Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ігнараваньне кнігі ўліку тавараў пагражае прадпрымальнікаў буйнымі штрафамі


Міхал Стэльмак, Менск Тыдзень, які пачынаецца сёньня, апошні, калі беларускім дробным прадпрымальнікам дазволена працаваць у старых умовах. Сярод новаўвядзеньняў, што чакаюць іх ад 1 жніўня і да чаго прадпрымальніцкае асяродзьдзе ставіцца вельмі адмоўна, кніга ўліку тавараў.

Кніга ўліку тавараў для бізнэсоўцаў была ўведзена сёлета ў сакавіку ўказам Аляксандра Лукашэнкі, які вызначыў правілы гандлю расейскімі таварамі. З указу вынікае: такую кнігу мусяць мець усе дробныя гандляры. Пасьля таго, як людзі бліжэй пазнаёміліся з новаўвядзеньнем, яно выклікала агульнае абурэньне. Гаворыць лідэр баранавіцкіх прадпрымальнікаў Мікалай Чарнавус:

(Чарнавус: ) “Кніга ўліку тавараў–гэта дурдом. Увесь тавар я мушу перапісаць, потым запісаць паступленьне. Калі ў мяне тысяча найменьняў, то як можна перапісаць іх?! А потым напісаць, што я прадаў. Я цяпер кладуся спаць ў палове другой начы. А калі я буду запаўняць кнігу ўліку тавараў, то калі мне спаць?”

Сакавіцкі ўказ Лукашэнкі прадпісваў бізнэсоўцам весьці кнігу, але не прадугледжваў адказнасьці за ўхіленьне ад працаёмістага занятку. Таму прадпрымальнікі напачатку не надавалі гэтаму дакумэнту вялікай увагі. Рэч у тым, што гандлярам прадпісана мець каля трох дзесяткаў рознага роду уліковых справаздач. Аднак далёка ня ўсе маюць іх і кантралюючыя інстанцыі пакуль ставяцца да гэтага з разуменьнем. Але што тычыцца кнігі ўліку тавараў, то Лукашэнка ў чэрвені выдаў яшчэ адзін указ, дзе была ўведзена жорсткая фінансавая адказнасьць за яе ігнараваньне. Цяпер парушальнікаў чакаюць штрафныя санкцыі ў памеры ад 30 да 50 базавых велічыняў, што ў грашовым эквіваленце роўна пакараньню ад 700 тысяч рублёў да 2 мільёнаў. Напрыканцы мінулага тыдня актывісты прадпрымальніцкага руху сустракаліся з прадстаўнікамі ўраду, дзе выказалі пратэст і неабгрунтаванаму, на іх думку, новаўвядзеньню, і карным мерам. Гаворыць намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Зьмітровіч:

(Зьмітровіч: ) “Чаму такая адказнасьць? Прадпрымальнік жа не з’яўляецца спэцыялістам. Ён не можа правільна класіфікаваць тавар. Але за парушэньне–штрафныя санкцыі. Гэтую кнігу павінны весьці бухгальтэры. Апроч таго, там гэтая кніга – абсурд. Навошта тым, хто плаціць фіксаваную стаўку падатку на даданую вартасьць, весьці ўлік імпартнага тавару?”

Улады прызнаюць, што абурэньне прадпрымальнікаў кнігай уліку тавараў мае масавы характар. Аднак той пратэст не прымаецца пад увагу. Вось як патлумачыў гэта намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур:

(Тур: ) “Калі не кніга ўліку, то тады мытнае афармленьне. Таму што дзяржава, каб быць нармалёваю дзяржавай, павінна ведаць, што адбываецца ў сваёй краіне. І для таго, каб ажыцьцяўляць правільную рэгулюючую палітыку, мы мусім ведаць, якія ў нас сапраўдныя таварныя патокі і на якую суму”.
XS
SM
MD
LG