Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шляху да 2006 – праблемы выбару адзінага кандыдату


Віталь Цыганкоў, Менск (эфір 19 чэрвеня) Новы выпуск перадачы “Праскі акцэнт” прысьвечаны тэме абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Удзельнікі: лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і кіраўнік аналітычнай службы БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

Як падключыць да працэсу абраньня адзінага кандыдата гэтак званае “электаральнае балота?” Ці прыслухаецца сталая Рада дэмакратычных сілаў (гэтак званая “дзясятка”) да прапановаў іншых грамадзкіх дзеячаў? Ці ўдасца дасягнуць адзінства ўсіх апазыцыйных сілаў?

(Цыганкоў: ) “На мінулым тыдні адбылося некалькі падзеяў, зьвязаных з абраньнем адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах. У Сьветлагорску прайшоў першы сход для вылучэньня дэлегатаў на нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сілаў. Стала дзейная Рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў (“дзясятка”) дала адказ Аляксандру Казуліну і Васілю Лявонаву наконт іхніх прапановаў пра тактыку і стратэгію апазыцыі. Дзясятка адхіліла асноўныя прапановы Казуліна і Лявонава. І на думку некаторых аналітыкаў, адхіліла даволі жорстка. Зьявіліся камэнтары, нібыта “дзясятка” лічыць, што толькі яна сама і ёсьць дэмакратычная грамадзкасьць. Але такія грамадзкія дзеячы, як Казулін, Вайтовіч, Фралоў, Колас, могуць сказаць, што за імі стаяць людзі, за імі патэнцыял, але проста яшчэ не арганізаваны ў нейкія структуры. Спадар Вячорка, што вы на гэта скажаце?”

(Вячорка: ) “Я на гэта скажу, што гаварыць можна ўсё, што заўгодна, а ў нашай сытуацыі важна рабіць. Мы правялі 7 рэгіянальных сходаў, у якіх узялі ўдзел усяго 614 прадстаўнікоў. Кожны зь іх прадстаўляе канкрэтную партыйную ці грамадзкую арганізацыю, за кожным зь іх стаяць людзі – 5, 10, 30 – гэта залежыць ад месца. А гэта ня проста абстрактная “грамадзкасьць”, гэта дзеяздольныя актывісты, якія могуць весьці арганізацыйную працу, і маюць досьвед вядзеньня такой працы. Гэта пераканаўча даказаў досьвед Сьветлагорскага раённага сходу – першага з заплянаваных намі 143 раённых сходаў дзеля вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Улада – дзякуй ёй за такую высокую ацэнку – успрыняла надзвычай паважна гэта сход, у Сьветлагорску праходзіла “баявая апэрацыя” на чале з начальнікам міліцыі вобласьці, каб сарваць сход. Але – не сарвалі.

Што да “шырокай грамадзкасьці”, гэтак званай “кухоннай апазыцыі”, то каб яе арганізаваць і данесьці аб’ектыўную інфармацыю пра наяўнасьць альтэрнатывы – для гэтага і патрэбны такі інструмэнт, які мусіць быць сабраны з кавалкаў, добра змазаны і натхнёны”.

(Цыганкоў: ) “Аб’ектыўна ўжо існуе пэўны падзел паміж тымі патэнцыйнымі кандыдатамі на ролю адзінага, якія прынялі правілы “дзясяткі” і тымі, хто, як выказаўся тут спадар Вячорка, “дзейнічаюць індывідуальна”. Магчыма, сярод такіх палітыкаў і Аляксандр Ярашук. Зрэшты, сам спадар Ярашук даўно не выказваўся на гэтую тэму, таму я папрашу яго ўнесьці пэўную яснасьць – ці сапраўды вы ў нейкай форме нейкім чынам плянуеце браць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі?”

(Ярашук: ) “Я ня выпаў з працэсу, можа крыху адышоў убок па пэўных прычынах аб''ектыўнага і суб''ектыўнага характару. Але магу сказаць, што маю цікавасьць да гэтай тэмы, у тым ліку ў якасьці непасрэднага ўдзельніка кампанія. Якім чынам уваходзіць у яе – гэта, напэўна, пытаньне другаснае, і я таксама зараз яго вырашаю.

Не ўступаючы ў дыскусію са спадаром Вячоркам, я зыходжу з таго, што працэс па выяўленьні адзінага ўжо ідзе, і нядаўна я агучыў наступную думку – было б безадказна патрабаваць павярнуць увесь гэты махавік назад. Гэта, дарэчы, і немагчыма зрабіць. Таксама было б безадказна, бессэнсоўна і неканструктыўна нейкім радыкальным чынам патрабаваць зьмяніць сам нацыянальны кангрэс.

Аднак што да прапановаў, каб гэта быў кангрэс ня толькі палітычных сілаў, але і ўсёй шырокай грамадзкасьці, усіх сэгмэнтаў грамадзянскай супольнасьці – то гэта мае сэнс. Што б там не казалі, але трэба сытуацыю “узрываць”. Няхай ідзе і працэс абраньня адзінага, але калі зь іншага боку паралельна з гэтым будзе ісьці працэс аб''яднаньня ўсіх тых, хто будзе браць удзел "не ў фармаце" – гэта нармальна. Галоўнае – каб мы шукалі не тое, што нас раз’ядноўвае, а тое, што аб’ядноўвае”.

(Цыганкоў: ) “Выяўляецца пэўная супярэчнасьць – кандыдаты ад “дзясяткі” маюць за сабой структуры, партыйных актывістаў, якія гатовыя будуць за іх працаваць, зьбіраць подпісы, забясьпечыць рэальна ўдзел у выбарах. Зь іншага боку, непартыйныя кандыдаты, такія як Казулін, Лявонаў, Фралоў, Колас ці хто іншы, на думку многіх аналітыкаў, маюць большы патэнцыйны рэйтынг, іхнія імёны не прапаласканыя афіцыйнай прапагандай. Але яны ня маюць за сабой структурай, а значыць, ня маюць ніякай будучыні з пункту гледжаньня рэгістрацыі. Ці павінны гэтыя кандыдаты “прыйсьці з паклонам” да “дзясяткі” ці настойваць, што яны самі па сабе палітычна вартыя і могуць абысьціся і без дапамогі палітычных партыяў, аб’яднаных у “дзясятку”?”

(Класкоўскі: ) “Калі падсумаваць тое, што казалі мае суразмоўцы, дык відавочна, што вымалёўваецца такая небясьпека, што апазыцыя можа пайсьці на выбары некалькімі калёнамі. Гэта вельмі непажаданы сюжэт, і нібыта ўсе гэта разумеюць. Прынамсі, хапае заклікаў да кансалідацыі. І разам з тым два бакі выканалі пэўныя фармальнасьці "дзеля ачысткі сумленьня" – Казулін, Лявонаў даслалі лісты, Сталая Рады на іх адказала – і можна зараз дэкляраваць, што мы, маўляў, зрабілі ўсё дзеля кансалідацыі. Але ж выніку канкрэтнага няма.

Разам з тым цяжка кідаць камяні ў нечы гарод, бо ў “дзясяткі” сапраўды ёсьць свая лёгіка. Сэнс таго, што казаў спадар Вячорка, такі – апазыцыя раней спазьнялася, мала рабіла, таму трэба дзейнічаць. І трэба аддаць належнае – працэс ідзе, сходы праходзяць насуперак усім нягодам. Але разам з тым гэта ўжо нагадвае пэўны дагматызм. Мне тут згадваецца вядомы лёзунг Эдуарда Бэрнштэйна, што "канчатковая мэта – нішто, а рух – усё". Трэба не страчваць галоўную мэту, звышзадачу – знайсьці і раскруціць асобу, якая перамагла б Лукашэнку.

Зразумела, што ніводзін партыйны кандыдат пры ўсёй павазе да гэтых асобаў ня здольны на гэта. Пра гэта шмат сказана – у іх, нажаль, даволі нізкая столь рэйтынгу. З іншага боку, у тых асобаў, якія не абцяжараныя грузам паразаў, патэнцыйна большыя магчымасьці ў гэтым сэнсе. Але зноў жа – банальны тэзіс, што сабраць подпісы ім будзе складана, не абапіраючыся на партыйныя структуры. Так што, натуральна, трэба шукаць мэтады і спосабы, каб спалучыць патэнцыйныя магчымасьць тых кандыдатаў, што пакуль па-за працэсам, з арганізацыйнымі магчымасьцямі апазыцыйных партыяў”.

(Цыганкоў: ) “Забаўна, што кіраўніка БНФ абвінавацілі ў бэрнштэйніянстве, у сацыял-дэмакратызьме... Але ці няма сапраўды, пэўнай зададзенасьці ва ўсёй гэтай працэдуры? БНФ ужо паставіў па Мілінкевіча, і ці няма той небясьпекі, што фактычна зараз мы ўбачым ня выбар сярод лепшых на сёньня кандыдатаў, а проста праціскваньне таго, на каго ставяць палітычныя партыі?”

(Вячорка: ) “Давайце ўсьлед за Кун-Фу-Цзы вернем словам іхнія значэньні. Тут гавораць пра нейкія два бакі – “дзясятку” і другі бок. Сябры дарагія! “Дзясятка” – гэта дзесяць бакоў, якія на працягу некалькіх гадоў шляхам складанага працэсу прыцірак, кампрамісаў, канфліктаў і навукі іх пераадольваць здолела дасягнуць унутранага паразуменьня. Гэта беспрэцэдэнтная для найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі зьява. Ня трэба трактаваць дзясятку як нейкую партыйку, якая бароніць свае ўнутраныя інтарэсы. Нічога падобнага.

Па-другое, тыя, хто разважае пра рэйтынгі, якія выставілі нейкія экспэрты, павінен памятаць, што ў нас не Брытанія і ня Польшча. Гэта там для зьяўленьня новага палітыка, за якім пойдуць людзі, дастаткова даць нейкае гучнае інтэрвію, зрабіць скандальную заяву і так далей. Усе напішуць, усе раскажуць, пойдзе “хваля”. А ў нас іншага інструмэнту, акрамя гэтых самых дэмакратычных актывістаў, няма. Яны сваімі нагамі, вуснамі і будуць выконваць працу гэтых мэдыяў. Значыць, найперш яны самі павінны даведацца пра існаваньне такіх лідэраў, паверыць ім, аб’яднацца пад іхнім началам. Тыя, хто гэта не разумеў ад пачатку, зрабілі вялікую памылку. Хто “не ў працэсе”, ужо страцілі шмат магчымасьцяў паказацца дэмакратычным актывістам па ўсёй Беларусі.

Што да “партыйнасьці”... Спадар Мілінкевіч беспартыйны чалавек. Акрамя пяці кандыдатаў, якія прайшлі сіта партыйнай падтрымкі і абласных сходаў, былі яшчэ трое. Яны гэта сіта не прайшлі, але яны ўдзельнічалі. Так што працэс адкрыты і застаецца адкрытым”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Вячорка, калі не называць гэтых грамадзкіх дзеячоў “другім бокам”, як бы вы дазволілі іх назваць, хаця б у нашай праграме”.

(Вячорка: ) “Калі гэта “іншы бок”, хай вылучаць паміж сябе адзінага кандыдата. Я ў гэта ня веру”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Ярашук, ці здольныя гэтыя людзі вылучыць паміж сябе адзінага кандыдата? Ці гэта палітыкі-адзіночкі, якія проста думаюць пра сваю палітычную вагу больш, чым яна ёсьць на самой справе?”

(Ярашук: ) “Ніколі не дазволю сабе казаць штосьці адмоўнае на адрас “дзясяткі”. Але дзякуй спадару Класкоўскаму, які прывёў гэты знакаміты выраз “рух – усё, канчатковая мэта – нішто”. Менавіта ў гэтым рэчышчы я адказаў, калі мне прапанавалі ўзяць удзел у працэдуры вылучэньня адзінага. Але я зараз я лічу шкодным, бессэнсоўным даваць ацэнку таму, што адбываецца. Мы будзем толькі разбураць магчымае аб’яднаньне.

Ёсьць магчымасьць насуперак усяму – бралі ўдзел ці не бралі, хтосьці можа падключыцца потым, хтосьці будзе ўдзельнічаць у кангрэсе – вылучыць адзіную фігуру, якая магла б аб’яднаць увесь сэгмэнт ня толькі палітычны, але і ўсёй грамадзянскай супольнасьці. Я лічу, што трэба як мага менш ужываць такія выразы, як “спазьніліся, не бралі ўдзел, і гэта назаўсёды”. Ужо ў першай фразе спадара Вячоркі прагучала – “у іх няма структураў, значыць, у іх няма ніякіх шанцаў”. Але гэта не зусім так, для пэўнай часткі грамадзтва кожнае прозьвішча гэтых людзей – як пароль. У іх ёсьць патэнцыял, і нямалы для сёньняшніх палітычных умоваў у нашай краіне”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, у гісторыі і палітыкі нямала было прыкладаў, калі пэўныя палітычныя сілы ставілі на чалавека, не зусім палітычна ім блізкага. Але яны верылі, што ён мае шанцы выйграць. Чаму такі варыянт ня можа быць у Беларусі, калі БНФ будзе зьбіраць подпісы за Коласа ці Казуліна?”

(Вячорка: ) “Менавіта такі варыянт мы і адстойваем! Дарэчы, зазначу, што партыя БНФ ня выставіла свайго кандыдата, а падтрымала беспартыйнага. Усе палітычныя структуры, усе прэтэндэнты падпісалі альбо ўхвалілі пагадненьне, сэнс якога ў тым, што мы разам будзе працаваць на карысьць таго, каго назаве Кангрэс. А тыя, хто адмовіліся падпісаць гэтае паразуменьне (хаця іх шмат пра гэта прасілі), справядліва выклікаюць шмат пытаньняў – у першую чаргу ў рэгіянальных дэмакратычных актывістаў. Што гэта значыць – спадар N ідзе “ў працэс” толькі з мэтай уласнай пэрсанальнай раскруткі? А калі Кангрэс не яго назаве – ён адразу адпадзе і пойдзе ўласнай калёнай? Сэнс якраз у тым, што нашыя пяцёра прэтэндэнтаў такі абавязак урачыста на сябе ўзялі”.

(Цыганкоў: ) “Адзінага кандыдата, “за” ці “супраць” якога будзе галасаваць усё насельніцтва, выбіраюць дэмакратычныя актывісты, прадстаўнікі палітычнай апазыцыі. Але ў грамадзтве ёсьць і гэтак званая сацыяльная апазыцыя – палітычна не актыўныя, але якія супраць сёньняшняй эканамічнай палітыкі. Таксама ёсьць людзі, абыякавыя да палітыкі, але якія ня любяць Аляксандра Лукашэнку. Як сёньняшняя структура выбару адзінага кандыдата ўлічвае меркаваньня гэтых людзей?”

(Класкоўскі: ) “Сапраўды, правядзеньне раённых сходах з-за “шчыраваньня” ўладаў ператварылася ў падпольную партызанскую дзейнасьць. Натуральна, што такія сходы зьбіраюць найбольш арганізаваных і зацятых праціўнікаў рэжыму. І іхняе меркаваньне больш радыкальнае, чым у сярэднестатыстычнага прадстаўніка дэмакратычнага электарату. Натуральна, гэта адаб’ецца і на іхнім выбары адзінага кандыдата.

Дазволю рэмарку наконт беспартыйнасьці кандыдата. Афіцыйная прапаганда ня будзе зазіраць у анкеты, і з фармальна беспартыйнага Мілінкевіча яны хутка зробяць зацятага бэнээфаўца. Акрамя таго, працэс выбару адзінага – гэта ж не самамэта. Трэба разглядаць стратэгію электаральнай перамогі. І адна з мэтаў – гэта завайваць электаральнае балота. Бо цьвёрды апазыцыйны электарат – гэта ня больш за траціну выбаршчыкаў.

І тут, калі вяртацца да прапановы Васіля Лявонава – увогуле на выбіраць адзінага кандыдата, а вылучыць ультыматум уладзе. Частка там мала рэалістычная. Але важна бачыць рацыянальнае зерне. Ён завастрае ўвагу на тым. што сумленных выбараў чакаць не выпадае. Гэта нібыта ўсе разумеюць. І разам з тым уражаньне такое, нібыта апанэнты рэжыму рыхтуецца да нейкага рыцарскага двубою, паводле высакародных правілаў. А між тым, будуць проста пляжыць даўбешкай па галаве.

Спадар Лявонаў мае рацыю ў тым сэнсе, што варта шукаць нейкія нестандартныя, асымэтрычныя тэхналёгіі барацьбы і электаральнай перамогі. Натуральна, нерэальна вылучыць нейкі ўльтыматум рэжыму, але змагацца за большую празрыстасьць выбараў, за зьмены ў Выбарчы Кодэкс – гэта ўсё мэтады падвышэньня палітычнай актыўнасьці. Патрэбны нейкі, калі хочаце, псыхалягічны шок, каб народ акрыяў, страпянуўся, зразумеў, што далей так нельга”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Вячорка, сапраўды, што можа зрабіць “дзясятка”, каб падключыць тое самае “электаральнае балота” да працэсу выбару адзінага кандыдата?”

(Вячорка: ) “Каб падключыць кагосьці да чагосьці, трэба мець, куды і да чаго падключаць. Стварэньнем гэтага мы якраз і займаемся. У людзей вельмі высокае чаканьне пазытыўнага пасланьня ад дэмакратычных сілаў. Бясспрэчна пазытыўнай будзе вестка, што вызначаны адзіны кандыдат. Абсалютна зразумела, што нашае стратэгія не грунтуецца на тым, нібыта ў 2006 годзе нас чакаюць справядлівыя выбары. Гэта толькі ўмоўнае абазначэньне каляндарнага тэрміну, падчас якога грамадзтва непазьбежна палітызуецца, нават насуперак рэжыму. А для нас галоўнае – падвысіць ступень самасьвядомасьці грамадзтва, ягонай гатовасьці да зьменаў, і па магчымасьці нешта зрабіць дзеля гэтых зьменаў – прымеркаваўшы гэта да пэрыяду так званых “прэзыдэнцкіх выбараў”. Ці гэта зь імі супадзе – гэта залежыць у тым ліку ад нашай інтэнсіўнай. Хуткай, і тым ліку на апярэджаньне працы. Змагацца з любой машынай можна, толькі маючы сваю машыну”.

(Цыганкоў: ) “Гучыць даволі аптымістычна. Ці вы маеце на ўвазе, што апазыцыя мае нейкія “асымэтрычныя” адказы?”

(Вячорка: ) “Ніякія хітраваньні, выбары нейкага “мяккага” прэтэндэнта, які будзе прымальны для “балота” – не спраўдзяцца ў чорна-белых умовах Беларусі. Любы чалавек – хто б ён ня быў – будзе абазваны, абылганы, “абфашышчаныя” азаронкамі і кампаніяй.. Таму пакіньма байкі пра “трэці шлях”, і пра тое, як бы гэта хітра кагосьці падмануць. Трэба ад самага пачатку дэманстраваць – “мы заплянавалі, мы маршыруем, вы выконваем, ад Сьветлагорска да Халопенічаў, мы ідзем, мы ёсьць усюды”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Ярашук, ці згодны вы з тэзісам, што трэба пакінуць байкі аб “трэці шляху”?

(Ярашук: ) “Улада, магчыма, толькі і чакае ад нас такіх прамалінейных рухаў. Трэба думаць ня толькі пра тое, як “праламіцца”, а як перайграць суперніка, які пакуль, уласна кажучы, знаходзіцца ў іншай вагавай катэгорыі. У нас сытуацыя чорна-белая – гэта так, але нашыя дзеяньні павінны ўлічваць усе колеры вясёлкі. Каб перамагчы, трэба спалучаць магчымасьці і намаганьні ўсіх патэнцыйных удзельнікаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў”.
XS
SM
MD
LG