Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распаўсюд газэтаў : дарагая расплата, малы эфект


Любоў Лунёва, Менск Цягам апошніх двух тыдняў супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля дзесятка актывістаў моладзевага руху “Зубр” за распаўсюд газэты “Выбар”, якую самі распаўсюднікі называюць то інфармацыйным бюлетэнем, то ўлёткай. Пасьля затрыманьня міліцыянты заўсёды складаюць пратаколы, адміністрацыйныя камісіі ў выканкамах караюць юнакоў штрафамі, але самае непрыемнае – дасылаюць лісты ў навучальныя ўстановы і, як вынік, студэнтаў адлічаюць з вучобы. Неадназначна да распаўсюду інфармацыйных бюлетэняў ставіцца дэмакратычная грамадзкасьць

Радыё “Свабода” шмат разоў паведамляла пра негатыўныя наступствы затрыманьня за распаўсюд газэтаў. Актыўнасьць апазыцыйнай моладзі зразумелая. Але ці вартыя бюлетэні такой рызыкі? Каардынатарка руху “Зубр” Ірына Тоўсьцік лічыць, што зьмест газэты не нясе нейкай інфармацыйнай бомбы. На яе думку пакараньні за яе распаўсюд занадта вялікія.

(Тоўсьцік:) “Канешне, наш інфармацыйны бюлетэнь – гэта не інфармацыйная бомба. Гэта сьціслая інфармацыя, якая адрасуецца простым людзям. На жаль, незалежныя газэты амаль ужо зьніклі. Мы былі б вельмі задаволеныя, калі б гэта была аналітычная газэта, калі б там былі больш разгорнутыя матэрыялы, якія б маглі закрануць кожнага чалавека.”

Бацькі актывістаў, якім даводзілася плаціць штрафы за сваіх дзяцей лічаць, што рызыка за распаўсюд бюлетэня не апраўданая самой якасьцю выданьня. Вось меркаваньне Сафіі Курач, маці актывіста “Зубра” Яўгена Афнагеля, які некалькі разоў адбываў пакараньне ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку і плаціў штрафы за распаўсюд інфармацыйнага бюлетэня.

(Курач:) “Гэтая газэта ”Выбар” не вартая таго, каб за яе была такая расплата – арышты, штрафы. Рэжым, канешне, зацікаўлены, каб людзі не ведалі праўды. Канешне, трэба рабіць яе на больш высокім узроўні, каб яна адпавядала ўзроўню той аўдыторыі, якой яна прызначана. Мне, як маці, вельмі шкада, што дзяцей “падстаўляюць”, бо расплата вельмі вялікая.”

Рэдактарка ліквідаванай гарадзенскай газэты “Біржа інфармацыі” Алена Раўбецкая выказала думку журналістаў.

(Раўбецкая:) “Што тычыцца працы з насельніцтвам, то гэта мусіць быць выключна паўнавартасная газэта. Такую газэту могуць рабіць толькі прафэсійныя журналісты, у тым ліку й прафэсійныя рэклямісты. Часовыя газэты зроблены кепска па дызайну, з няякаснай інфармацыяй, з вялікай колькасьцю памылак. Чалавеку не падабаецца дрэнны прадукт. Што тычыцца нейкіх палітычных кампаніяў, напрыклад, прэзідэнцкія выбары, толькі якасная прафэсійная газэта можа канкураваць з дзяржаўным друкам, бо яна можа прапанаваць аналітыку. Толькі нармалёвая, нават рэгіянальная газэта, можа супрацьстаяць прапагандзе, сваёй контрпрапагандай.”

Апазыцыйныя палітыкі пагаджаюцца з журналістамі. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка канстатуе, што апошнім часам падвысілася якасьць афіцыйнай прапаганды. Сталі ўжывацца словы: “Беларусь”, “За Беларусь”, “Незалежнасьць”. На думку палітыка, гэта робіцца дзеля таго, каб прызнаць факт перамогі гэтых каштоўнасьцяў у галовах грамадзянаў, пры тым, што сутнасьць палітыкі не зьмянілася. Вінцук Вячорка лічыць, што цяпер павінен быць значна вышэйшы прафэсіяналізм усіх тых, хто ідзе да людзей са словам. Палітык згодны з тым, што трэба як мага хутчэй ствараць якасныя выданьні. Тым больш, што ўжо створана сетка для распаўсюду прэсы ў рэгіёнах.

(Вячорка:) “Але сеткі мала. Ёй трэба даць у рукі вельмі эфэктыўны інструмэнт. Гэта значыць высокапрафэсійна рыхтаваныя газэты, спэцвыпускі, улёткі. Я з прыкрасьцю заўважаю, што не толькі рэзка звужаецца кола легальна зарэгістраваных газэтаў, але малое кола тых, хто піша, піша для самавыдаведства, для ўлётак. Гэта пры тым, што ў нас мноства выдатных, дарэчы, нацыянальна сьвядомых беларускамоўных публіцыстаў. Патрэбна больш за ўсё данясеньне глыбокай сур’ёзнай інфармацыі, якая павінна перасягаць прымітыўны ўзровень “Далоў Луку!”.
XS
SM
MD
LG