Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

22 ліпеня 1919 году ў вёсцы Маслакі на Магілёўшчыне нарадзіўся Міхась Булахаў, беларускі мовазнаўца


RFE/RL 22 ліпеня ў 1878 годзе прыйшоў на сьвет Януш Корчак, польскі пісьменьнік, пэдагог і лекар. Ягонае імя стала сымбалем вышыні духу і гераічнай любові да дзяцей.

Корчак загінуў у 1942 годзе ў нямецкім канцлягеры Трэблінка, бо адмовіўся пакінуць асуджаных на сьмерць дзяцей з варшаўскага гета. Па-беларуску выходзіла кніга Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы”, папулярная сярод дзяцей па ўсім сьвеце.

22 ліпеня – дзень нараджэньня народнай артысткі Беларусі Марыі Бялінскай, якая грала на сцэне Коласаўскага тэатру ў Віцебску і Купалаўскага ў Менску, мастачкі Ларысы Лось, якая стала клясыкам беларускага саломапляценьня, народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаявой, нязьменнай кіраўнічкі танцавальнага гурта “Харошкі”.

22 ліпеня 1919 году ў вёсцы Маслакі на Магілёўшчыне нарадзіўся Міхась Булахаў, беларускі мовазнаўца. Доктар Булахаў найболей займаўся вывучэньнем гісторыі мовы і яе сувязямі зь іншымі мовамі. Адзін зь ягоных твораў – грунтоўны энцыкляпэдычны слоўнік пра “Слова аб палку Ігаравым”.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

23 ліпеня ў 1623 годзе пакінуў гэты сьвет Памва Бярында, навуковец і паэт. Найважнейшая праца Бярынды – гэта ягоны “Лексыкон” – самы вялікі на свой час слоўнік беларускае мовы, які ўключаў сем тысячаў словаў і быў надрукаваны ў 1627 годзе ў Куцеінскай друкарні каля Воршы.

23 ліпеня ў 1922 годзе мітрапалітам Беларускім і Менскім абраны МэльхісЭдэк – адна з найярчэйшых асобаў у гісторыі беларускай праваслаўнай царквы. Менавіта ягонымі намаганьнямі беларуская праваслаўная царква ўстала на шлях аўтакефаліі і незалежнасьці ад Масквы. Больш за тое, царква актыўна ўключылася ў нацыянальнае адраджэньне. Дзіва што Мэльхісэдэк трапіў пад пільны кантроль ГПУ, ня раз зьведаў арышты, а ўрэшце быў сасланы ў Краснаярск. Празь некалькі гадоў змагар за аўтакефалію беларускага праваслаўя памёр пры загадкавых абставінах.

23 ліпеня 1983 году адбыўся візыт беларускай дзяржаўнай дэлегацыі на чале са старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам у ЗША. Гэта быў першы такога ўзроўню візыт кіраўніка незалежнае Беларусі ў Амэрыку. У часе паездкі адбылося падпісаньне Дэклярацыі пра адносіны паміж ЗША i Рэспублікай Беларусь.
XS
SM
MD
LG