Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эбэргард Гайкен: "Ня ўсе задачы, пастаўленыя перада мной, выкананыя"


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік менскага офісу АБСЭ, нямецкі дыплямат Эбэргард Гайкен завяршае сваю місію ў Менску. Спадар Гайкен заявіў, што ня ўсе пастаўленыя задачы былі выкананы. Яны тычацца пабудовы дэмакратычных інстытутаў у Беларусі і павагі да закону. За тыдзень да свайго ад’езду амбасадар Гайкен адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.

Эбэргард Гайкен пакідае сваю пасаду з прыватных прычынаў, сярод якіх ён найперш называе свой узрост. А тое, што ён зьяжджае з Беларусі менавіта цяпер зьвязана з ягоным жаданьнем даць дастаткова часу новаму кіраўніку офіса для знаёмства з сытуацыяй у Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году.

Спадар Гайкен мяркуе ў Нямеччыне чытаць лекцыі па беларускай праблематыцы. Ці будзе магчымасьць зноў прыехаць у Менск, ён пакуль ня ведае і найперш марыць пабываць у Італіі.

Хто будзе новым кіраўніком менскага офіса Гайкен пакуль ня ведае, бо не ўцягнуты ў працэс вызначэньня новай кандыдатуры на ўзроні АБСЭ. Дакладна вядома, што імя гэтага чалавека пакуль не названа. Спадар Гайкен адзначае -- паводле мандату асноўным партнэрам зьяўляецца беларускі ўрад, таму новы кіраўнік офіса павінен разьвіць сталыя і абгрунтаваныя адносіны з кіраўніцтвам Беларусі, але ў той жа час ён павінен абараняць прынцыпы і стандарты АБСЭ. Ці цяжка было весьці дыялёг з беларускімі ўладамі?

(Гайкен: ) “Дыялёг магчымы, але яго больш складана тут устанавіць, чым, напрыклад, у іншых краінах, дзе я працаваў. Але дыялёг – гэта аснова АБСЭ і ён ідзе ў Вене і ў гэты дыялёг таксама ўцягнутая Беларусь”.

Спадар Гайкен, як Вы ацэньваеце сваю дзейнасьць у Менску ці выканалі Вы ўсе пастаўленыя задачы? Многія палітыкі крытыкуюць, што праца місіі перастала быць эфэктыўнай, ці ёсьць неабходнасьць у падаўжэньні дзейнасьці місіі ў Беларусі, а таксама ў пераглядзе мандату місіі?

(Гайкен: ) “Ня ўсе задачы, якія былі пастаўленыя перада мной - выкананыя. Яны тычацца пабудовы дэмакратычных існтытутаў, поўнай павагі да вяршэнства закону, але гэта вельмі доўгі працэс. Я магу толькі пацьвердзіць галоўную мэту АБСЭ – многа працаваць цяпер дзеля паляпшэньня сытуацыі ў будучыні, таму гэта нармалёвая сытуацыя, калі ня ўсе пастаўленыя задачы былі выкананы. Што да эфэктыўнасьці працы офіса АБСЭ ў Менску, то гэта тое пытаньне, якое можна абмяркоўваць, але я хачу адзначыць: офіс зрабіў многа карыснай працы цягам гэтых двух з паловай гадоў, але тым ня менш існуе неабходнасьць у працягу гэтай працы. А што да мандату, то тут ўсё ў парадку. Аднак тыя інструмэнты, якія мае АБСЭ і адпаведна офіс АБСЭ, абмежаваныя. Таму як і ў іншых міжнародных арганізацыях важная палітычная воля краінаў - сябраў АБСЭ, уключаючы Беларусь, для выкананьня прынцыпаў і абавязкаў АБСЭ”.

Ці памянялася сытуацыя ў Беларусі параўнальна з тым часам, калі Вы прыехалі ў Менск і ўзначалілі менскі офіс АБСЭ? Ці гатовая на гэты момант Беларусь да свабодных і справядлівых выбараў?

(Гайкен: ) “Калі параўнаць сытуацыю з той, якая была два з паловай гады таму, то сытуацыя зьмянілася да лепшага: адносіны паміж Беларусьсю і АБСЭ сёньня лепшыя. Пазыцыя і становішча менскага офіса стала больш стабільным, у нас ёсьць дзелавыя стасункі і гэта ўсё пазытыўнае разьвіцьцё. Але што тычыцца павагі да канстытуцыйных правоў, напрыклад, свабоды мэдыяў, свабоды думкі, свабоды аб’яднаньняў, то я назіраю пагаршэньне сытуацыі. Што да выбараў, то я цудоўна памятаю мінулагоднія парлямэнцкія выбары і ацэнкі місіі Бюро ў дэмакратычных інстытутах, якое назірала за выбарамі вельмі аб’ектыўна і прафэсійна. Гэтая місія адзначыла вельмі вялікія недахопы ў справе дэмакратычных выбараў, таму я не ўпэўнены, што сёньня сытуацыя памянялася і Беларусь ужо гатова да правядзеньня дэмакратычных выбараў. Але паколькі Беларусь узяла на сябе абавязаньні АБСЭ, то за наступнымі выбарамі зноў павінна назіраць згаданае Бюро і гэта высьветліцца пад час наступных выбараў”.

Эбэргард Гайкен пакідае Беларусь, у якой застаюцца палітычныя вязьні. Як ён ставіцца да гэтага і ці можна неяк дапамагчы гэтым людзям?

(Гайкен: ) “Сапраўды, я наведаў некалькіх з тых асобаў, якія знаходзяцца за кратамі. Гэтыя візыты заўсёды краналі мяне, бо я стаўлюся да гэтых людзей з павагай. Пачуцьцё, калі я наведваў іх, было такое, што мае візыты ім дапамагалі і былі маральнай падтрымкай. Калі я буду пакідаць Беларусь, канешне, я буду пра гэта памятаць. Я хачу выказаць надзею, што сытуацыя памяняецца і я даволі ўпэўнены ў тым, што яна памяняецца.”

Разьвітальную прэсавую канфэрэнцыю амбасадар Эбэргард Гайкен мяркуе правесьці 26 ліпеня ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG