Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычны скандал можа ўскладніць працэс выдачы візаў беларусам


Альгерд Невяроўскі, Менск Кіраўнік консульскага аддзелу амбасады Польшчы ў Беларусі Анджэй Бучак, абвешчаны беларускімі ўладамі пэрсонай нон-грата, сёньня пакінуў Беларусь. У зьвязку з гэтым Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з афіцыйнай заявай. Польскае МЗС заяўляе, што наступствамі выдаленьня зь Беларусі польскага дыплямата можа стаць ускладненьне для беларускіх грамадзянаў фармальных пытаньняў, зьвязаных з паездкамі ў Польшчу.

Гэтая заява польскага замежнапалітычнага ведамства была распаўсюджаная ўчора. Сёньня я паехаў да консульскага аддзелу амбасады Польшчы, каб спраўдзіць, ці насамрэч беларускія грамадзяне сталі адчуваць складанасьці падчас атрыманьня польскіх візаў. Вось што казалі беларусы, якія выходзілі з консульства:

(Спадарыня: ) “Я адчула, таму, што мне прыйдзецца заўтра прыходзіць сюды другі раз. Сёньня я візы не атрымаю. Я не пасьпела атрымаць нейкі штамп, дазвол каб увайсьці ў амбасаду”.

(Спадарыня: ) “Пакуль яшчэ не, але нейкая напружанасьць адчуваецца”.

(Спадарыня: ) “Нармальна, атрымала без праблем. Адно што вялікую чаргу прыйшлося стаяць. Учора спраўдзілі дакумэнты, сёньня здалі, заўтра атрымаем візу”.

(Спадарыня: ) “Немагчыма дазваніцца. Добра, калі нехта езьдзіць у камэрцыйных справах. Няма жаданьня езьдзіць у Польшчу пасьля таго, як тут сутыкнесься з гэтымі праблемамі”.

Трэба дадаць, што праблема чэргаў каля консульстваў іншых краінаў у Менску заўсёды абвастраецца падчас сэзону летніх адпачынкаў.

А вось што сказала з нагоды распаўсюджанай заявы польскага Міністэрства замежных справаў прэсавы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Моніка Садкоўская:

(Садкоўская: ) “Цяжка гаварыць пра гэта менавіта ў гэты момант. Але ж пэўна ёсьць фактам тое, што асоба, якая адказвае за працу консульства, цяпер адсутнічае, і ў нейкай ступені гэта выклікае складанасьці. Хаця, як вы заўважылі ў гэтай заяве, мы будзем рабіць усё, каб гэта не паўплывала нэгатыўна на ўзаемны рух польскіх і беларускіх грамадзянаў і на працу консульства. Вядома, што цяпер пэрыяд адпачынкаў і попыт на візы павялічыўся. Таму мне здаецца, што консульства зробіць усё магчымае, каб працэдура выдачы візаў праходзіла нармальна”.

А дарадца амбасады Польшчы Анджэй Альборскі патлумачыў, што менавіта высланы зь Беларусі шэф консульскага аддзелу меў права падпісваць праўныя дакумэнты, якія давалі асобным катэгорыям беларускіх грамадзянаў пэўныя прэфэрэнцыі ў справе атрыманьня польскай візы. І ў гэтым сэнсе працэс выдачы візаў, напрыклад, без аплаты консульскага збору пакуль стане немагчымым.

Беларускае Міністэрства замежных справаў пакуль ніяк не адрэагавала на заяву замежнапалітычнага ведамства Польшчы. Тым часам, учора Польшчу павінен быў пакінуць дарадца беларускай амбасады Максім Рыжанкоў, абвешчаны ўладамі гэтай краіны пэрсонай нон-грата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG