Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пойдуць амэрыканскія мільёны?


Іна Студзінская, Менск 21 ліпеня бальшынёй галасоў Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла законапраект аб фінансаваньні замежнаэканамічнай дзейнасьці ЗША цягам бліжэйшых двух гадоў.

Кангрэс ЗША прыняў рашэньне аб дадатковым выдаткаваньні 10 мільёнаў даляраў для пашырэньня свайго тэлевізійнага і радыёвяшчаньня на Беларусь. Яшчэ Палата прадстаўнікоў вырашыла выдаткаваць 24 мільёны даляраў на прасоўваньне дэмакратыі, разьвіцьцё палітычных партыяў, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ.

Як стасуецца падтрымка замежнай краінай дэмакратычных сіл іншай краіны з нормамі міжнароднага права, куды могуць пайсьці гэтыя пакуль яшчэ толькі абяцаныя сродкі?

Ці ня лічыцца падтрымка дэмакратычных сіл, палітычных партыяў, незалежных СМІ ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы краіны? Такое пытаньне я задала міжнароднаму каардынатару “Хартыі-97” Андрэю Саньнікаву.

(Саньнькаў: ) “Рэжым Лукашэнкі ўжо выйшаў за межы міжнароднай этыкі. Ніякія абавязаньні, што краіна брала на сябе ў рамках ААН, АБСЭ, міжнародных актаў аб правах чалавека не выконваюцца. Усталяваўся рэжым, які ня толькі шкодзіць разьвіцьцю краіны, ня толькі выкананьню асноўных свабодаў і правоў чалавека, але яшчэ небясьпечны і ў міжнародным кантэксьце. Таму, я лічу, што дэмакратычныя краіны проста абавязаныя падтрымаць альтэрнатыўныя сілы, перш за ўсё, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, распаўсюдам альтэрнатыўнай інфармацыі. Так існуе дэмакратычны сьвет, таму мы маем права чакаць такой падтрымкі”.

У законапраекце не раскрываецца, па якіх каналах будзе павялічвацца вяшчаньне на Беларусь. Сродкі праходзяць па артыкуле фінансаваньня дзейнасьці Рады упраўляючых замежным вяшчаньнем, што адказвае за працу “Голаса Амэрыкі” і Радыё Свабода.

Для параўнаньня: на вяшчаньне на Кубу цягам бліжэйшых двух гадоў прадугледжаныя сродкі ў памеры 67 мільёнаў даляраў, на глушэньне радыёстанцыі “Свабодная Азія” Віетнаму выдаткоўваецца больш за 9 мільёнаў даляраў.

Што да сродкаў на разьвіцьцё дэмакратыі, працытую дакумэнт: “У кожным фінансавым годзе - 2006 і 2007-м, дазваляецца выдаткаваць па 12 мільёнаў даляраў для спрыяньня разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі, уключаючы свабодны і сумленны выбарчы працэс, на разьвіцьцё палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, разьвіцьцё дэмакратыі, павагу правоў чалавека і вяршынства закону, на незалежныя СМІ і міжнародныя абмены, а таксама навучальныя праграмы для лідэраў дэмакратычных сіл, якія ўмацоўваюць грамадзянскую супольнасьць”.

Ці вялікія гэта грошы, і куды іх лепш разьмеркаваць, я высьвятляла не ў палітыкаў, не ў партыйных лідэраў, а ў палітолягаў. Меркаваньне маладога палітоляга Андрэя Казакевіча.

(Казакевіч: ) “Трэба глядзець, на што канкрэтна выдаткоўваюцца гэтыя грошы. Адна справа, калі гэта проста на вяшчаньне. Іншая, калі выдаецца на трэці сэктар і на нейкія іншыя праекты. І па-другое, дакладна вызначыць, якая сума. У прынцыпе – гэта невялікія грошы, каб яны маглі істотна паўплываць на сытуацыю. Прынамсі, першапачаткова так падаецца. Таму што частка застаецца ў саміх амэрыканцаў на падтрымку розных офісаў, паездак”.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў таксама лічыць, што гэта сродкі зусім не на каляровую рэвалюцыю, а ў першую чаргу, на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, на разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі і на міжнародныя праекты – правядзеньне, да прыкладу незалежнага расьсьледаваньня справаў зьніклых.

(Саньнікаў: ) “Напрыклад, мяне цікавіць пытаньне зьніклых і зьняволеных палітыкаў у Беларусі. Калі з такой дапамогай (а гэта ня толькі фінансавая дапамога, мы перш за ўсё зацікаўленыя ў маральнай падтрымцы і салідарнасьці дэмакратычных краінаў), калі гэта дазволіць вызваліць зьняволеных - Марыніча, Леванеўскага, а зараз адпраўляюць на "хімію" Статкевіча, Севярынца, Клімава, успомнім Бандажэўскага, тады я магу казаць, што гэтыя грошы былі эфэктыўна скарыстаныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG