў 2008 годзе.

Тут і можа спатрэбіцца варыянт з новай беларуска-расейскай дзяржавай, у якой прэзыдэнцкія тэрміны можна пачаць адлічваць з нуля. Будзе тады ў Маскве прэзыдэнт Пуцін і віцэ-прэзыдэнт Лукашэнка… Сьвет скаланецца ад такога дуэту. Тым больш, што наш Аляксандар Рыгоравіч доўга заседжвацца ў віцэ-прэзыдэнтах ня будзе. У яго характар іншы. Вось тады расейцы даведаюцца, што такое рынкавы сацыялізм і як павінна паводзіць сябе апазыцыя, каб яе лідэры не пачалі бясьсьледна зьнікаць”.

Гэта, спадар Багамазаў, адзін з многіх варыянтаў захаваньня Пуціным улады пасьля 2008 году, які разглядаюць цяпер крамлёўскія паліттэхнолягі. Варыянт зусім ня новы: пра яго шмат гаварылі напрыканцы 1990-х гадоў, калі такое ж пытаньне паўстала перад тагачасным расейскім прэзыдэнтам Ельцыным. Але Ельцын тады абраў зусім іншы шлях. Многія палітолягі лічаць, што іншы варыянт абярэ цяпер і прэзыдэнт Пуцін. Малаверагодна, што Аляксандар Лукашэнка можа адмовіцца ад свайго статусу лідэра незалежнай дзяржавы, ня маючы цьвёрдых гарантыяў таго, што ён будзе на першай ролі ў новай дзяржаве. Але хто яму такія гарантыі можа даць? Асабліва калі ўлічыць, як ставяцца да такой пэрспэктывы многія палітычныя сілы ў Расеі, буйны капітал і міжнародная дэмакратычная супольнасьць.

Наш даўні слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску ў сваім новым лісьце абмяркоўвае тэму абраньня адінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году. У адным зь нядаўніх аглядаў пошты прагучаў ліст, аўтар якога ўспамінаў выбары 1994 году і дакараў Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча за тое, што яны не зьнялі тады сваіх кандыдатураў на карысьць Генадзя Карпенкі. Ільля Копыл з гэтымі папрокамі не пагаджаецца. Ён піша:

“На той момант Генадзь Карпенка быў мала вядомы як палітык. На выбары ён ішоў са слабой групай падтрымкі, не зьбіраў подпісаў сярод насельніцтва, а быў вылучаны кандыдатам праз подпісы дэпутатаў. Многія з дэпутатаў пазьней свае подпісы адклікалі, і ў выніку Карпенка выбыў з барацьбы яшчэ да выбараў: у бюлетэні яго прозьвішча не было. Вядома, калі б Карпенка дажыў да сёньняшніх дзён, ён быў бы вартай кандыдатурай на ролю адзінага кандыдата. У той жа далёкі ўжо 1994 год Пазьняк і Шушкевіч самі былі моцнымі кандыдатамі. Іншая справа, што яны маглі аб’яднаць намаганьні — і тады адзін зь іх выйшаў бы ў другі тур. Бяда, недахоп гэтых палітыкаў, што яны не маглі, ня ўмелі, не хацелі хлусіць, уводзіць у зман насельніцтва. На гэта не пайшоў нават кандыдат ад улады Кебіч. І ў выніку ва ўмовах больш-менш дэмакратычных, празрыстых выбараў перамог Лукашэнка”.

Далей у сваім лісьце Ільля Копыл зь Менску разважае пра наступствы і прычыны каляровых рэвалюцый ў Грузіі і ва Ўкраіне:

“Гэтыя рэвалюцыі я ўспрыняў стрымана. Так, я захапляўся актыўнасьцю насельніцтва: хацелася, каб так было і ў нас. Але я добра разумею: рэвалюцыі адбыліся не таму, што там мацнейшая за нашу апазыцыя. Проста рэжымы Шэварднадзэ і Кучмы былі больш дэмакратычныя, чым рэжым Лукашэнкі. Там існавалі незалежныя мэдыі (у тым ліку электронныя), больш свабоднымі былі прадпрымальнікі, апазыцыянэраў не саджалі ў турмы, не каралі шматмільённымі штрафамі… Але што атрымае насельніцтва ад зьмены ўлады? Гэта заўсёды палохае, гэта — тормаз.

У 1994 годзе многія грамадзяне Беларусі галасавалі паводле прынцыпу “Абы ня Кебіч”. У выніку атрымалі Лукашэнку. Хацелася б памыліцца, але, на мой погляд, у Грузіі і ва Ўкраіне насельніцтва кіравалася такім жа прынцыпам: “Абы не Шэварднадзэ”, “Абы не Януковіч”. А што, калі яны там таксама атрымалі лукашэнку? Там ужо шмат зроблена паводле беларускага сцэнару”.

Думаю, спадар Копыл, вашы параўнаньні ўсё ж некарэктныя. Успомніце, што было зроблена за першы год прэзыдэнцтва Аляксандрам Лукашэнкам. Пачаўся ўціск мэдыяў (памятаеце “белыя плямы” ў газэтах на месцы, дзе павінен быў друкавацца даклад дэпутата Антончыка); быў учынены гвалт над дэпутатамі, якія трымалі галадоўку; беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай; была забаронена нацыянальная сымболіка; паступова пазначыўся шлях да самаізаляцыі Беларусі ад дэмакратычных краін… Нічым падобным ні прэзыдэнт Саакашвілі, ні прэзыдэнт Юшчанка за першы год свайго прэзыдэнцтва ня вызначыліся.

Ліст са Смаргоні, ад слухача, які падпісаўся як Ярмошка Сьмелы. Імя, відавочна, выдуманае. Сам слухач абгрунтоўвае сваю боязь наступным чынам:

“Пішу з асьцярогай: а што, калі і сярод вас хаваецца які-небудзь здраднік-шпіён ды дакладвае куды трэба ўсе імёны ды адрасы тых, хто пішуць на “Свабоду”? Не пасьпееш азірнуцца — як згінеш, як той Ганчар ці Захаранка”.

Далей у сваім лісьце наш смаргонскі слухач выкладае ўласнае бачаньне тактыкі апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Ён піша:

“Калі выбары зноў будуць несумленныя, то людзі пачнуць пратэставаць. Але трэба іх папярэдзіць, каб ні ў якім разе ня ехалі пратэставаць у сталіцу. Бо ўсім вядома, як дзейнічае ў такіх выпадках улада: аўтобусы ды цягнікі будуць спыняць. Дык няхай людзі пратэстуюць там, дзе жывуць. У сталіцы дастаткова людзей і бяз прыежджых. А яшчэ, па-мойму, трэба, каб удзел у галасаваньні ўзяло як мага больш людзей. Тады махлярам будзе больш складана рабіць сваю чорную справу. У кабіне ж для галасаваньня ніхто не стаіць у цябе за сьпіной і не цікуе, каго пакідаеш, а каго выкрэсьліваеш. Словам, трэба нарэшце паразумнець — і тады будзем жыць як людзі”.

Цяжка ўявіць, шаноўны слухач, каб у якім-небудзь раённым (ці нават абласным) цэнтры Беларусі на вуліцу з пратэстамі выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Такога не было нават у гады найбольшай вулічнай актыўнасьці — напрыклад, у 1990—1991 гады. Гэта адметнасьць ня толькі Беларусі. Ва ўсіх постсавецкіх і постсацыялістычных краінах, дзе зьмена ўлады адбывалася пад ціскам грамадзкіх пратэстаў, выключную ролю ігралі падзеі менавіта ў сталічных мэгаполісах. Так было і падчас нядаўніх каляровых рэвалюцыяў — у Тбілісі, Кіеве і Бішкеку.

Наш менскі слухач Віктар Буто — былы ліквідатар наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У небясьпечную зону яго ў свой час накіравалі прымусова, праз ваенкамат Савецкага раёну. Потым ён працаваў вадзіцелем тралейбуса, але з дэпо яго двойчы звальнялі (як лічыць сам спадар Буто — незаконна). Цяпер працуе некваліфікаваным рабочым у арганізацыі “Менскзеленбуд”. Сваю працу называе цяжкай, небясьпечнай і няўдзячнай, бо заробкі там невысокія. На падставе свайго шматгадовага змаганьня за аднаўленьне на працы Віктар Буто прыйшоў да наступнай высновы:

“Справядлівасьці і правасудзьдзя ў нас няма. У любы дзень я магу страціць і гэтую працу, магу ператварыцца ў непрацаздольнага інваліда. І нікога гэта не цікавіць. Падабаецца гэта камусьці ці не, але гэта наша сёньняшняя рэчаіснасьць. І на маім месцы можа апынуцца любы беларускі ліквідатар. Я прыйшоў да высновы, што Беларусь сёньня — адна з найбольш карумпаваных і небясьпечных для жыцьця дзяржаў, дзе купляюцца і прадаюцца ўсе, ад простага рабочага да любога начальніка і чыноўніка.

“Свабоду” я слухаю, хоць па-беларуску і не размаўляю. Увогуле, і ў брыгадзе, і дома, і ўсе мае сваякі не размаўляюць на беларускай мове ці баяцца размаўляць, каб не апынуцца ў маёй сытуацыі — чалавека, якога паўсюль перасьледуюць з жахлівымі для яго наступствамі”.

Адносна ступені карумпаванасьці беларускіх чыноўнікаў — наўрад ці вы маеце рацыю, спадар Буто. Напрыклад, паводле зьвестак Міжнароднай фінансавай карпарацыі, у Беларусі на сёньня самы нізкі ўзровень карупцыі на тэрыторыі СНД. Гэтыя зьвесткі атрыманыя шляхам апытаньня прадпрымальнікаў у розных краінах пра тое, колькі і якіх памераў неафіцыйныя плацяжы ім даводзілася рабіць у сваіх дзелавых стасунках з чыноўнікамі. Вядома, вялікі аб’ём паўнамоцтваў чыноўнікаў у Беларусі — гэта спрыяльная глеба для карупцыі. Але, зь іншага боку, тут жорсткі дзяржаўны кантроль і суровыя паказальныя працэсы над тымі, чыя датычнасьць да карупцыі была выяўленая.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG