Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня камісіі замежных справаў Сэйму: "Беларускі бок ідзе на абвастрэньне"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Старшыня камісіі замежных справаў Сэйму Польшчы Ежы Яскерня пракамэнтаваў для Радыё Свабода апошнія крокі беларускага боку датычна Польшчы, у тым ліку выдаленьне зь Беларусі польскага дыплямата і закрыцьцё прадстаўніцтва фундацыі “Дыялёг”.

(Яскерня: ) “Мне шкада, што так здарылася, бо я быў прыхільнікам паляпшэньня польска-беларускіх дачыненьняў. Мы – суседзі і маем шмат агульных інтарэсаў. Але беларускі бок ідзе на абвастрэньне. Выдаленьні польскіх дыпляматаў ніяк не спрыяюць паляпшэньню дачыненьняў паміж нашымі краінамі, бо яны будуць правакаваць захады ў адказ і гэта да нічога добрага не прывядзе. Яшчэ раз паўтаруся – мне шкада, бо і ў Радзе Эўропы я заклікаў даць Беларусі, якая, як вядома, знаходзіцца па-за сям’ёй эўрапейскіх дзяржаваў, даць гэтай краіне шанец. Але пры такім палітычным курсе Менску будзе вельмі цяжка пераканаць эўрапейскіх дэпутатаў зьмяніць сваё стаўленьне да Беларусі. Што да закрыцьця прадстаўніцтва польскай фундацыі ў Менску, дык гэта чарговыя элемэнты гэтага курсу. Запалохваньне і рэпрэсіі ў пэрспэктыве нічога не дадуць”. – заявіў старшыня камісіі замежных справаў Сэйму Польшчы Ежы Яскерня.

Сёньня ж на інтэрнэт-старонцы эўрапейскай фундацыі “Дыялёг” зьявілася афіцыйная заява з нагоды інфармацыі, пададзенай у праграме БТ “Панарама”. У заяве гаворыцца, што адзінай мэтай дзейнасьці фундацыі ад самога пачатку была дапамога маладым навукоўцам.

“Абвінавачаньні і інсынуацыі пра выкарыстаньне фундацыі "Дыялёг" для па-за навуковай дзейнасьці для нас непрымальныя і гэта папросту мана... Усе абвінавачаньні, прадстаўленыя ў праграме “Панарама” служаць пэўным сілам у іх палітычнай барацьбе і несумненна ёсьць вынікам цяперашняй міжнароднай сытуацыі”, – гаворыцца ў заяве.

Гл. таксама • Улады зачыняюць прадстаўніцтва эўрапейскага фонду "Дыялёг" (падрабязнасьці).
XS
SM
MD
LG