Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля Берасьця пабудавалі радыяцыйны могільнік насуперак пратэстам жыхароў


Алег Супрунюк, Берасьце У найбліжэйшыя дні дзяржаўная камісія мае намер канчаткова прыняць у эксплюатацыю могільнік у ваколіцах вёскі Струга Маларыцкага раёну, дзе будуць захоўвацца радыяцыйныя адкіды.

Будаўніцтва могільніку ажыцьцяўлялася насуперак жаданьню мясцовых жыхароў і тых берасьцейцаў, што маюць побач з узьведзеным аб’ектам свае лецішчы. Летась у навакольных вёсках зьбіраліся подпісы за тое, каб правесьці з гэтай нагоды мясцовы рэфэрэндум. Паводле меркаваньня людзей, могільнік істона пагоршыць экалягічную сытуацыю ў гэтых мясьцінах.

Аднак улады Маларыцкага раёну перашкаджалі правядзенью арганізацыйных сходаў і пачалі ціск на тых, хто выступаў з ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму. Як вынік, могільнік быў пабудаваны, і сюды ўжо перавезьлі адпрацаваную ўранавую руду, што засталася ў Берасьці, калі там у час СССР перагружалі радыяцыйныя адкіды, завезеныя з атамных электрастанцыяў Усходняй Эўропы.

Паводле афіцыйных зьвестак, будаўніцтва могільніку ды іншыя працы, зьвязаныя з захаваньнем небясьпечных рэчываў, каштавалі прыблізна 3 мільярды рублёў. Цяпер улады Берасьця разглядаюць магчымасьць узьвядзеньня шматпавярховых жылых будынкаў на месцы ў цэнтры гораду, адкуль цягам апошняга году вывозілі забруджаную радыяцыяй зямлю.
XS
SM
MD
LG