Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грузія: падазраваны ў замаху на Буша расстраляў начальніка спэцназу


Юрась Бушлякоў, Прага Напярэдадні ўвечары грузінская паліцыя арыштавала 27-гадовага Ўладзіміра Аруцюняна, падазраванага ў замаху на жыцьцё прэзыдэнтаў ЗША й Грузіі Джорджа Буша й Міхаіла Саакашвілі. Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі, выйсьці на сьлед меркаванага злачынца дапамагла фатаграфія, зробленая з амэрыканскага спадарожніка.

10 траўня, у часе знаходжаньня прэзыдэнтаў на пляцы Свабоды ў Тбілісі, з натоўпу была кінутая баявая граната – упаўшы на адлегласьці 30 мэтраў ад трыбуны, граната не спрацавала.

27-гадовага беспрацоўнага Аруцюняна затрымалі ў ходзе спэцапэрацыі ў прымесьці Тбілісі. Убачыўшы паліцыянтаў, падазраваны ў замаху на жыцьцё Буша й Саакашвілі адкрыў агонь з аўтамата Калашнікава і застрэліў начальніка контратэрарыстычнага аддзелу Службы бясьпекі Грузіі Зураба Квэлівідзэ. У перастрэлцы з супрацоўнікамі спэцназу Аруцюнян атрымаў раненьні ў нагу й грудную клетку, у яго пашкоджана адно лёгкае.

Арыштаваны знаходзіцца цяпер у тбіліскай Рэспубліканскай бальніцы пад узмоцненай аховаю. У інтэрвію, паказаным увечары па грузінскіх тэлеканалах, Аруцюнян прызнаўся ва ўчыненым злачынстве. “Я кінуў гранату ў Буша”, – сказаў Аруцюнян у размове з кіраўніком прэсавага цэнтру МУС Грузіі Гурамам Данадзэ.

У доме, дзе Аруцюнян жыў разам з маці, знойдзены выбуховыя рэчывы й дэтанатары. У блізкім часе да расьсьледаваньня факту замаху на прэзыдэнтаў Буша й Саакашвілі маюць намер далучыцца супрацоўнікі Фэдэральнай службы выведкі ЗША.

Як паведамілі ў Адміністрацыі грузінскага прэзыдэнта, пасьля інфармацыі пра арышт Аруцюняна Міхаіл Саакашвілі вырашыў скараціць свой адпачынак у Нідэрляндах і вылецець у Тбілісі.
XS
SM
MD
LG