Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І праз год пасьля "апазыцыйнага" канцэрту рок-гурты застаюцца пад забаронай


Галіна Абакунчык, Менск 21 ліпеня спаўняецца год канцэрту на менскім пляцы Бангалор з удзелам шэрагу беларускіх рок-гуртоў і выканаўцаў. Сярод іх былі “N.R.M.”, "Нэйра-дзюбель","Палац" Аляксандр Памідораў і іншыя. Музыкі выступілі ў знак падтрымкі мітынгу, арганізаванаму дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Скрабцом, Уладзімерам Парфяновічам і Валерыям Фраловым. Акцыя прайшла пад лёзунгамі: "Не – трэцяму тэрміну", "Свабода Марынічу" і была дазволеная гарадзкой адміністрацыяй. Аднак улады распачалі перасьлед удзельнікаў канцэрту, які доўжыцца й па сёньня.

Неўзабаве пасьля мітынгу-канцэрту Аляксандр Лукашэнка ў часе чарговай публічнай прамовы выказаў незадаволенасьць выступам музыкаў на апазыцыйным мітынгу. Гэта сталася пачаткам негалоснай забароны на дзейнасьць гэтых калектываў у Беларусі. Афіцыйныя ўлады ніколі ня песьцілі незалежных музыкаў, аднак гэтым разам ціск распачаўся зьнішчальны, – кажа адзін з удзельнікаў канцэрту, лідэр гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі.

(Вольскі: ) “Забароны негалосныя й раней здараліся. Пасьля гэтага ж канцэрту зьявіліся “чорныя” сьпісы на радыё, тэлебачаньні, у іншых дзяржаўных СМІ. І шэраг гуртоў зараз не фігуруюць у беларускім эфіры. Пэўна, узьнікла нейкая генэральная лінія, зараз вельмі цяжка правесьці канцэрт. А калі гэты канцэрт не адбываецца, то вельмі цяжка даказаць, што ён забаронены. Бо зараз вельмі добра адладжаная бюракратычная сыстэма”.

Яшчэ адзін удзельнік канцэрту, лідэр гурту "Нэйра-дзюбель" Аляксандр Кулінковіч таксама заяўляе, што скіраванасьць уладаў на зьнішчэньне беларускай рок-музыкі была заўжды, а выступ на Бангалоры стаўся ўсяго толькі падставаю для далейшага наступу. Ён доўжыцца й па сёньня: канцэртная дзейнасьць калектыву ў Беларусі заблякаваная й "Нэйра-дзюбель" фактычна, не існуе. Але цалкам зьнішчыць беларускую рок-музыку ўладам ня ўдасца, – кажа Аляксандар Кулінковіч.

(Кулінковіч: ) “Мы ўсё роўна неяк будзем выкручвацца – прывыклі ўжо. Я пагутарыў з забароненымі музыкамі й высьветлілася, што гурты, якія папулярныя ў Літве, Польшчы ці ў іншых краінах, і маюць магчымасьць туды выяжджаць, па вялікім рахунку ня шмат і згубілі. Па "Нэйра-дзюбелю" гэта вельмі моцна ўдарыла. Бо мы толькі пачалі сьпяваць па-беларуску й іншыя краіны ў нас не зацікаўленыя. Адзіная краіна, якая нас кліча, гэта Расея. Але я не хачу ў яе ісьці з тых жа прычынаў, што й не ўступаю ў БРСМ”.

Забароненыя рок-музыкі адзінадушна заяўляюць, што не шкадуюць за свой удзел ў так званым "апазыцыйным" канцэрце. І нават маюць з гэтага карысьць, бо ўсё адбытае іх толькі зблізіла, – кажа лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка.

(Хаменка: ) “Падтрымліваем адзін аднаго. Мы й раней сябравалі, але ўсе гэтыя падзеі нашае сяброўства зрабілі больш моцным. Што мы будзем шкадаваць? Тое, што мы рабілі, гэта ўсё было абсалютна правільна й нармалёва. Можа мы й думаем, як тыя дэпутаты, якія запрасілі нас на канцэрт. Але мы свае думкі не выказвалі, а канцэртам падтрымалі абраньнікаў народа. Аб чым тут шкадаваць? Трэба шкадаваць тым людзям, якія вырашылі нешта злоснага нарабіць, ня ведаючы чаму”.

Паводле спадара Хаменкі, зараз “Палац” актыўна гастралюе за мяжой. Паслухаць беларускі фольк жыўцом у Беларусі зараз магчымасьці няма.

***

Алег Хаменка быў аўтарам і вядучым праграмы “Настаўніцкая” на канале “Лад” Беларускага тэлебачаньня. Аднак пасьля выступу “Палаца” на пляцы Бангалор, праграму забаранілі, а ўвесь калектыў гурту ў поўным складзе звольнілі з працы ў "Белканцэрце". Яшчэ аднаго ўдзельніка канцэрту на Бангалоры, Аляксандра Памідорава, звольнілі з тэлеканала “СТВ”, дзе ён вёў праграму “Тэхналёгія”. Сёлета ў менскім клюбе “Рэактар” былі забароненыя два канцэрты: гурту “N.R.M.” і "Нэйра-дзюбель". Музыкі распаўсюдзілі адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваньнем патлумачыць зь якіх прычынаў вядзецца іхны перасьлед, аднак адказу не атрымалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG