Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаград дырэктара берасьцейскага гарэлкавага заводу – у бутэлькі


Сьвятлана Курс, Менск Агляд незалежнай прэсы за 22 ліпеня 2005 г.

"Белорусская деловая газета” друкуе інтэрвію амэрыканскага прафэсара Тэры Бэша, уладальніка чатырох дыплёмаў ў сфэры правоў чалавека, спэцыяліста ў сфэры працоўнага і карпаратыўнага права, якога ўлады выдалілі зь Беларусі. У інтэрвію “БДГ” прафэсар Бэш заявіў: “Цяпер, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, у вашай краіне пачынаецца “вялікая вычыстка” ўсіх замежнікаў. Для мяне гэта відавочная прыкмета параноі ды страху перад замежнікамі, найперш з Захаду”. Бэш нагадвае, што ні ён сам, ні ўнівэрсытэты, дзе ён выкладаў, не атрымалі тлумачэньняў.

А. Лукашэнка даручыў чынавенству праверыць, як выконваецца ягоны леташні ўказ аб выдзяленьні кватэраў усім шматдзетным сем’ям. Выявілася, што за год толькі 1402 сям’і, уключаючы хворых на сухоты, здолелі атрымаць жыльлё. 40% шматдзетных сем’яў сталі чальцамі каапэратываў па будоўлі жыльля, аднак ня ўсе могуць выплачваць крэдыты й субсыдыі, бо, паводле Менскага навукова-дасьледчага інстытута сацыяльна-эканамічных праблемаў, у 78,7% шматдзетных сем’яў Менска прыбытак на аднаго чалавека ніжэй за пражыткавы мінімум.

"Комсамольская правда в Беларуси" паведамляе, што зь 1 лістапада стандартызуюцца ўсе "сонныя паліцыянты" на дарогах, вуліцах і дварох Беларусі. За апошнія гады насельніцтва нарабіла шмат самаробных "сонных паліцыянтаў", каб засьцерагчыся ад імклівай аўтамабілізацыі.

Жураналіст "КП" падлічылі, што з 2000 г. дэкляраваны заробак Аляксандра Лукашэнкі вырас у 4,5 разы, у той час як у паспалітых беларусаў -- у тры разы. Днямі ў інтэрвію расейскай тэлекампаніі ТВЦ Лукашэнка заявіў, што атрымоўвае ад 1000 да 1100 даляраў. Украінскі прэзыдэнт атрымоўвае 500 даляраў, расейскі -- 2 тыс., грузінскі й літоўскі -- 2, 2 тыс., чэскі -- паўтары тысячы, а вось канцлер Нямеччыны -- 22, 6 тыс. эўра. Найбольш плацяць прэзыдэнту ЗША -- 33 тыс. даляраў.

У “Народнай волі” пад рубрыкаю “Хто ёсць хто” Анатоль Гуляеў бярэ інтэрвію ў аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Бухвостава.

Берасьцейскі лікёра-гарэлкавы камбінат “Белалька” абвясьціў пра выпуск новага гатунку гарэлкі – “Вінаградная”. У кожнай пляшцы напою будзе плаваць ліст вінаграду, вырашчаны на лецішчы дырэктара прадпрыемства Васіля Бялко. Усяго берасьцейцы выпускаюць 98 гатункаў гарэлкі й іншых алькагольных напояў. “Белалька” ўзяло шэфства над аналягічным Клімавіцкім камбінатам, каб палепшыць якасьць ягонай прадукцыі. Пра гэта паведамляе “Брестская газета”.

35 грамадзянаў Малайзіі праехалі празь Берасьце на аўто. За 46 дзён прабегу, прысьвечанага Дню незалежнасьці Малайзіі, яны плянуюць адведаць 11 краінаў, праехаць 15 тыс. км. Прабег стартаваў 14 ліеня Ў Лёндане, 30 жніўня малайцы прыедуць у сваю сталіцу административном центре Малайзии Путраджаю, адведаўшы гарады Нідэрляндаў, Нямеччыны, Польшчы, Беларусі, Рсеі, Казахстана, Кітая, М’янмы ды Тайлянду.

Берасьцейская юрыстка Галіна Дрэбезава у ліку 1000 жанчын плянэты намінаваная на Нобэлеўскую прэмію міру – 2005. Мэта намінацыі “1000 жанчын плянэты” – паказаць, што жанчыны могуць зьмяніць сытуацыю на плянэце. Сп. Дрэбезава намінаваная ў якасьці юрыста й антыкрызыснага кіраўніка, паведамляе “Брестская газета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG