Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я вось слухаю вашае радыё – вы мяне не ўпэўнілі! Не!"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 20 і 21 ліпеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(20 ліпеня 2005г.)

(Мікола Саскевіч: ) “На мой погляд культурным помнікам беларускай спадчыны ў міжнародным маштабе зьяўляецца вельмі старажытны горад Юравічы і яго возера Ліцьвін – назва нашай сапраўднай нацыянальнасьці. Горад Юравічы цяпер ужо вёска, а возера Ліцьвін значыцца і апісанае ў старажытных летапісах. Юравічы быў наш ліцьвінскі разьвіты моцны каталіцкі горад. Нашыя каталікі пабудавалі там каталіцкі манастыр і касьцёл. Потым, праўда, усе каталіцкія храмы былі даведзеныя да галечы і забраныя ва ўласнасьць расейскай царквы. А калі прыйшлі камуністы, то яны ўвогуле ўсё разбурылі. Так што ўсе гэтыя каталіцкія помнікі хрысьціянскай і каталіцкай царквы да цяперашняга часу знаходзяцца ў разбураным спустошаным выглядзе. А возера Ліцьвін – гэта гонар нашай нацыі, назва нашай нацыі. У летапісах яно значыцца, як вельмі рыбнае возера. А вось што цяпер зь ім я і ня ведаю”.

(Спадар: ) “Хоць мне і не ўдаецца кожны вечар злавіць любімую сваю радыёстанцыю, але раніцай я заўсёды вас слухаю. А ў мяне меркаваньне, што трэба пытаньне “Ці зьнішчае русыфікацыя беларускую культуру?” задаваць кожны тыдзень і адказы адкладаць у архіў, а потым аналізаваць, куды заганяе русыфікацыя – у нейкую недасьведчанасьць, у нейкае зьнішчэньне ці абмежаваньне, ганьбу нейкую ўсяго беларускага. Вось гэта можна будзе прааналізаваць, а потым ужо паказаць у эфіры, як людзі гаварылі сёньня, і як будуць гаварыць, напрыклад, зімой”.

(Спадар: ) “Скажыце, калі вы скончыце за чужыя грошы займацца глупствам? Я вось слухаю вашае радыё – вы мяне не ўпэўнілі! Не! І прападзіце вы пропадам!”

(Ян Белакрэўскі: ) “Наконт вашага пытаньня. Я хачу, каб у сьпіс спадчыны Беларусі была ўключаная гістарычная Вільня, якая сёньня, на жаль, не зьяўляецца тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь, але ж была пабудавана найперш беларусамі і зьяўляецца помнікам архітэктурнай спадчыны нашай нацыі, а таксама належыць да пяці нацыянальных культураў народу”.

(Спадар: ) “Наконт Зьезду беларусаў сусьвету. Вельмі сьмешна ўспрымаць тое, што кажуць нашыя палітыкі і тое, што кажа нашая так званая ўплывовая дыяспара, асабліва злучаных дзяржаваў Амэрыкі. Яны нічога, на жаль, ня могуць.

Магу прывесьці асабісты прыклад. Калі я малады беларускі рэжысэр зьвярнуўся да таго ж Янкі Запрудніка наконт падтрымкі дыяспары нашай культуры, нашай маладой літаратуры, нашага тэатру, ён мне параіў зьвярнуцца непасрэдна ў дэпартамэнт Злучаных Штатаў, што, зразумела, было сьмешна.

Калі ўкраінская, шатляндзкая, амэрыканская альбо ірляндзкая дыяспары сапраўды падтрымліваюць свае маладыя кадры, то нашая беларуская амэрыканская дыяспара, на жаль, зусім неўплывовае і, на жаль, нічога ня робіць для таго, каб падтрымліваць нацыянальную культуру і адукацыю тут у нас сёньня ў Беларусі. Паглядзіце, што адбываецца ў нас і на нашых этнаграфічных тэрыторыях. І, думаю, што вы самі знойдзеце адказ наконт таго, што можа сёньня зрабіць нашая так званая дыяспара, асабліва ўплывовая ў Злучаных Штатах Амэрыкі, што выглядае вельмі сьмешна”.

(Спадар: ) “Вы давалі рэпартаж наконт Уладзімера Быкоўскага, славутага расейскага дысыдэнта, і ягонай кнігі “І вяртаецца вецер”. Хацелася б пачытаць гэтую кнігу, каб вы перадалі яе ў інтэрнэт. Бо асабіста я цалкам згодны зь яго меркаваньнем, што Эўрапейскі Зьвяз цалкам адпавядае той сыстэме, якая існавала ў Савецкім Саюзе. І, як мы мяркуем, гэта маладая грамада літаратараў і тэатралаў, а таксама маладых беларускіх мастакоў, што Беларусі ў прыватнасьці зусім непатрэбна прысутнічаць у тым самы ЭЗ. Бо гэта будзе зноў жа новае навязваньне палітыкі, якая зусім непатрэбная нашай краіне”.

(Уладзімер: ) “Наконт вашага дасьледаваньня, што прагучала ў пятніцу – ці вядуць беларусы здаровы лад жыцьця. На жаль, беларусы амаль не вядуць здаровы лад жыцьця. Гэтаму ёсьць наступныя прычыны.

Па-першае, весьці штодзённа здаровы лад жыцьця гэта даволі цяжка. Па-другое, умовы жыцьця нашых людзей не спрыяюць вядзеньню здаровага ладу жыцьця, бо гэта вельмі цяжка. Зараз улетку яшчэ можна загартоўвацца, гэта можа амаль любы чалавек, а вось узімку вельмі цяжка пакідаць цёплы ложак, ісьці аголеным на сьнег, бегаць, аблівацца ледзяной вадой, выконваць практыкаваньні.

Але паколькі беларусы не жадаюць далучацца да здаровага ладу жыцьця, таму ўзьнікае шмат праблемаў са здароўем, з нараджальнасьцю і ўвогуле са зьніжэньнем колькасьці беларусаў, што вельмі-вельмі крыўдна”.

(21 ліпеня 2005г.)

(Спадар: ) “Добры дзень! Зараз гляджу футбол. Ня ведаю, дзе такіх камэнтатараў знайшлі. Ім бы пахаваньні камэнтаваць! Гэта не футбол, а невядома што! У нас няма куды на тэлебачаньне патэлефанаваць, схавалі свае тэлефоны. А пасьля такіх камэнтароў няма настрою той футбол і глядзець! І яшчэ хачу дадаць, што калі нашы ў футбол гулялі, то варта было б спачатку гасьцей прадставіць, а потым ужо нашых. А ён, як некультурны, спачатку нашых”.

(Спадар: ) “Добры вечар! Рады вас слухаць. Але вы апошнім часам паўтараеце тое самае, напрыклад, беларуская кухня. Вельмі шмат паўтораў у вас. Няўжо няма ў вас чаго перадаць? Прашу, каб вашая радыёперадача была інфармацыйна-музычная, тады яна будзе мець больш слухачоў. Няўжо ў вас няма ніякіх народных песен, песен Данчыка і іншых?”

(Маісеенка Генадзь: ) “Учора, прачытаўшы аркуш у “Народнай Волі” пана-генэрала Валерыя Фралова, дзе ён з такім імпэтам гаворыць аб тым, што найменна сам вывез ЦК кампартыі Літвы на БТР, што прыняў ды добра ўладкаваў віленскі Амон у сваёй дывізіі. Мяне гэта ня толькі ўзрушыла, але, па-першае, як афіцэра-афганца, былога мента, які непасрэдна ўдзельнічаў у 1991-м гаду на баку дэмакратыі ўсіх віленскіх калізіяў таго часу, як людзіне, якая добра ведае шваль з ЦК кампартыі Літвы, па-іншаму іх не назавеш, ды “гарных” хлопцаў з АМАПу, якія за свае подзьвігі павінны сядзець у турме, за кратамі амаль пагалоўна, стала вельмі сорамна і крыўдна, што пан Валеры, які лічыць сябе сапраўдным дэмакратам, беларусам і афіцэрам ганарыцца тым, за што трэба судзіць і прасіць прабачэньня ня толькі прад Богам, але прад тымі жыхарамі Літвы і нашай Беларусі, якія пасталі ахвярамі тых, каго ён вызваліў на волю.

І, па-другое, асабіста ад сябе дадамо. Пан Валеры Фралоў ня мае права ня толькі меціць у прэзыдэнты, але і наагул прымазвацца да дэмакратыі і лічыць сябе беларусам, нягледзячы за ўсе сёньняшнія асабістыя ўчынкі і паслугі накшталт нашай дэмакратыі і вызваленьня Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі. Калі асоба ганарыцца подласьцю і здрадай, нават у прошлым часе, гэтая людзіна нявартая нічога, акрамя брыдкасьці да сябе, нават, калі гэта і генэрал.”.

(Спадар: ) “Заўсёды абмяркоўваюцца прымаўкі ды прымаўкі. Але ў жыцьці мы ня так часта імі карыстаемся. А можаце задаць такое пытаньне: Ці часта вы карыстаецеся такімі словамі ў жыцьці як “люблю” альбо “ненавіджу”?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG