Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін на двухдзённых перамовах у Маскве?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Аляксандар Ціхаміраў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Сёлета кіраўнікі Беларусі і Расеі сустракаліся ўжо шэсьць разоў, цяпер трэці раз вялі перамовы сам-насам. Рабочы візыт кіраўніка Беларусі ў Маскву выглядае нечаканым. Найперш зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ён адбыўся на запрашэньне расейскага прэзыдэнта. Па-другое, візыт быў незаплянаваны, ён ня значыўся ў графіку. Па-трэцяе, перамовы цягнуліся ажно два дні. Па-чацьвертае, фактычна няма ніякай інфармацыі па выніках перамоваў.

Хачу нагадаць, што дзьве папярэднія сустрэчы сам-насам, якія адбыліся вясной, праходзілі таксама ў падобным фармаце. Яны цягнуліся доўга, і хоць потым прэзыдэнты выходзілі да журналістаў, але фактычна нічога не сказалі, абмежаваліся агульнымі словамі.

Ствараецца ўражаньне, што адбываецца закулісны жорсткі і працяглы гандаль наконт вельмі важных для абодвух бакоў прынцыповых пытаньняў. І ў Пуціна былі нейкія спадзяваньні на станоўчае рашэньне. Магчыма, у яго зьявіліся нейкія новыя аргумэнты для Лукашэнкі? Чаму такая таемнасьць? Што хочуць схаваць ад грамадзкасьці два кіраўнікі?”

(Кірыл Коктыш: ) “Па-першае, такая атмасфэра таемнасьці ствараецца заўсёды, калі размова ідзе пра справы ўлады. І сёньняшнія перамовы ні ў якім разе не былі выключэньнем. Саюзнае пытаньне знаходзіцца ў глыбокім ступары, хоць адносна яго робіцца шырокая піяр-кампанія. Сустрэча была пазаплянавай. І, хутчэй за ўсё, абмяркоўвалася пытаньне аб уладзе, прычым, аб уладзе ў Беларусі. Альбо ўмовы зыходу Лукашэнкі з улады, альбо ўмовы захаваньня Лукашэнкам улады. Здаецца, што хутчэй абмяркоўваўся першы варыянт: пры якіх гарантыях Расеі Лукашэнка гатовы здаць сваю ўладу.

Але ж, зь іншага боку, улічваючы пагаршэньне дачыненьняў Расеі з Эўропай апошнім часам, мог зь меншай верагоднасьцю абмяркоўвацца варыянт аб умовах захаваньня Лукашэнкам улады. Пытаньне актуальнае, асабліва калі ўлічваць, што ў наступным годзе ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары”.

(Аляксандар Ціхаміраў: ) “Можна казаць, што галоўным пытаньнем на перамовах было пытаньне захаваньня Лукашэнкам улады. Але, магчыма, абмяркоўваліся і іншыя важныя пытаньні: аб уласнасьці саюзнай дзяржавы; комплекс праблемаў, зьвязаных з уступленьнем Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю; магчымасьць будаўніцтва новай ніткі газапроваду празь Беларусь”.

(Карбалевіч: ) “Галоўныя праблемы ў дачыненьнях дзьвюх дзяржаваў і двух кіраўнікоў вядомыя. Чаго хоча дамагчыся кожны бок падчас гэтых перамоваў? Спадар Коктыш, вы сказалі, што галоўным пытаньнем на перамовах магло быць пытаньне пра ўладу Лукашэнкі. А ці не магло абмяркоўвацца пытаньне пра захаваньне ўлады Пуціна пасьля 2008 году ў кантэксьце будаўніцтва саюзнай дзяржавы?”

(Коктыш: ) “Пытаньне пра ўладу Пуціна магло абмяркоўвацца, але, усё ж, мала верагодна. 2008 год далёка. І актуальнасьць гэтага пытаньня не такая, каб зыходзіць зь яго пры плянаваньні нейкіх акцыяў. Таму наўрад ці. Хутчэй, усё ж, абмяркоўвалася пытаньне аб уладзе ў Беларусі. Не выключаю такога сцэнару, што Эўразьвяз перадаў Лукашэнку праз Пуціна нейкія ўмовы. Калі сустрэча здараецца зьнянацку, то можна меркаваць, што зьявілася нейкая інфармацыя, якую трэба тэрмінова абмеркаваць. Гэта ня можа быць нейкая прапанова наконт гандлю, альбо праблемаў беларуска-расейскага саюзу. Таму што ў гэтых пытаньнях ня можа зьявіцца нічога новага ў прынцыпе. Значыць, інфармацыя паступіла звонку. А яна магла паступіць альбо ад Эўразьвязу, альбо ад ЗША. І, хутчэй за ўсё, гэта пытаньне аб умовах сыходу Лукашэнкі”.

(Карбалевіч: ) “Хачу заўважыць, што ў нядаўнім інтэрвію расейскаму тэлеканалу ТВЦ Лукашэнка сказаў, што ня сыдзе і будзе бараніць сваю ўладу да апошняга, з зброяй у руках, нават калі застанецца адзін”.

(Ціхаміраў: ) “Для Расеі галоўнае пытаньне — гэта пытаньне захаваньня Беларусі ў сфэры свайго ўплыву. Я ня думаю, што пытаньне 2008 году зьяўляецца такім вострым для Пуціна. У яго ёсьць іншыя магчымасьці захаваць сваю ўладу і без стварэньня саюзнай дзяржавы. Гэтая праблемы была больш актуальнай для Ельцына, у якога сапраўды не было трывалага мэханізму захаваньня свайго статусу.

А вось для Лукашэнкі гэтае пытаньне актуальнае. Магчыма, сапраўды, гэтая сустрэча была рэакцыяй на паводзіны Эўразьвязу. Для Лукашэнкі найбольш актуальным ў перамовах з Расеяй зьяўляецца захаваньне ўлады, захаваньне расейскага рынку для беларускіх тавараў, захаваньне Расеі ў якасьці пастаўшчыка таннай сыравіны, расейская падтрымка ў супрацьстаяньні з Захадам”.

(Карбалевіч: ) “Як вы мяркуеце, ці дамовіліся Лукашэнка і Пуцін падчас двух дзён перамоваў у Маскве?”

(Коктыш: ) “Калі на перамовах дасягнутая дамова, то, звычайна, гэта шырока піярыцца. Цяпер гэта адсутнічае. Рана казаць і пра дамову, і пра недамову. Калі сустрэча плянавая, то звычайна робяцца нейкія прапановы, абмяркоўваюцца, потым рэагуюць на іх. Гэта розныя стадыі аднаго працэсу. Калі ж сустрэча раптоўная, то абодва бакі абмяркоўвалі свае пазыцыі ва ўзьніклым пытаньні разам. І калі дасягаецца паразуменьне, то яго можна піярыць як дамову. Альбо наадварот, аб’явіць, што кансэнсусу дасягнуць не ўдалося. Але тут мы маем першую стадыю працэсу. Таму ніякіх вынікаў у выглядзе рашэньняў ці публічных дэклярацыяў, хутчэй за ўсё, ня будзе”.

(Ціхаміраў: ) “Сапраўды, калі б была нейкая дамоўленасьць, то гэта было б вядома. Працэс ідзе. Падчас здаецца, што гэты працэс самаскіраваны. Гэта ўжо шостая сустрэча ў гэтым годзе. І істотных зрухаў у інтэграцыі няма. Працэс будзе працягвацца. Гэтая сустрэча не апошняя гэтым годам. Заплянаваная сустрэча двух прэзыдэнтаў на восень. Магчыма, Пуцін мацаў глебу — ці моцна трымаецца Лукашэнка ва ўладзе, ці кантралюе ён сытуацыю. Таму на пытаньне пра магчымую дамоўленасьць нельга адказаць адназначна”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, гледзячы па ўсім, гандаль працягваецца. І ў цэнтры перамоваў былі вельмі важныя пытаньні ня толькі для дзьвюх дзяржаваў, але і для асабістага лёсу двух кіраўнікоў. Ня выключана, што восеньню можна чакаць важных рашэньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG