Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падмацаваныя амбіцыі Беларусі на ляўры “касьмічнай дзяржавы”?


Ігар Карней, Менск Падчас рабочага візыту ў Расею Аляксандар Лукашэнка наведаў ракетна-касьмічную карпарацыю “Энэргія”. Там у Лукашэнкі ў пэўным сэнсе і "асабісты інтарэс": плянуецца, што 5 сьнежня з дапамогай спэцыялістаў цэнтру імя Каралёва на каляземную арбіту будзе выведзены першы беларускі спадарожнік "БелКА". Тым часам, некаторыя беларускія навукоўцы лічаць, што такі глябальны праект гэта не апраўданая трата грошай, паколькі асноўную патрэбу – атрыманьне з космасу здымкаў – бальшыня краінаў вырашае больш эканомным чынам: таньней такія матэрыялы проста купіць.

Удзел Беларусі ў касьмічнай праграме – адно толькі чарговы крок у амбіцыйных праектах кшталту будаўніцтва тэлевежы ці Нацыянальнай бібліятэкі.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка, так бы мовіць, “праінспэктаваў” карпарацыю “Энэргія”: кіраўніка краіны перадусім цікавіла, як ідуць справы ў тэхнічнай камплектацыі першага беларускага спадарожніка “БелКА” (“Беларускі касьмічны апарат”). Мяркуючы па ўсім, працай расейцаў высокі госьць застаўся задаволены, бо гаворкі пра адтэрміноўку запуску спадарожніка не было, а на разьвітаньне Лукашэнка падзякаваў расейцам за дапамогу ў станаўленьні Беларусі як “касьмічнай дзяржавы”.

Нагадаю, што старт спадарожніка заплянаваны на 5 сьнежня 2005 году. Аднак некаторыя датычныя да гэтай галіны спэцыялісты лічаць: па тых вялізных сродках, што ўкладзеныя ў праект, мэтазгоднасьць запуску аўтаномнага спадарожніка сумнеўная. Паводле аднаго з супрацоўнікаў Акадэміі навук, сачэньне за спадарожнікам будзе вылівацца ў 5 мільёнаў даляраў штогод. Сам праект каштуе дзесьці 30 мільёнаў даляраў – гэта больш, чым бюджэт усёй Акадэміі навук, якая ёсьць куратарам праекту. Інстытут аб’яднаных праблемаў інфарматыкі НАН (да нядаўняга часу Інстытут кібэрнэтыкі) – удзельнік касьмічнай праграмы зь беларускага боку. Грошы, якія маглі б пайсьці на многія галіны навукі, “спаляцца” на адну "Белку" ў імя асабістых амбіцый, – гэтак выказаўся адзін з навукоўцаў, які не пажадаў назваць сваё імя.

(Навуковец: ) “Людзі проста вырашылі “хапнуць” з бюджэту 30 мільёнаў даляраў. Ракета-носьбіт і сам спадарожнік – расейскія, часткова з нашым начыньнем. Мой інстытуцкі знаёмы сам размаўляў з генэральным канструктарам “Энэргіі” і прыйшоў да высновы: па-першае, страшэнная трата грошай, таму што здымкі са спадарожніка можна элемэнтарна купляць. Каштуюць яны ня танна, але ўсё роўна гэта куды меншыя выдаткі, чым запускаць сам спадарожнік. Таму нават жарт такі зьявіўся: скончыліся ў Інстытуту здымкі, дык яны вырашылі гэткага монстра стварыць і ў космас адправіць. Вырашылі, так бы мовіць, пусьціць пыл у вочы, што гэты спадарожнік так нам неабходны”.

Былы кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч перакананы: эканамічны эфэкт ад падобнага праекту практычна не пралічаны. Спадар Вайтовіч вінаваціць у гэтым цяперашняе кіраўніцтва Акадэміі навук і, у прыватнасьці, старшыню НАН Міхаіла Мясьніковіча, які, па-першае, досыць далёкі ад праблемаў навукі, а, па-другое, мусіць выконваць усе прыхамаці ўладаў без усялякіх грунтоўных дасьледаваньняў.

(Вайтовіч: ) “На жаль, начальнік у Акадэміі не прафэсіянал сёньня. Мы думалі ў Акадэміі навук так: магчыма, спадар Мясьніковіч чамусьці яшчэ навучыцца, але ўжо прайшло больш за тры гады, як ён старшыня прэзыдыюму НАН, ужо не прэзыдэнт, але нічому так і не навучыўся. Замест таго, каб думаць, абмяркоўваць, дыскутаваць вакол тых пытаньняў, якія тычацца разьвіцьця навукі, мы ў Акадэміі большасьць часу цяпер занятыя тым, што адбіваемся ад пражэктаў, якія начальства ўкідвае, ад нікому не патрэбных задумак. Інавацыйнае разьвіцьцё павінна з Акадэміі навук таксама расьці, распачынацца інавацыйныя справы. На жаль, у Акадэміі нічога па-сапраўднаму не ствараецца, і нават гутарак няма на гэтую тэму”.

Паводле спэцыялістаў, жыцьцё спадарожніка “БелКА” акрэсьлена невялікім тэрмінам – найболей пяць гадоў.

Між тым, у Інстытуце аб’яднаных праблемаў інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі навук кажуць пра вялікія пэрспэктывы спадарожніка “БелКА”. Так, вучоны сакратар Інстытуту Альберт Пятроўскі ўдакладніў, што спадарожнік, перадусім, прызначаны для правядзеньня геадэзычных і картаграфічных працаў, а таксама для атрыманьня мэтэаралягічнай інфармацыі. А гэта значыць, інтарэс да праекту прагназуецца значны. Зараз акадэмічны інстытут праводзіць актыўную тлумачальную працу сярод зацікаўленых структураў:

(Пятроўскі: ) “Мы досыць энэргічна адукоўваем, выступаем, прапануем, прапануемся, прыцягваем да гэтай справы “за рукі, за ногі”. Мы грунтоўна працуем над тым, каб прыцягваць cпажыўцоў да выкарыстаньня гэтага ўнікальнага рэсурсу. Ужо створаны рэспубліканскі супэркампутарны цэнтар. Бо ўвогуле можна казаць пра пэрспэктывы ў тым выпадку, калі энэргічна пачнуць выкарыстоўваць магчымасьці, якія рэальна ствараюцца”.

Акупіцца спадарожнік, паводле спадара Пятроўскага, усяго за паўгода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG