Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле папярэдняй інфармацыі, беларусы ў Эгіпце не пацярпелі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У выніку тэрактаў у Эгіпце, што адбыліся мінулае начы, загінулі больш за 80 чалавек, сотні параненыя. Тры бомбы ўзарваліся амаль адначасова ў папулярным курорце Шарм-аш-Шэйх. Сярод загінулых – замежныя турысты. Паводле папярэдняй інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, сярод пацярпелых беларускіх грамадзян няма.

Губэрнатар правінцыі Паўднёвы Сінай Мустафа Афіфі паведаміў, што тэрарысты ўзарвалі два замінаваныя аўтамабілі і, праўдападобна, бомбу, схаваную ў торбе.

Першы выбух адбыўся каля першай гадзіны ўначы паводле мясцовага часу на старым базары ў Шарм-аш-Шэйху. Выбух зьнішчыў, сярод іншага, кавярню, дзе звычайна адпачываюць эгіпцяне, якія працуюць ў курортнай зоне. Сярод ахвяраў, якія знаходзіліся на базары, 17 чалавек абгарэлі так, што іх немагчыма пазнаць.

Адразу пасьля гэтага дзьве бомбы выбухнулі над затокай Наам, дзе на адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад базару, знаходзяцца найбольш шыкоўныя гатэлі Шарм-аш-Шэйху. Адзін зь іх – “Газала Гардэнз” часткова зьнішчаны – пад заваламі могуць яшчэ заставацца людзі.

Турыстаў ахапіла паніка. Гаворыць сьведка выбухаў.

(Сьведка) “Першая бомба выбухнула вельмі гучна. У гатэлі побач, дзе я жыву – адчыненыя вокны. Потым быў яшчэ адзін выбух, не такі гучны. Усе пачалі панічна ўцякаць са сваіх пакояў на пляж, бо думалі, што ў нашым гатэлі таксама можа быць бомба”.

Выбухі адбыліся ў часе, калі бары і гандлёвыя плошчы былі запоўненыя турыстамі.

Адказнасьць за замахі ўзяла на сябе зьвязаная з аль-Каідай групоўка “Брыгады Абдулы Азама ў Сірыі і Эгіпце”, аднак аўтэнтычнасьць гэтай заявы нельга спраўдзіць.

Летась Эгіпет наведалі больш за 8 мільёнаў турыстаў, даўшы гэтай краіне крыху больш за 6,5 мільярдаў даляраў прыбыткаў.

Між тым лёнданская паліцыя заявіла пра арышт другога з чатырох мужчынаў, падазраваных ў спробе здэтанаваць у чацьвер выбуховыя прыстасаваньні ў транспарце. Падрабязнасьці пакуль невядомыя. Паведамляецца, што яго затрымалі позна ўвечары ў пятніцу, празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як быў арыштаваны першы з падазраваных асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG