Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шэўрале” Янкі Купалы дагэтуль “на хаду”


Ігар Карней, Копысь За нейкі дзясятак гадоў з жыцьця беларускіх аўтааматараў выціснутыя савецка-расейскія “Жыгулі”, “Волгі”, “Масквічы”, а на зьмену якім прышло ўстойлівае і ўсім зразумелае паняцьце – іншамарка. Між тым, ня шмат хто зараз ведае: аднымі з першых уладальнікаў “іншамарак” былі знакамітыя беларускія паэты Янка Купала і Якуб Колас. І яшчэ меней людзей чулі, што амэрыканскі лімузін Купалы дагэтуль стаіць у гаражы ягонага лецішча ў Ляўках пад Копысем. Наш карэспандэнт Ігар Карней, які днямі наведаў Копысь, сьцьвярджае: гэта, бадай, самая старая іншамарка ў Беларусі, якая застаецца на хаду.

Не вазьму на сябе адказнасьць сьцьвярджаць на 100%, але зь вялікай доляй упэўненасьці можна казаць і першае, і другое. Прынамсі, адна з супрацоўніцаў комплексу расказала, што ня так даўно машыну сваім ходам ганялі на рэстаўрацыю (хутчэй, гэта быў касмэтычны рамонт). Шчыра кажучы, пра тое, што на купалаўскім лецішчы ў Ляўках стаіць амэрыканскі “Шэўрале” 30-х гадоў выпуску, даведаўся выпадкова і, як аматар аўтамабільнай тэхнікі, паставіў за мэту зірнуць на гэты рарытэт.

Уяўляў сабе: гэта будзе нейкі абшарпаны, шматразова перароблены драндулет. Аднак убачанае ўразіла: сапраўды шыкоўны нават па сёняшніх днях чорны лімузын маркі “Шэўрале” (перад вачыма адразу паўсталі кадры старых кінафільмаў пра Амэрыку пасьля вялікай дэпрэсыі). Праўда, навуковы супрацоўнік мэмарыяльнага комплексу Лілія Упенік расказвае, што першай машынай у Купалы быў усё ж не “Шэўрале”, а “М-1” (у народзе больш вядомы як “эмка”) – ня меней прэстыжная машына савецкіх чыноўнікаў. Роўна 70 гадоў таму, да 30-годзьдзя творчай дзейнасьці, машына была падараваная Купалу ад імя ўраду. Праз год такі ж аўтамабіль атрымаў Колас.

(Упенік: ) “Эмка” была падараваная Купалу ў 1935 годзе. Я нядаўна запісвала ўспаміны адной жанчыны пра гэтую “эмку” і запытала: як рэагавалі на машыну? Кажа, было ў дзіковіну: у Копысі і веласыпэдаў было няшмат, а тут – машына! Купала на ёй кожную раніцу прыяжджаў на пошту. Апавядаюць, што гадзіньнік можна было зьвяраць: а 9-й раніцы, кіроўца за рулём, і так кожны дзень. Жанчынка расказвала: падыйдзем да машыны (яшчэ дзецьмі), і Купала гэтак вінавата просіць у кіроўцы: пакатай маіх сяброў. Кіроўца саджаў у машыну, катаў. Купала ўвогуле вельмі любіў дзяцей”.

Тое, што Янка Купала выбраў сабе месца для лецішча амаль за 300 км ад Менску, пэўна, мела на ўвазе і адпаведныя спадзяваньні на сродкі дастаўкі. Да Копысі чыгункі ў 30-х гадох пракладзена не было (як, зрэшты, і зараз), пра аўтобусы яшчэ і ня марылі. Таму ўся надзея была на машыну. У сваю чаргу, Лілія Упенік так патлумачыла, чаму Купалу перасадзілі на “Шэўрале”.

(Упенік: ) “Калі ў 1939 годзе пачалася кампанія за вызваленьне заходніх частак Беларусі і Ўкраіны, “эмку” забралі, як казаў Купала, “служыць у войска”. А потым ужо, як трафей, прыгналі яму і Якубу Коласу вось гэтыя машыны, “Шэўрале”.

(Карэспандэнт: ) “У Коласа такая самая была “іншамарка”?

(Упенік: ) “Была такая, толькі яна не захавалася, згінула падчас вайны. І якраз ужо на гэтай машыне Купала паехаў у эвакуацыю: Масква, Чабаксары, Татарская ССР (Пячышчы). І калі яго потым выклікалі ў Маскву, машына застался ў Пячышчах. Пасьля гібелі Купалы яе перагналі ў Маскву, потым прымацавалі да Міністэрства культуры БССР, а з 1982 году яна ў Ляўках”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, яна і зараз у нармалёвым стане, сама езьдзіць”.

(Упенік: ) “Сваім ходам яе прыгналі, праўда, тоё-сёе паздымалі, каб мы ня езьдзілі, каб ахвоты такой нават не было”.

(Карэспандэнт: ) “А сам Купала сядаў калі-небудзь за руль?”.

(Упенік: ) “Гэтага нават ня ведаю. Прынамсі, тут не расказваюць, што ён сам за рулём езьдзіў. Кіроўца ў яго быў асабісты”.

Можна казаць, што падобны аўтамабіль мог бы ўпрыгожыць любую аўтамабільную калекцыю. Як апавёў аўтамеханік Барыс Абухоўскі, якога я запрасіў з сабой у якасьці экспэрта, машына, на дзіва, захавалася ў добрым стане. Натуральна, каб давесьці яе да ладу, патрэбныя вялікія сродкі. Вось уражаньні спэцыяліста.

(Абухоўскі: ) “Усё арыгінальнае, ажно да колаў. Сучаснага там нічога (прынамсі, зьнешне) няма. Усё арыгінальнае”.

(Карэспандэнт: ) “Можна дапусьціць, што яна дагэтуль на хаду?”.

(Абухоўскі: ) “Канешне. Такія машыны вечныя, зробленая на дзесяцігодзьдзі. Мала за тое, паводле тэхнічных характарыстыкаў, па хадавой частцы гэта ўвогуле як грузавая машына (натуральна, паменшаны яе варыянт). Падрэсораная (рэсоры вельмі магутныя), ну, і рухавік адпаведны – як мінімум, літры два, а хутчэй за ўсё, і большы”.

Я пацікавіўся ў спадара Абухоўскага: ці ня грэх трымаць такі рарытэт у лесе, удалечыні ад людзей, а не даць машыне другое жыцьцё?

(Абухоўскі: ) “Гэта, па-першае, вельмі дорага – аднавіць машыну да першапачатковага выгляду. А ў дадзеным выпадку і сэнсу, шчыра кажучы, няма: яны тут трымаюць яе як экспанат, ды ўсё”.

На амэрыканскім “Шэўрале” Янка Купала скарыў не адну тысячу кілямэтраў. Прынамсі, увесь маршрут вымушанай эвакуацыі Купала са сваёй жонкай і шафёрам праехалі менавіта на гэтым аўтамабілі. Вярнуўшыся з Татарстану, “Шэўрале” зноў стаў на вечную стаянку ў Ляўках на Аршаншчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG