Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскія мэдыі: "Дыктатар зь літасьці Масквы?"


Алена Струвэ, Менск Праўдападобна, што пасьля перамогі каляровых рэвалюцыяў на постсавецкай прасторы расейскі лідэр Уладзімер Пуцін дазволіў сабе забыцца пра колішнюю нелюбоў да беларускага калегі, – так камэнтуюць сустрэчу расейскага і беларускага кіраўнікоў аўстрыйскія назіральнікі. Некаторыя выказваюць меркаваньні адносна зьбліжэньня інтарэсаў абодвух лідэраў. Аўстрыйскія мэдыі таксама ўзгадваюць пра тое, што 11 гадоў таму Лукашэнка заняў пасаду прэзыдэнта Беларусі.

У сваім сюжэце "Імпэрыя Лукашэнкі" журналісты аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі "ORF" ставяць пытаньне: ці ня зь лістасьці Масквы кіруе Беларусьсю гэты чалавек? "Пяшчотная кветка той незалежнасьці, якая прыйшла ў Беларусь пасьля развалу СССР, завяла, – гаворыцца ў сюжэце. – Паводле аўтараў рэпартажу, тэрмін "дэмакратыя" ўспрымаецца ў гэтай краіне як незразумелае замежнае слова. Абыход Лукашэнкі з апазыцыяй шмат у чым нагадвае савецкае мінулае. У выніку леташніх парлямэнцкіх выбараў ніводнаму з дэмакратаў не ўдалося трапіць ў органы заканадаўчай улады. Сам жа Лукашэнка, дзякуючы ініцыяванаму рэфэрэндуму, змог знайсьці шляхі да зьмены ў Канстытуцыі і да патэнцыйнага працягу свайго паўнаўладзьдзя.

Паводле аўстрыйскага каналу "ОRF", Масква санкцыявала Лукашэнку ягонае далейшае кіраваньне краінай. У перадачы прыводзяцца меркаваньні апанэнтаў рэжыму, якія называюць Лукашэнку “пуцінскім лёкаем”. Толькі "старэйшы брат" можа адчуваць у Беларусі трывалую глебу пад нагамі. Што да Пуціна, то ў дачыненьні да Лукашэнкі той можа дазволіць сабе любую грубасьць, “Лукашэнка ж ва ўсім падпарадкоўваецца яму і за ўсё яму ўдзячны”.

Беларусь застаецца фактычна расейскай правінцыяй і ня мае ні ўласнага войска, ні ўласнай службы бясьпекі, заяўляе журналіст аўстрыйскага каналу, цытуючы Станіслава Шушкевіча.

Аляксандар Лукашэнка імкнецца задушыць нават любы прывід каляровай рэвалюцыі: “Гэтак званую прафіляктыку супраць палітычных зьменаў ён вядзе на ўсіх франтах і з дапамогай самых розных сродкаў. Супраць дэманстрантаў рэжым выкарыстоўвае дубінкі. За праціўнікамі апазыцыі сочаць прадстаўнікі кампэтэнтных структураў. Свабодная прэса амаль поўнасьцю зьнішчаная. Дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў і апазыцыйных партыяў рэзка абмяжоўваецца – ім інкрымінуецца атрыманьне заходніх грошай на тое, каб зрынуць Лукашэнку”, – передае аўстрыйскі канал ORF.
XS
SM
MD
LG