Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі аддаюць перавагу тэатру


Юлія Шарова, Менск Жыхары беларускай сталіцы ўсё часьцей абіраюць месцам для культурнага адпачынку тэатры – пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньня, праведзенага нядаўна Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Што стаіць за гэтымі перавагамі: сапраўдная любоў менчукоў да тэатральнага мастацтва або немагчымасьць адпачыць неяк іначай?

Пытаньне, якое сацыёлягі задавалі менчукам, гучала так: якой форме культурнай дзейнасьці вы аддаяце перавагу? 43 адсоткі ўдзельнікаў апытаньня аддалі перавагу менавіта тэатрам. Далей ідуць аматары кінатэатраў – амаль 34 адсоткі, наведнікі эстрадных і рок-канцэртаў – 33 адсоткі. Астатнія працэнты разьмеркаваліся паміж аматарамі дыскатэкаў, мастацкіх выставаў, цырку, музэяў і бібліятэкаў.

Калі параўнаць кошты на квіткі ў тэатры з коштамі на квіткі ў кіно, то будзе бачна, што для менчукоў паход на опэрны ці драматычны спэктакль будзе каштаваць крыху даражэй за наведаньне вечаровага сэансу ў кінатэатры. Напрыклад, у Купалаўскім некаторыя білеты каштуюць 5-8 тысячаў рублёў, прыкладна тыя самыя кошты ў опэрным тэатры. А ў кіно “Кастрычнік” на вечаровы сэанс можна патрапіць за 5 тысячаў. Дзённы будзе яшчэ таньнейшы – 4 тысячы. У параўнаньні зь сярэднімі эўрапейскімі коштамі на спэктаклі й кінасэансы гэта мізэрныя грошы.

А вось квіткі на рок-канцэрты ў клюбах кшталту “Рэактара” будуць каштаваць 10-12 тысячаў рублёў – кошты на ўзроўні варшаўскіх клюбаў. Паход на канцэрт эстраднай зоркі, асабліва небеларускай, можа абыйсьціся ў колькі разоў даражэй. Праўда, такія канцэрты адбываюцца ў Менску ня гэтак часта – таньней схадзіць у тэатар.

Актор Купалаўскага Віктар Манаеў усьцешаны з таго, што беларуская публіка аддае перавагу менавіта тэатрам.

(Манаеў:) “Няхай ходзяць у тэатар лепей, чым у бары і дыскатэкі ўсялякія заходняга кшталту. Няхай ходзяць у нашыя тэатры, яны танныя. А маскоўскія тэатры, што да нас прыяжджаюць, дарагія. Таму цудоўна, няхай ходзяць, культурная ў нас публіка”.

Цяперашнюю сытуацыю з коштамі на квіткі ў тэатар спадар Манаеў лічыць нармальнай, бо, паводле ягоных словаў, ня кожны чалавек можа сабе дазволіць 8 тысячаў рублёў за далучэньне да высокага мастацтва.

Акторка Рускага тэатру імя Горкага, народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч кажа, што тут праблема палягае ў наступным: у Беларусі засталіся адны толькі дзяржаўныя тэатры, тыя, што датуюцца зь бюджэту. А такія ня могуць падвышаць кошты на квіткі. Прыватныя антрэпрызы практычна зьніклі, хоць, на думку спадарыні Клебановіч, яны давалі магчымасьць артыстам добра працаваць і былі запатрабаваныя публікай.

(Клебановіч:) “Калі іх заціснулі коштамі на арэнду й на ўсё, дык яны неяк скурчыліся й зьніклі. Я пачынала ці ня ў першай антрэпрызе ў Абрамава, мы рабілі “Пяць вечароў” Валодзіна. А потым “Нікала-тэатар” у Пінігіна. І цудоўна прымаў глядач, і там зусім іншы быў кошт квіткоў, мне падаецца”.

Што да вялікай цікаўнасьці публікі да тэатраў наагул, то Вольга Клебановіч пагаджаецца: людзі часта ідуць на спэктаклі яшчэ й з той прычыны, што больш няма куды падацца.
XS
SM
MD
LG