Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусьце Чэрыкаўскага раёну


Марыя Усьціновіч, Вусьце, Магілеўшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Старыя жыхары вёскі Вусьце Чэрыкаўскага раёну дамовіліся паміж сабой не паміраць, пакуль улады ня зробяць нармальную дарогу на вясковыя могілкі. Яміны ды калдобіны ў вёсцы Вусьце сталі знакамітымі на ўвесь раён, аднак тутэйшым сялянам ужо не да жартаў.

(Спадар: ) «У нас тут памёр малады хлопец, самая гразь была. Дык трактар ззаду суправаджаў. Добра, што бартавы УАЗік усюды пройдзе. А так там яміны такія, што можна і нябожчыка згубіць».

Шмат гадоў жыхары вёскі пішуць пра сваю гора-дарогу ў розныя інстанцыі, і аднойчы пасярод вёскі засеў на гразкай дарозе «газік» раённага кіраўнітва, які выцягвалі доўга і цяжка. Пасьля гэтага здарэньня дарожныя будаўнікі пачалі доўгачаканы рамонт, аднак сродкі неўзабаве скончыліся, справу да канца не давялі, і ў вёсцы Вусьце так і няма прыдатнай дарогі.

(Спадар: ) «І вось калі восень альбо вясна – не прайсьці, не праехаць. Ні на машынах, ні на кані, ні на чым».

* * *

Вёска Вусьце пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы.

(Спадар: ) «Мы проста як тыя жукі каларадзкія адаптаваліся. Мы прызвычаіліся. Жывем і жывем – нармальна. Але людзі паміраюць, маладыя. Я не кажу ўжо пра старых, якія пражылі свой век. А маладыя людзі паміраюць».

Цяпер у вёсцы ўзровень радыяцыі каля 10 кюры, гэта зона з правам наступнага (гэта значыць – не першачарговага) адсяленьня, таму тут не было ні масавай эвакуацыі, ні рэабілітацыі.

(Спадарыня: ) «Радыяцыя на ўсё ўплывае. Напрыклад, у мяне вялікая шчытападобная залоза. Яно ж адбіваецца. Дзеці хворыя».

(Іншая спадарыня: ) «Шчытападобныя залозы бываюць павялічаныя ў дзяцей, і гемаглябін нізкі. Зьбіраемся зьяжджаць адсюль».

(Спадарыня: ) «У мяне рана памёр муж, у 56 гадоў. Ён працаваў брыгадзірам, знаходзіўся на палях, дзе была радыяцыя, і ўсё гэта адбілася на яго здароўі».

(Іншая спадарыня: ) «Пастаіш дзень, папрацуеш, і падаецца, што млявасьць у нагах, галава баліць. Асабліва мужык часта скардзіцца, што галава баліць. Мне падаецца, што ўсё гэта радыяцыі наступствы».

Людзі скардзяцца, што ўлады іх пакінулі сам на сам з наступствамі аварыі, і дзяржава ня хоча займацца чарнобыльскімі праблемамі, а толькі абвяшчае пра памяншэньне ўзроўню радыяцыі.

(Спадарыня: ) «Цяпер у нас стала нібыта ўсё чыста і добра. Нягледзячы на тое, што мы перажылі вялікае гора, чарнобыльскі боль, на нас «ноль» увагі».

* * *

Працаздольныя жыхары Вусьця працуюць у сельскім вытворчым каапэратыве “Рэчыца”. Так цяпер называецца гаспадарка, якая рэфармавалася шмат разоў: спачатку калгас “Другая пяцігодка”, потым імя Ільліча, цяпер “Рэчыцу” аб’ядналі з райсельгасхіміяй у надзеі на падтрыманьне жыцьцяздольнасьці сельскага каапэратыву. Якая будучыня чакае гаспадарку?

(Спадар: ) «Нічога ня будзе. Вось палі на Вусьці. Не хапае сродкаў, каб іх узараць і пасеяць. Пазарасталі. Нават частку пад лес аддалі з тых палёў, якія раней сеялі. Дый лес сам расьце на палях. Яго сеяць ня трэба, сам вырасьце. Паглядзім, што будзе далей. Падымуць яны гэтую гаспадарку альбо не падымуць».

Колькасьць жыхароў у вёсцы Вусьце істотна скарацілася за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў – з 300 двароў засталася сотня. Моладзь ня хоча тут жыць.

(Спадар: ) «Працы няма? – Няма. Старыя, якія дажываюць, пэнсіянэры, яны ўжо сваё месца ня кінуць. А моладзь… Працы няма – усё!»

Андрэй – адзін зь нямногіх маладых людзей, якія жывуць у вёсцы. Маладому чалавеку 20 гадоў, і яго мэта, якую падтрымлівае і маці -- зьехаць з Вусьця куды-небудзь у горад.

(Андрэй: ) «А што тут рабіць? Ні працы, анічога. Куды ісьці? У калгас? За 50 тысяч працаваць? Ну, каму ахвота тут заставацца?»

(Маці: ) «Маладыя ведаеце як жывуць? У калгасе пшана якога дадуць, альбо хлеб прывязуць. Дрэнна, грошай не атрымліваюць. Раней мы атрымлівалі хоць 200 рублёў на даярках альбо сьвінарках, і заробак давалі штомесяц. А цяпер жа нешта няма».

Тым ня менш ёсьць маладыя вяскоўцы, якія працуюць і імкнуцца выкараскацца. У спадарыні Алы трое дзяцей. Муж працуе ў калгасе ды яшчэ плацяць дапамогу на дзяцей. Фінансавыя магчымасьці гэтай сям’і даволі сьціплыя. Але спадарыня Ала лічыць, што яна можа пры любых абставінах пракарміць сваіх дзяцей.

(Ала: ) «Уласная гаспадарка: кароў, сьвіней трымаем, курэй. Усё сваё. Малако сваё, яйкі свае, бульба свая. А што яшчэ трэба?»

* * *

Жыхары Вусьця лічаць, што іх вёску трэба неяк упарадкаваць. Бо цяпер тут шмат пустых хатаў, і вуліцы выглядаюць неахайна. Адныя жыхары зьехалі ад радыяцыі, іншыя папаміралі. Вось і глядзяць хаты пустымі вачніцамі.

(Спадарыня: ) «Я ўчора ўвечары хадзіла, дык страшна было ісьці. Адныя пустыя хаты. Разгром, разбомблена… Адныя чорныя вокны тырчаць. Страшна проста глядзець».

Вялікі клюб, калісьці гордасьць вёскі, цяпер закінуты, зарастае дрэвамі, і каменныя рабочы і калгасьніца стаяць каля паўразбуранага будынка прывідамі мінулых часоў.

(Спадар: ) «Гэта быў дом культуры ў нас. Паразбурылі батарэі і забралі, паразбурылі падлогі, а так добры быў дом культуры».

Спадарыня Валянціна, якая кіравала гэтым клюбам, распавяла, што ён быў калісьці найлепшым у раёне. Потым пасаду загадчыцы скарацілі, а клюбу цяпер, лічы, няма.

(Валянціна: ) «Даходзім да клюбу – гэта наш боль. Шкада і крыўдна. Чаму гэты клюб, ачаг культуры не маглі захаваць? У нас няма мэдпункту, які зачынілі, няма быткамбінату, няма паштовага аддзяленьня».

Прыкладна такая самая гісторыя, як з клюбам, здарылася зь вясковым ФАПам.

(Спадар: ) «Карацей кажучы, начальства вінаватае, мясцовыя ўлады, больш ніхто. Хаця б гэта мэдычка прыходзіла два разы на тыдзень – ціск памерала, лекі прывезла. А так чалавеку трэба ехаць у Чэрыкаў набываць лекі альбо ісьці ў Чэрыкаў. Гэта добра, што я яшчэ хаджу, а ёсьць такія пэнсіянэры, што пакуль ён туды дойдзе, то і Богу душу аддасьць».

* * *

Вяскоўцам падаецца, што ў іхных бедах вінаватае мясцовае начальства, якое не заўсёды выконвае распараджэньні прэзыдэнта.

(Спадар: ) «Як ён выступае, усё гаворыць – нармальны мужык. Ён патрабуе і патрабуе. Нехта імкнецца, нехта выконвае, нехта не выконвае».

Але ёсьць і сумневы: ці будзе Аляксандар Лукашэнка выконваць свае абяцаньні?

(Спадарыня: ) «Прэзыдэнт напісаў, што трэба сяло падняць. Але мы ня бачым гэтага ўзьняцьця».

Звычайна вясковыя пэнсіянэры прэтэнзіяў да кіраўніцтва краіны ня маюць.

(Спадарыня: ) «Нармальна, ну як мы да Лукашэнкі ставімся? Пэнсію даюць дзень у дзень. Ну і ўсё. Што нам болей трэба? Пакуль ня трэба крыўдзіцца».

Аднак разам з тым старыя ўжо наракаюць, што ім не хапае пэнсіі, як і іх дзецям не хапае заробкаў.

(Спадарыня: ) «Кошты вельмі высокія, і пэнсіі недастаткова, каб пражыць. Мы так: жывем, існуем, набываем… Але мы ня ў сілах набыць, што мы хочам -- як нашыя дзеці, так і мы».

* * *

Вяскоўцы ў краме разважаюць, які ў іх узровень дабрабыту.

(Спадар: ) «Кожны чалавек жыве па-свойму: нехта больш бедна, нехта больш заможна. Я -- не крыўдую».

(Спадарыня: ) «Як пэнсіянэр – той атрымае, а якія рабочыя – які там заробак? Дадуць на 5 месяцаў аднойчы, і што тады? Зарабі – і пражыві на гэтым заробку. Можа каму і хлеба няма на што купіць”.

(Спадар: ) «Ня бедныя і не багатыя, а сярэднія людзі тут жывуць. У нас цяпер: прыходзь у краму, бяры на сьпіс што хочаш з харчоў, а потым атрымаеш грошы – аддасі. Купляюць усё: і малако, і каўбасу прывозяць. Можна ўсё набыць».

Крама – цэнтар вёскі. Людзі прыходзяць сюды ня толькі купіць нешта, але і пагутарыць. На дошцы аб’яваў вісіць запрашэньне замаўляць, калі каму трэба набыць, бытавую тэхніку і мэблю. Але вяскоўцы вялікіх замоў ня робяць, усё толькі харчы, а таксама патрэбныя ў гаспадарцы электрычныя лямпачкі, пральныя парашкі, мыла і посуд. Так кажа ветлівая прадавачка, якую завуць Сьвятлана.

(Сьвятлана: ) «Ім акрамя пакупак патрэбныя і дровы, і лекі, і за сьвятло заплаціць, і за газ. Ну і застаецца мне трохі выручкі».

Спадарыня Сьвятлана замужам, у яе двое дзяцей. Звычайная сялянская сям’я, якая таксама карыстаецца крэдытам у краме.

(Сьвятлана: ) «Мой муж працуе ў калгасе і заробак ня вельмі добры. Маленькі заробак. І нібыта ён ня п’е, і стараецца, і вось безвыходнае становішча. Куды б яму так уладкавацца, каб нармальна нам жыць?»

Але з’яжджаць зь вёскі сям’я не зьбіраецца. Спадарыня Сьвятлана ўпэўненая, што надыйдуць лепшыя часіны, і мае сваё меркаваньне, як іх наблізіць.

(Сьвятлана: ) «Перш за ўсе патрэбныя жытло і праца. Каб быў заробак, каб нармальна людзі жылі, каб ім хапала плаціць за жытло. І адукацыю трэба даць дзецям, і сабе купіць нешта апрануцца. Калі ўсё гэта будзе, мяркую – будуць людзі».

* * *

Спадарыня Сьвятлана жыве ў вёсцы Вусьце зь дзяцінства. Ёй даспадобы сельскае жыцьцё, няхай і даводзіцца шмат працаваць на ўласнай гаспадарцы.

(Сьвятлана: ) «Працую тут, потым прыходжу дадому. Дома таксама трэба справіцца, праць, гатаваць, тое-сёе. Потым я імкнуся нармальна адпачываць, каб назаўтра падняцца з новымі сіламі».

Сьвятлана асабліва не клапоціцца пра тое, як выглядае. Цырульнік раз на месяц прыяжджае ў краму, каб пастрыгчы ўсіх, хто жадае. Спадарыня Сьвятлана касмэтыкай не карыстаецца – кажа, што ня мае ў гэтым патрэбы. Крэм для твару – гэта яе мінімум, але і ад яго яна можа лёгка адмовіцца, калі не хапае сродкаў і часу заняцца сабой.

(Сьвятлана: ) «Такое вось жыцьцё проста нэрвовае. Напружаньне ва ўсім. Глядзіш – то таго няма, то там не хапае…»

Аднак разам з тым вяскоўцы кажуць, што ўсё ж у іх жыцьцё больш спакойнае, чым у горадзе, і гэта вялікая перавага. Няхай у вёсцы шмат праблемаў (ды дзе іх няма!), аднак мае суразмоўцы любяць сваё Вусьце.

(Спадарыня: ) «Што добрага ў вёсцы? Паветра добрае. Добрае? – Добрае. Камароў, праўда, сёлета зашмат. Заелі нас. Мы іх ганяем. Добрае ўсё: у лес схадзіць, на рэчку».

(Іншая спадарыня: ) «Як прыемна раніцай выходзіць на двор і глядзець, асабліва калі ўсё пасаджана. Як птушкі сьпяваюць, ой! Прырода ёсьць прырода, вельмі прыгожая прырода. Выйдзеш і думаеш: «Як людзі ў горадзе жывуць?»

(Спадарыня: ) «Надзея заўсёды ёсьць на лепшае. Я, напрыклад, жыву і спадзяюся, каб добра было. І дзецям сваім жадаю ўсяго добрага».
XS
SM
MD
LG