Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вядзецца праверка скаргі Сьвятланы Завадзкай на дзеяньні амонаўца?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску заяўляюць, што вынікі праверкі скаргі Сьвятланы Завадзкай на дзеяньні АМОНу будуць абвешчаныя на пачатку наступнага тыдня. Між тым пацярпелая жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага сумняваецца ў аб’ектыўнасьці сьледчых, якія вядуць праверку.

Больш за два тыдні мінула са дня, калі Сьвятлана Завадзкая паскардзілася ў пракуратуру на дзеяньні амонаўца, які зьбіў яе 7 ліпеня падчас акцыі напаміну пра Зьмітра Завадзкага. 21 ліпеня ў пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску, дзе вядзецца праверка скаргі, заявілі, што вынікі гэтай праверкі будуць вядомыя на пачатку наступнага тыдня. Між тым, Сьвятлана Завадзкая дагэтуль нават не была выкліканая да сьледчых. Вось што яна заявіла для Радыё Свабода адносна праверкі 22 ліпеня:

(Завадзкая: ) “Я зьдзіўленая: якія могуць быць вынікі праверкі маёй скаргі, калі мяне яшчэ не выклікалі, не дапытвалі, не цікавіліся маім пунктам гледжаньня?! Магчыма, яны вядуць працу з амонаўцамі, але тады іх цікавіць погляд толькі аднаго боку. Але я не зьдзіўляюся таму, як яны працуюць. Што можа ў нас зьмяніцца? Пры гэтай уладзе — нічога”.

Я патэлефанаваў таксама маці зьніклага журналіста Вользе Рыгораўне Завадзкай, якая таксама брала ўдзел у акцыі напаміну пра Зьмітра Завадзкага 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы Менску. Якія падзея яна бачыла і ці выклікалі яе для праверкі ў Цэнтральную пракуратуру гораду?

(Завадзкая: ) “Бачыла, як амонавец яе сапраўды лапаў, Сьвятлана абурылася і пачала на яго крычаць. А потым я бачыла ня сам удар, а тое, што Сьвятлана адвярнулася і пачала плакаць. Гэта што я бачыла, калі мы былі там у ланцугу. Але ніхто не выклікаў”.

Да сваёй скаргі Сьвятлана Завадзкая прыклала мэдычную даведку пра нанесеныя ёй удары. Яна прасіла распачаць крымінальную справу супраць амонаўца, які яе зьбіў. Прозьвішча ягонае Сьвятлана Завадзкая ня ведае. У Цэнтральнай пракуратуры Менску яго таксама не паведамляюць. Пракурор Аляксандар Хадатовіч сказаў мне, што сьледзтву вядомае імя гэтага міліцыянта, але назваць яго пакуль немагчыма. Адносна часу зьяўленьня вынікаў праверкі пракурор Хадатовіч сказаў:

(Хадатовіч: ) “Могуць быць вынікі. Усё сканцэнтравана ў нас, мой выканаўца гэтым займаецца. У панядзелак-аўторак будзем абдумваць рашэньне, а пакуль робім”.

(Карэспандэнт: ) “Але Сьвятлана Завадзкая зьдзіўляецца, якія могуць быць вынікі, калі яе не выклікалі, не дапытвалі?”

(Хадатовіч: ) “Хай яна зьдзіўляецца колькі хоча, але мы яе знайсьці ня можам. Колькі ні тэлефануем — яе няма. Яна да нас не ідзе”.

На гэта Сьвятлана Завадзкая заявіла Радыё Свабода, што яна нікуды зь Менску не зьяжджала, штодня яна правярае паштовую скрыню, чакаючы запрашэньня з пракуратуры, а яе хатні ды мабільны тэлефоны ўвесь час працуюць. Гэта я асабіста магу пацьвердзіць, бо кожны дзень без праблемаў злучаўся зь ёй па тэлефоне.

Сьвятлана Завадзкая былі зьбітая падчас ланцугу неабыякавых людзей, які быў прымеркаваны да 5-й гадавіны зьнікненьня яе мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. У той жа дзень, як жанчына падала скаргу ў пракуратуру, у менскай міліцыі заявілі, што нібыта яна сама справакавала амонаўца, які ўдарыў яе выпадкова, калі “адмахваўся”. Між тым, мільёны гледачоў расейскіх каналаў ОРТ, РТР і НТВ бачылі шмат разоў паўтораную стужку, на якой амонавец зьбівае Сьвятлану Завадзкую.

Завадзкі Зьміцер Аляксандравіч Нарадзіўся 28-га жніўня 1972 году. Адукацыя – незавершаная вышэйшая. Асабісты апэратар Аляксандра Лукашэнкі з 1994 году да 1997 году. Са студзеня 1997 году апэратар на Грамадзкім расейскім тэлебачаньні. Увесну 1997 годзе арыштаваны разам з журналістам Паўлам Шараметам за рэпартаж аб празрыстасьці беларуска-літоўскай мяжы. Быў асуджаны на паўтара году пазбаўленьня волі ўмоўна. Зь лістападу 1999 году да траўня 2000 году працаваў у Чачні, дзе разам з Шараметам здымаў фільм "Чачэнскі дзёньнік" для каналу ОРТ. 7-га ліпеня 2000 году зьнік пры нявысьветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт Менск-2, дзе павінен быў сустрэць журналіста Паўла Шарамета.

За выкраданьне Завадзкага і за іншыя злачынствы да пажыцьцёвага зьняволеньня былі асуджаныя афіцэры спэцпадразьдзяленьня МУС "Алмаз" Валер Ігнатовіч і Максім Малік, на 25 гадоў пазбаўленьня волі былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз і на 12 гадоў зьняволеньня тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Саушкін. Асуджаныя сваёй віны не прызналі. Цела Завадзкага знойдзена не было.

У 2004 годзе Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала ад беларускіх уладаў правесьці незалежнае расьсьледаваньне ў справе Зьмітра Завадзкага і адправіць у адстаўку тагачаснага генэральнага пракурора Віктара Шэймана, тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова, і камандзіра спэцатраду МУС Зьмітра Паўлічэнку.

Патрабаваньне раскрыць праўду аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН у правах чалавека, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву, старшыню адміністрацыі прэзыдэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру СОБРа Зьмітру Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня іх у далучнасьці да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG