Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Магчыма, цяперашняя акцыя ў Лёндане мела чыста дэманстрацыйны характар"


RFE/RL Свой аналіз сёньняшніх выбухаў у брытанскай сталіцы прапануе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

Пакуль адмыслоўцы не назіраюць сувязі паміж сёньняшнімі выбухамі і нападамі 7 ліпеня. Але гэтая сувязь вынікае з цынічнай лёгікі тэрору, уласьцівай добрым знаўцам чалавечай псыхалёгіі з “Аль-Каеды”.

Тэрарыстычных нападаў у сьвеце адбываецца і адбывалася шмат, але такі паўторны ўдар нанесены праз два тыдні пасьля першага – зьява даволі рэдкая. Прыгадваюцца хіба падобныя каскады тэрактаў у Ізраілі, ці тэракты ў Расеі, калі неўзабаве пасьля выбухаў у маскоўскім мэтро былі падарваныя два самалёты.

Магчыма, цяперашняя акцыя мела чыста дэманстратыўны характар, пакуль няма ніякіх зьвестак аб ахвярах выбухаў. Але наагул сучасны тэрор, які скіраваны не на ўрадоўцаў, а на звычайных людзей, мае на мэце менавіта дэманстрацыю, карціну, ён імкнецца ня зьнішчыць як мага болей людзей, а пасеяць страх, спарадзіць у астатніх адчуваньне безабароннасьці.

Пасьля першай тэрарыстычнай атакі ўлады заяўляюць, што зробяць усё магчымае, каб прадухіліць паўтарэньне, усе сілавыя структуры пераводзяцца ў рэжым падвышанай пільнасьці. Паўторны ўдар – пасланьне родным ахвяраў і іх суграмадзянам: “Вашыя ўлады ня здольныя вас абараніць, мы вас можам падарваць , калі захочам”.

Відаць, тэрарыстаў былі расчараваныя той непахіснасьцю, зь якой лёнданцы адрэагавалі на атаку 7 ліпеня. У Лёндане не атрымалася, як у Мадрыдзе летась, калі сэрыя тэрактаў наўпрост паўплывала на вынікі выбараў і прывяла да вываду гішпанскіх войскаў зь Іраку.

Мэта паўторнай атакі – перанакіраваць гнеў людзей з тых, хто забівае, на тых, хто аказваецца няздольным прадухіліць забойствы – на ўлады.

Магчыма, улады і сапраўды заслугоўваюць папрокаў, у брытанскай сталіцы знайшлі сабе прытулак шэраг ідэолягаў і дзеячаў радыкальнага ісламу. І яны выкарыстоўваюць талерантнасьць і плюралізм вольнага грамадзтва для зьнішчэньне ўсялякай талерантнасьці і плюралізму. Эўрапейская сетка джыхаду, якая рыхтавалася гадамі, зараз выходзіць на паверхню і пачынае сваю крывавую працу.

Але вінаваціць уладу – гэта той згубны шлях, на які ўласна тэрарысты і штурхаюць людзей, што і ёсьць іх мэтай. Нават Ізраіль зь ягоным велізарным досьведам змаганьня з тэрарызмам ня можа прадухіліць усе тэракты.

Праўда насамрэч вельмі суворая і жахлівая – стопрацэнтова абараніцца ад тэрору немагчыма, адзіная зброя ад яго – не ісьці па тым шляху, на які штурхаюць людзей тэрарысты. Калі грамадзтва апаноўвае страх і недавер да ўласнай улады, значыць тэрарысты дасягнулі сваёй мэты.

Пасьля тэрактаў 7 ліпеня брытанскія газэты цытавалі адну старую жыхарку Лёндану, якая сказала :”Мы не кланяліся Гітлеру, дык што – зараз нам кланяцца гэтым?”.

Гэта быў аналіз сёньняшніх выбухаў у брытанскай сталіцы аглядальніка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста.
XS
SM
MD
LG