Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амонаўцы разагналі пікет у цэнтры Менску (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск У цэнтры Менску дзесяць актывістаў моладзевага руху “Зубр” ладзілі пікет пад лёзунгам “Свабода палітвязьням”. Празь некалькі хвілінаў акцыю разагналі амонаўцы. Усіх пікетоўцаў затрымалі і адвезьлі ў дзяжурную частку міліцыі Савецкага раёну.

А 17-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа 9 чалавек сталі ля помніка. Двое юнакоў трымалі расьцяжку: “Свабоду палітвязьням!”, астатнія – партрэты Міхаіла Марыніча, Валерыя Леванеўскага, Аляксандра Васільева, Сяргея Скрабца, Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча.

Студэнт Павал, які папрасіў не называць яго прозьвішча, патлумачыў Радыё Свабода мэту пікету:

(Павал: ) “Сёньня такі дзень, калі споўнілася 11 гадоў з таго часу, як Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Сёньня ён у Маскве абдымаецца з Уладзімерам Пуціным, вырашае свае нейкія праблемы асабістай бясьпекі. А мы прыйшлі сюды, каб нагадаць усяму грамадзтву аб тым, што ўсе гэтыя 11 гадоў у нашай краіне зьнікалі людзі, зьяўляліся палітвязьні, закрываліся незалежныя газэты і недзяржаўныя ВНУ – Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, міжнародны гуманітарны ўнівэрсытэт пры БДУ.”

Літаральна праз некалькі хвілінаў каля дваццаці амонаўцаў кінуліся на пікетоўцаў. Яны за рукі і за ногі пацягнулі юнакоў у аўтобус. Дзьве дзяўчынкі, Алена Копач і Тацяна Ушко, селі на брук. Відаць, амонаўцы вырашылі, што зь дзяўчатамі лягчэй зладзіць. Да іх падышлі камандзір роты і яго падначалены. Але аднесьці дзяўчат у аўтобус у іх не атрымалася. У выніку камандзір роты папрасіў падмогі. Двух дробненькіх дзяўчат у аўтобус несьлі шэсьць амонаўцаў.



Гэта прыцягнула ўвагу мінакоў. На плошчу пайшлі людзі. Так адзначылі дату 11-гадовага кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам у цэнтры сталіцы. Супрацоўнікі міліцыі высьвятляюць асобы затрыманых. Хутчэй за ўсё, абыдзецца без складаньня пратаколаў і судовых наступстваў.
XS
SM
MD
LG