Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоў – мех, а справы – на сьмех


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Неадпаведнасьць слова і справы ўпершыню выявілася яшчэ эдэмскім часам, калі на Зямлі жылі адно Адам ды Эва. Сёньня на плянэце жыве блізу 7 мільярдаў чалавек, адпаведна вырас мех пустых слоў і гучнейшым стаў сьмех з нагоды нявыкананай справы. Прычым сьмяюцца з гэтай нагоды, няйначай, сьвятыя айцы, бо любы з нас, грэшных, сьмяяцца ў дадзеным выпадку ня мае маральнага права.

Паслухаем, што кажуць пра гучныя словы й марныя вынікі нашыя суседзі. Латышы тут даволі красамоўныя: ar muti Riga, ar darbiem aizkrasne (на словах – Рыга, у сапраўднасьці – запечча). Ня менш красамоўныя расейцы: на словах через океан, а на деле ни через лужу. Згадваецца й яшчэ адна расейская прымаўка, якую мы, школьнікі, часьцяком гукалі на ўроках фізкультуры: разгон на рубль, прыжок на копейку. Чэхі ў такіх выпадках выказваюцца коратка й зь фінальнай рыфмай: mnoho řeči, ale skutek utek (шмат гаманы, ды вынік мізэрны).

Бяздонны мех слоў нагаворана апошнім часам пра беларускую рэвалюцыю. Адзін дзяяч нават паведаміў час і месца яе правядзеньня, а таксама заявіў празь СМІ, што выведзе на вуліцы сотні тысяч чалавек. Мой знаёмца, у памкненьні апынуцца ў эпіцэнтры рэвалюцыйных закалотаў, паехаў у сталіцу, прыйшоў у заяўленае месца, але не знайшоў там ня толькі ладнага натоўпу, але й самога вешчуна рэвалюцыі. Вось ужо папраўдзе: слоў – мех, а справы – на сьмех.
XS
SM
MD
LG