Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое подкастынг


Сяргей Шупа, Прага Новая перадача сэрыі “Настрой на Свабоду”, прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў.

Усім нашым слухачам добры дзень. Мая мінулая перадача была прысьвечаная лічбаваму радыёвяшчаньню, якое, магчыма, у найбліжэйшай будучыні зойме вядучае становішча ў радыёсьвеце. Сёньня – яшчэ пра адну навінку радыётэхналёгіяў – гэтак званы подкастынг.

Подкастынг – зьява вельмі маладая. Гэтае слова ўпершыню зьявілася на старонках друку і ў сеціве леташняй восеньню.

Былы ві-джэй ("відэажакей") музычнага каналу mtv Эдам Кэры, шукаючы магчымасьці пашырэньня сваіх радыёперадачаў, прыйшоў да арыгінальнага рашэньня, спалучыўшы тры элемэнты, якія існавалі раней паасобку адзін ад аднаго. Гэта mp3 – папулярны аўдыёфармат, RSS – фармат сартаваньня і сьцягваньня інфармацыі і iPod – прайгравальнік гукавых файлаў фірмы Apple.

У выніку атрымалася вось што. Практычна любы, хто мае магчымасьць запісаць гукавы файл і адрэдагаваць яго з дапамогай праграмы-аўдыёрэдактара, можа стварыць сваю радыёперадачу – музычную, палітычную або якую іншую – і выкласьці яе ў Інтэрнэт. З дапамогай простай праграмы – прататып яе стварыў Эдам Кэры, а шматлікія энтузіясты ўдасканалілі яе далей – можна выбраць сабе тыпы перадачаў, падпісацца на іх, і ваш кампутар сам будзе пэрыядычна сьцягваць іх і аўтаматычна загружаць на ваш пераносны прайгравальнік – mp3-player або iPod. І пасьля ў любы зручны для вас час вы зможаце слухаць радыёперадачы – па дарозе на працу, у машыне, на прагулцы ў лесе і гэтак далей. Натуральна, гэтыя перадачы можна слухаць і проста на кампутары.

***

Тыя з нашых слухачоў, хто рэгулярна карыстаецца Інтэрнэтам, магчыма ведаюць, што такое блог – гэта тэксты, часта запісы дзёньнікавага тыпу або камэнтары на бягучыя падзеі, якія іх аўтары выстаўляюць у Інтэрнэт і якія можна чытаць на выбар, стварыўшы сваю стужку, у якую ўключаныя аўтары, тэксты якіх вас цікавяць. Дык вось, подкастынг – гэта такі аўдыёблог або радыёблог – тут вы не чытаеце тэксты і глядзіце карцінкі, а слухаеце радыёперадачы. З аднаго боку, вы можаце стаць радыёвядучым і знайсьці сваю аўдыторыю слухачоў безь ніякіх перадатчыкаў, ліцэнзіяў, частотаў, а з другога – вы можаце слухаць тое, што вас цікавіць, безь ніякіх прыймачоў, антэнаў і атмасфэрных перашкодаў.

Само слова “подкастынг” створана з двух словаў – iPod (пераносны прайгравальнік аўдыёфайлаў кампаніі Apple) і broadcasting – вяшчаньне.

Подкастынг – гэта ня проста блог у аўдыёвэрсіі. Блог апошнімі гадамі ўсё больш пачынае прэтэндаваць на тое, каб стацца новым відам журналізму. Вельмі часта блогеры знаходзяцца ў гарачых кропках, у эпіцэнтры падзеяў, і інтэрнэтная супольнасьць часам атрымвае інфармацыю пра гэтыя падзеі менавіта празь іх, а ня толькі і ня гэтулькі праз традыцыйныя мас-мэдыі. Блог-журналізм мае свае асаблівасьці – ён нецэнзураваны, нерэдагаваны, часта вельмі суб’ектыўны, палітычна афарбаваны. Гэта – народны, хатні журналізм. Тое самае можна сказаць і пра подкастынг. Гэта – новае радыё, народнае, самаробнае, хатняе радыё, што, вядома, не выключае магчымасьці ўзьнікненьня якасных, прафэсійных праграмаў, якія адпавядаюць усім патрабаваньням журналізму.

***

Подкастынг першапачаткова стаў пашырацца ў Амэрыцы, але цяпер разышоўся па розных краінах сьвету. Подкаст-тэрміналы – інтэрнэт-сайты, дзе можна выбраць перадачы на свой густ – існуюць у шэрагу эўрапейскіх краінаў, а таксама ў Расеі (праўда, дзяржаўныя межы маюць тут чыста ўмоўнае значэньне). У Літве, прыкладам, ужо ідзе дыскусія – як перакласьці слова “подкастынг” на літоўскую мову. Выглядае, што беларускіх подкастэраў пакуль што няма – прынамсі мне іх знайсьці не ўдалося, а на расейскім подкаст-тэрмінале выявіць магчымых аўтараў зь Беларусі даволі цяжка. Калі я памыляюся – дык прашу беларускіх подкастэраў – адгукнецеся, калі ласка.

Ясна, што ў Беларусі істотным бар’ерам для разьвіцьця подкастынгу застаюцца тэхнічныя абмежаваньні – малыя хуткасьці інтэрнэтнай сувязі. Дый далёка ня кожны жыхар Беларусі мае mp3-player або iPod, хоць, што праўда, свае mp3-плэеры плянуе выпускаць менскі завод “Гарызонт”. Дый магчымасьці інтэрнэтнай сувязі з часам будуць толькі пашырацца, таму можна спадзявацца, што неўзабаве подкастынг перастане быць у Беларусі нейкай замежнай экзотыкай.

І яшчэ адна заўвага. Подкастынг – гэта ня толькі пляцоўка для аматараў. Апошнім часам гэтай тэхналёгіяй зацікавіліся і буйныя радыёвяшчальныя карпарацыі, напрыклад Бі-Бі-Сі або Дацкае дзяржаўнае радыё. Урэшце, пра пэрспэктывы подкастынгу гавораць і на нашым радыё. Новы сродак дастаўкі радыёзьместу мог бы вельмі прыдацца ў рэдакцыях, якія вяшчаюць на краіны, дзе няма ўнутранай рэтрансьляцыі. Спадзяюся, што калі Радыё Свабода пачне выпрабоўваць гэтую навінку, беларуская рэдакцыя будзе адной зь першых.

Адрасы некаторых подкаст-тэрміналаў:

http://www.podcastalley.com http://www.podcast.net http://www.podcasting.pl http://www.russianpodcasting.ru/

***

І зноў я зьвяртаюся да ўсіх нашых слухачоў у розных кутках Беларусі – раскажэце нам пра тое, як нас чуваць на радыёхвалях – кароткіх і сярэдніх. І яшчэ адна просьба да ўсіх слухачоў – паведамце нам, калі ласка, ці прымаюцца ў вашай мясцовасьці ў дыяпазоне FM або на ультракароткіх хвалях (я маю на ўвазе два дыяпазоны – гэтак званы савецкі (УКХ) і заходні (FM) – дык вось, ці прымаюцца ў вас у гэтых дыяпазонах радыёстанцыі суседніх дзяржаваў – Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі.

Для тых, каго цікавіць тэма радыёпрыёму і радыё наагул, я маю маленькую абвестку. У верасьні мы плянуем правесьці конкурс сярод нашых слухачоў, пераможцы якога атрымаюць у якасьці прызоў усехвалевыя радыёпрыймачы фірмаў Sony або Grundig. Пра ўмовы конкурсу будзе абвешчана ў адной зь перадачаў “Настрой на Свабоду”.

Завяршаючы перадачу, я зноў прашу – напішыце, калі ласка, на якім прыймачы вы слухаеце нашыя праграмы (пры магчымасьці, калі ласка, назавеце дакладна марку прыймача, напрыклад, “Акіян-209” або “ВЭФ-202”), а таксама ці мае ваш прыймач дыяпазон кароткіх хваляў 19 мэтраў. Апрача гэтага запрашаю ўсіх больш тэхнічна дасьведчаных слухачоў дзяліцца сваімі парадамі і рэкамэндацыямі, якія б дапамаглі палепшыць прыём нашых праграмаў. Наш адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрас электроннай пошты Belarus@rferl.org.

Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.
XS
SM
MD
LG