Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выцясьняць гіпэрмаркеты дробныя крамы?


Юлія Шарова, Менск У наступным годзе ў Менску хочуць адчыніць 11 гіпэрмаркетаў – такія пляны агучваюць прадстаўнікі Менгарвыканкаму. На сёньня ў сталіцы працуе тры гіпэрмаркеты ў розных мікрараёнах. Пакупнікі даволі ўпэўнена асвойваюць гэты новы для Беларусі від гандлю. Ці варта гэтулькі хутка разьвіваць сетку гіпэрмаркетаў у адным горадзе з насельніцтвам у амаль два мільёны чалавек?

Гіпэрмаркеты ў Менску пачалі адчыняцца зь вясны гэтага году. Першым быў BIGZZ у Зялёным Лузе, які запрацаваў у сакавіку, але ён у статыстыку сталічных вялікіх крамаў не ўваходзіць, бо знаходзіцца ўжо за кальцавой аўтадарогай, на тэрыторыі Менскага раёну. Крыху пазьней зьявіліся “Максімус” ў Сухараве, які, хутчэй усё ж, супэрмаркет, ды HIPPO – у Серабранцы.

Я наведала гіпэрмаркет HIPPO й пагутарыла з наведнікамі. Большасьці новы від гандлю наагул падабаецца – калі параўноўваць яго з рынкамі ды іншымі крамамі.

(Спадарыня: ) "Уражаньні канечне… Не параўнаць з нашымі крамамі. Калі новае, яно ўсё прыгожае. А кошты збольшага такія ж, як і ўсюды".

(Іншая спадарыня: ) "Тут нібыта няма вялікай розьніцы паміж рынкам і звычайнай крамай. Але хацелася б таньней".

(Пэнсіянэрка: ) "У параўнаньні з рынкамі тут нешта ёсьць крыху таньнейшае".

(Дзяўчына: ) "Я тут бываю па пяць-шэсьць разоў на дзень, я за крэмаўкамі хаджу. Тут усё файна, тут усё ёсьць".

(Спадарыня: ) "Мы параўналі са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Ня трэба ехаць нікуды. Вось свая беларуская Амэрыка – прыходзьце, нічым ня горшае".

(Іншая спадарыня: ) "Кошты, канечне, ж высакаватыя. Але культура абслугоўваньня вельмі добрая".

Пры гэтым толькі адзін ці два з маіх суразмоўцаў параўноўвалі беларускія гіпэрмаркеты з замежнымі. Большасьць проста радуюцца з таго, што зьявіліся новыя крамы.

Кіраўнік дэпартамэнту маркетынгу гіпэрмаркета BIGZZ Анжаліка Таўстых падзялілася са мной назіраньнямі за тым, як пакупнікі рэагавалі на новы від гандлю. У першыя месяцы працы ў краму прыходзіла шмат людзей з розных раёнаў гараду, ехалі таксама зь іншых гарадоў – проста зь цікаўнасьці. Цяпер колькасьць наведнікаў стабілізавалася – гэта збольшага жыхары прылеглых раёнаў, але на аб’ёмах продажаў гэта ніяк не адбілася, цьвердзіць мая суразмоўца.

Цяпер краму наведвае 6-7 тысячаў чалавек штодня. BIGZZ арыентуецца найперш на тых пакупнікоў, што прыяжджаюць у гіпэрмаркет прыкладна раз на тыдзень і робяць вялікія пакупкі. А ў гіпэрмаркеты кшталту HIPPO, што месьцяцца пасярод спальных раёнаў, людзі ходзяць, як у звычайны ўнівэрсам – кожны дзень, але ж пакупкі робіць невялікія. У выніку аб’ёмы продажаў у розных гіпэрмаркетах будуць прыкладна аднолькавыя.

Што да новых гіпэрмаркетаў, то спадарыня Талстых лічыць: новыя вялікія крамы сваю нішу на беларускім рынку знойдуць.

(Таўстых: ) "Я не журуся з прычыны таго, што ня будзе пакупнікоў. Яны будуць. Папросту зачыняцца іншыя крамы, якія стануць незапатрабаванымі. Крамы з кепскім абслугоўваньнем, якія ня маюць нармальных сталых пакупнікоў, і пакупнік ідзе набываць туды каўбасу толькі таму, што там нічога іншага побач няма".

На сёньняшні дзень гіпэрмаркет BIGZZ дакладна мае 70 тысячаў найменьняў тавараў, цьвердзіць Анжаліка Таўстых. Недахопу ў таварах няма, аднак асартымэнт не зьяўляецца ўнівэрсальным – там ня знойдзеш рэчаў, кшталту касторавага алею, які звычайна прадаецца ў спэцыялізаваных крамах. Таму зьяўленьне новых гіпэрмаркетаў не азначаюць абавязковай сьмерці для драбнейшых крамаў. Проста яны будуць арыентавацца на больш эксклюзыўныя групы тавараў, кажа спадарыня Таўстых. Калі ў дробнай краме прадаецца пэўны гатунак гарбаты ці сок, які ня знойдзеш у гіпэрмаркеце, спажывец будзе па-ранейшаму хадзіць сюды. Тое ж самае адбудзецца з рынкамі. У якасьці прыкладу Анжаліка Таўстых прыводзіць прадпрымальнікаў з “Экспабэлу” – гандлёвы цэнтар, на тэрыторыі якога гіпэрмаркет BIGZZ знаходзіцца..

(Таўстых: ) "Спачатку яны прыйшлі, убачылі, што іхныя кошты неканкурэнтаздольныя. Пачалі парашкі ды ўсё астатняе набываць гуртом у нас, бо ў нас было таньней, і прадаваць крыху даражэй. А потым яны папросту сышлі з гэтага рынку, альбо перапрафіляваліся й прадаюць тыя тавары, якіх няма ў гіпэрмаркеце".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG