Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Славянскі базар" – пераможцы зьдзіўлены вялікім падаткам на грашовыя прэміі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пераможцы міжнароднага конкурсу на “Славянскім базары” засталіся зьдзіўленыя беларускай падатковай сыстэмай. З кожнай атрыманай імі грашовай прэміі давялося заплаціць па 30% падатку. У дырэкцыя фэстывалю кажуць, што гэта звычайная практыка, абумоўленая беларускім заканадаўствам. Тым ня менш замежныя выступоўцы дужа зьдзівіліся, атрымаўшы грашовыя сумы, істотна меншыя ў параўнаньні з абвешчаным памерам прэміяў.

Ва Ўкраіне, адкуль прыехала сьпявачка Натальля Валеўская, памер падатку з творчае прэміі складае ўсяго 13%. Але ў Віцебску, падзяліўшы трэцюю прэмію з прадстаўніцай Баўгарыі Эміліяй Валенці, яна атрымала ўжо ня тысячу даляраў, а адразу на 30% адсоткаў меней – усяго 700 даляраў.

Ізраільскі сьпевак Шай, які падзяліў другую прэмію з прадстаўніцай Беларусі Гюнэш Аббасавай, атрымаў замест дзьвюх тысяч даляраў толькі 1.400, і ягоныя прадстаўнікі доўга высьвятлялі, чаму так здарылася, у дырэкцыі фэстывалю.

Ляўрэат першай прэміі, македонец Мар''ян Стаяноскі, атрымаўшы замест шасьці тысяч даляраў усяго чатыры зь лішкам, таксама зазначыў, што не чакаў нічога такога.

Не атрымала абвешчанае прэміі памерам 10 тысяч даляраў і ўладальніца Гран-пры, беларуска Паліна Смолава. Затое ёй дасталіся амаль усе ўзнагароды ад спонсараў фэстывалю – гэта экскурсійная паездка ў Санкт-Пецярбург, бочачка піва і амаль непад''ёмны “сувэнірчык” ад фабрыкі кавальскіх вырабаў, Прыз глядацкіх сымпатыяў – партатыўны кампутар, ноўтбук, а таксама нейкі канвэрт, уручаны ёй ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Зьмесьціва канвэрта так і засталося для ўсіх таямніцай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG