Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе Беларуская нацыянальна-вызвольная армія?


Іна Студзінская, Менск Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі падлічыла выдаткі, якое панесла ведамства з-за масавых фальшывых паведамленьняў аб замініраваньні 10 буйных аб''ектаў у Менску. Адпаведныя органы распачалі крымінальную справу і шукаюць злачынцаў.

Сьледчы камітэт Міністэрства ўнутраных справаў і КГБ працягваюць расьследваньне, але вынікаў пакуль няма. Нагадаю, 15 ліпеня па электроннай пошце было распаўсюджана паведамленьне нейкай Беларускай нацыянальна-вызвольнай арміі аб замінаваньні будынкаў адміністрацыяў Маскоўскага, Фрунзэнскага, Ленінскага і Партызанскага раёнаў сталіцы, філіялу "Прыёрбанку", дыстанцыяў чыгункі. На ўсе аб''екты тэрмінова выехалі брыгады Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Выбуховых прыстасаваньняў не знайшлі, распачатая крымінальная справа.

На якой стадыі расьсьледаваньне, ці існуе ў прыродзе Беларуская нацыянальна-вызваленчая армія, я спрабавала даведацца ў прэсавага сакратара Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Надтачаева.

(Надтачаеў: ) "Я пакіну гэта без камэнтара. Работу мы вядзем па вызначэньні чальцоў гэтай арганізацыі альбо адной асобы, ад імя якой гэта ідзе. Мы можам сказаць, што КГБ займаецца гэтым, але ў інтарэсах сьледзтва мы ніякіх падрабязнасьцяў не паведамляем".

(Карэспандэнтка: ) "Зараз такія рэчы робяцца электронна. І натуральна, можна з любога кампутару, зь іншага сэрвэру зрабіць. Ці магчыма "вылічыць" чалавека, які гэта адправіў?"

(Надтачаеў: ) "Праблема ў тым, што сетка Інтэрнет дазваляе з Маршалавых выспаў пужаць скандынаваў альбо наадварот, са Скандынавіі - Палінэзію. Безумоўна, гэта ўяўляе пэўную складанасьць".

Часьцей за ўсё так няўдала жартуюць дзеці - тэлефануюць, што замініравана школа. Калі гэта з хатняга тэлефона -вызначаюць "жартаўніка" адразу. Сьвежы прыклад: літаральна ў пятніцу затрымалі тэлефоннага тэрарыста, які паведаміў з хатняга тэлефона пра міну ў цягніку Менск-Брусэль. Праўда, ўзялі яго "штурмам", але гэта быў псыхічна хворы чалавек. Калі паведамляюць пра міну ці бомбу з таксафона - знайсьці цяжэй, але часьцяком "вылічаюць". Маскоўскі райсуд Менску разглядаў справу 16-гадовага Аляксандра Гаяна, які тройчы за тыдзень званіў, што замініраваныя школы нумар 1, 90, 95. Пасадзілі на 3 гады. Наагул, заканадаўства даволі жорсткае: артыкулы 290, 340 Крымінальнага кодэксу прадугледжваюць штраф, арышт, пазбаўленьне волі да 5 гадоў. Калі злачынства ўчынена паўторна ці групай асобаў - да 7 гадоў турмы можна атрымаць.

Ці спадзяецца Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, што электронны тэрарыст будзе знойдзены? Ці падлічыў МНС суму выдаткаў? Тлумачыць супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Алег Голубеў.

(Голубеў: ) "Калі гэта пасылалі вельмі “прасунутыя” хакеры, то сьляды знайсьці практычна немагчыма. Гэта не праз свой сэрвэр робіцца, можна пасьці ў любы кампутарны клюб паслаць".

(Карэспандэнтка: ) "А ў вас ёсьць спадзяваньні, што чалавек гэты будзе знойдзены? "

(Голубеў: ) "Ня ведаю. Міліцыя гэтым займаецца. Страты МНС мы падлічылі - прыкладна 1 мільёну 700 тысяч".

І ўсё ж такі, ці існуе гэта Беларуская нацыянальна-вызвольная армія, ад імя якой прыйшлі электронныя паведамленьні? Чаму пра яе ні раней, ні цяпер ніхто ня чуў? І наагул, каму трэба? Адзін былы супрацоўнік спэцслужбаў сказаў, што на першых курсах школаў КГБ і міліцыі курсантаў вучаць распазнаваць віртуальныя, надуманыя рэчы і рэальныя - ёсьць канкрэтныя прыкметы. Гаворыць былы супрацоўнік спэцслужбаў, які не хацеў, каб яго называлі ў эфіры, таму голас зьменены.

(Голас: ) "Віртуальныя арганізацыі, якія ствараюцца спэцслужбамі - пасьля іх ніколі няма ніякіх наступстваў. Вось гэта галоўная прыкмета. Калі ёсьць наступствы - гэта працуе рэальная арганізацыя. Рэальная арганізацыя - да прыкладу, Ірляндзкая рэспубліканская армія - спачатку папярэджвае, што яна будзе нешта рабіць, а потым робіць, як фактар запалохваньня. Ці, як гэта робіць Бін Ладэн - той спачатку "бамбане", а потым бярэ на сябе адказнасьць. Гэта рэальная арганізацыя. А ўсё астатняе - гэта віртуальныя арганізацыі, якія ствараюцца такім чынам".

На думку былога супрацоўніка спэцслужбаў, трэба проста ведаць прыкметы, і стане адразу зразумела, хто гуляе ў гэтыя гульні. Тым больш, ня першы раз спэцслужбы называюць арганізацыі, пра якія ніхто ніколі ня чуй, як было з нейкім "Братэрствам", цяпер вось з Беларускай нацыяльна-вызвольнай арміяй.
XS
SM
MD
LG