Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня спаўняецца 25 гадоў з дня сьмерці Ўладзімера Высоцкага


Зьміцер Бартосік, Менск Высоцкі, магчыма, быў самым папулярным чалавекам у брэжнеўскім Савецкім Саюзе. Ёні меў шматмільённую аўдыторыю ва ўсіх канцах камуністычнай імпэрыі. Ён зьбіраў поўныя залі і ў Менску, і ў Вільні, і ў Варшаве, і ў Парыжы. Творца, які сваімі песьнямі дадаваў немалога клопату савецкім ідэолягам і радасьці быць вальнейшымі сваім шматлікім слухачам.

Цікава, а ці слухаюць ягоныя песьні тыя беларусы, што нарадзіліся ўжо пасьля ягонага зыходу? Вось некаторыя адказы з галоўнага менскага праспэкта.

– Скажыце, калі ласка, Вы слухаеце песьні Ўладзіміра Высоцкага ці ня слухаеце?

– Апошнім часам я іх слухаю толькі ў выкананьні сваіх сяброў пад гітару. У мяне папросту няма запісаў Высоцкага на мр3 дысках ці на касэтах. У мяне толькі на вініле, на жаль. Няма на чым слухаць. Але я Высоцкага шаную і з асалодаю слухаю ягоныя песьні.

– У ягоных песьнях ёсьць бунт, які супрацьстаіць нейкім мярзоцьцям нашага жыцьця. Які ў чалавеку выклікае актыўныя эмоцыі і нешта рабіць, зьмяняць.

– Не, не састарэў. У мяне тата яго любіць. У нас зь дзяцінства яны гучаць. Падабаецца. Голас у яго такі, цікавы. Мне ваенныя падабаюцца. Дзе друг не вярнуўся з вайны, у такім духу.

– Зараз гэта не актуальна. Ягоныя тэксты не карыстаюцца такім… не злабадзённыя яны.

– Гэта быў сьцёб над Савецкім Саюзам.

Для старэйшага пакаленьня Высоцкі гэта ня проста сьпявак ці артыст. Гэта ў нечым грамадская зьява, якую немагчыма было не заўважыць. Гаворыць Адам Глёбус.

(Глёбус:)”Ня слухаць Высоцкага ў наш час проста было немагчыма. Таму, што гэта ішло такім фонам увесь час. Ён быў паўсюль. “На братских магилах не ставят крестов” не падабалася мне, скажу шчыра. Мне падабаліся вадэвільчыкі ягоныя. І наогул, што тычылася яго кінавобразаў. У “Служылі два таварышы” ён сыграў белага афіцэра. І гэта быў станоўчы вобраз, вельмі важна. Белы афіцэр у выкананьні Высоцкага і драматычны, і станоўчы. І выклікае спачуваньне”.

Магільшчык “Імпэрыі зла” Станіслаў Шушкевіч, вядома, ня мог не любіць песьні Высоцкага.

(Шушкевіч: ) “Я быў заўсёды прыхільнікам творчасьці Ўладзіміра Высоцкага і нават прыбіў у сябе ягоны партрэт з гітарай, у сваім пакоі. Я любіў раньняга Высоцкага больш, чым позьняга. Позьняга я менш ведаў”.

А вось Аляксандар Дабравольскі працягвае слухаць Высоцкага і сёньня.

(Дабравольскі: ) “Зараз песьня, якая больш за ўсё падабаецца – гэта “Дорогая передача во субботу чуть не плача вся Канатчикова дача к телевизору рвалась”. Гэта мне нагадвае нашы падзеі тут. У Беларусі.

Асабіста мне здаецца, што адсутнасьць таго былога, шалёнага ажыятажу вакол ягонага імя – сёньня толькі плюс. І за гэтыя 25 гадоў ягоная творчасьць зусім не паблякла і не састарэла. Наадварот, некаторыя рэчы толькі набываюць моцы і вастрыні. Асабліва ў нашай краіне. Дастаткова паслухаць “Баляду пра барацьбу”, песьні са спэктаклю “Аліса ў краіне цудаў” ці “Райскія яблыкі”.
XS
SM
MD
LG