Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Гомелі здымаюць фільм пра замах на Сталыпіна?


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомелі на мясцовым тэлебачаньні здымаецца 4-сэрыйны дакумэнтальны фільм з элемэнтамі мастацкага кіно “З бомбай і браўнінгам”. Расповед у ім ідзе пра першы гучны замах у 1906 годзе на жыцьцё прэм`ер-міністра Расейскай імпэрыі Пятра Сталыпіна. З Гомеля перадае наш карэспандэнт.

У рэжысэра фільма Алега Несьцерава цікаўлюся, чым абумоўлена такая ўвага да падзеяў у Санк-Пецербурзе амаль 100-гадовай даўніны:

(Несьцераў: ) “Абрана тэма таму, што ў замаху на Сталыпіна бралі ўдзел гомельскія і веткаўскія сацыялісты-рэвалюцыянэры, максымалісты. Карацей кажучы, тэрарысты таго часу”, – кажа рэжысэр Алег Несьцераў.

Цяпер вядома, што да выбуху на дачы тагачаснага прэм`ера Расейскай імпэрыі на Аптэкарскай высьпе ў Санкт-Пецербургу спрычыніліся браты Аляксандр і Іван Малеевы зь Веткі, браты Ціпунковы з суседняй Браншчыны.

Падчас выбуху бомбы загінуў і адзін зь непасрэдных выканаўцаў замаху на Сталыпіна Эльля Забельшанскі. Незадоўга да гэтага ён кіраваў у Гомелі прафсаюзам шчаціньнікаў.

Згаданыя факты па драбніцах сабраў гісторык, аўтар сцэнару фільма “З бомбай і браўнінгам” Юрась Глушакоў.

(Глушакоў: ) “Гамельчукі бралі вельмі актыўны ўдзел у першай расейскай рэвалюцыі, у тым ліку і збройнай барацьбе. Прыгадаю Пятра Карповіча, ці Пятруся, як яго звалі на катарзе таварышы. Можна назваць Івана Пуліхава, які пэўны пэрыяд дзейнічаў у Гомелі. Можам згадаць гомельскіх эсэраў-максымалістаў Эльлю Забельшанскага, Івана Ціпункова, Іван Малеева ды іншых, што вялі актыўную падпольную барацьбу. Усё гэта былі людзі, якія не шкадавалі жыцьця ў барацьбе з самаўладзьдзем”, – сьцьвярджае гісторык, дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў.

Паводле гісторыка, для збройнага пратэсту былі шматлікія важкія прычыны:

(Глушакоў: ) “Дзеля гэтага былі вельмі сур`ёзныя падставы. Царскае самаўладзьдзе душыла ўсё, што толькі магчыма. Насельніцтва Беларусі зьведвала двайны, трайны прыгнёт. Гэта найперш палітычны ўціск, калі людзі ня мелі легальнай магчымасьці выказаць нейкі пратэст. Па-другое, існаваў эканамічны і сацыяльны гнёт. Скажу і пра моцны нацыянальны ўціск. Беларускае насельніцтва было пазбаўлена ўсялякіх нацыянальных правоў. Таксама яўрэйскае ды ўсе іншыя нацыянальныя меншасьці, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі”, – кажа гісторык Глушакоў.

У горадзе да гэтага часу існуюць вуліцы імя былых сацыялістаў– рэвалюцыянэраў. Да прыкладу, Пятра Карповіча, ураджэнца Гомеля. У 1901 годзе Карповіч сьмяротна параніў міністра асьветы царскай імпэрыі Багалепава за рэпрэсіі ў дачыненьні студэнцтва.

Ёсьць вуліца Ягора Сазонава, чальца “Баявой арганізацыі” эсэраў. У Санкт-Пецярбурзе Сазонаў забіў міністра ўнутраных спраў царскай Расеі Плеве.

У Менску вуліца імя сацыяліста-рэвалюцыянэра Івана Пуліхава лічыцца адной з самых прэстыжных. Тут жыве пераважна кіраўнічая эліта. Эсэр Іван Пуліхаў напачатку мінулага стагодзьдзя зьдзейсьніў замах на менскага губэрнатара Курлова.
XS
SM
MD
LG