Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра што гаварылі Пуцін і Лукашэнка? Вэрсіі ў замежным друку


Падрыхтавала Вольга Караткевіч, Прага "Апошні дыктатар Эўропы і Пуцін аб''ядноўваюцца", "Бацька прыехаў у госьці, "Лукашэнка прыехаў па газ і падтрымку", "Крэмль цягне бацьку зь пекла", - гэта загалоўкі з замежнага друку, які камэнтуе сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

Газэта "Коммерсант" разглядае тры варыянты палітычных дачыненьняў Расеі і Беларусі. Паводле Міхаіла Зыгара, у Маскве ўсьвядомілі, што пэрспэктыва "васільковай" рэвалюцыі ў Менску вельмі рэальная, таму паспрабуюць патлумачыць Лукашэнку, што адзіны для яго спосаб застацца ля ўлады – пагадзіцца на хуткае паглынаньне Беларусі Расеяй. У Каралёве Лукашэнка заявіў, што "хоча захаваць касьмічную школу Беларусі, і бяз братняй Расеі захаваць гэтую школу немагчыма". " Коммерсант" адзначае: Пуціну трэба патлумачыць свайму калегу, што "без братняй Расеі" яму ўжо не захаваць і ўласнага крэсла. Расейскія ўлады, паводле выданьня, гатовыя паставіць пытаньне рэбрам: ці фарсаванае аб''яднаньне з Расеяй, ці непазьбежная каляровая рэвалюцыя. "Коммерсант" піша, што Крэмль можа настаяць на сваім варыянце інтэграцыі – увядзеньне расейскага рубля, устанаўленьне расейскага кантролю над энэргетычнай інфраструктурай Беларусі і найбуйнейшымі прамысловымі прадпрыемствамі. Узамен Лукашэнка атрымае "крышу".

Газэта нагадвае, што для ЗША – Лукашэнка апошні дыктатар Эўропы, наўрад ці Расея рызыкне ўступаць у адкрыты саюз з Аляксандрам Лукашэнкам супраць Захаду. Разьлік, відаць, робіцца на тое, каб выціснуць зь яго максымум, хутка інтэграваць Беларусь у Расею і прапанаваць Лукашэнку суцяшальную пасаду.

Другі варыянт – заходні. Пасьпяховасьць перамоваў Пуціна і Лукашэнкі залежыць, мяркуе "Коммерсант", ад таго, ці ўдасца расейскаму прэзыдэнту пераканаць беларускага, што становішча апошняга безвыходнае. Аргумэнтаў у Расеі шмат – для ЗША Лукашэнка непрымальны лідэр, наступная прэзыдэнцкая кампанія будзе асноўнай барацьбой за ўладу. Гэта разумеюць і ў Менску, і ў Маскве. Калі Захад усур''ёз возьмецца за Лукашэнку, то супрацьстаяць гэтай кампаніі мала шанцаў, нават, калі Масква акажа завуяляваную падтрымку Лукашэнку.

І яшчэ адзін сцэнар - ён будзе разьвівацца, калі Лукашэнка не саступіць Расеі – тады разам з Захадам Расея пачне апэрацыю супраць Лукашэнкі і будзе сумесна абраны пераемнік цяперашняга беларускага лідэра.

"Независимая газета" зьвяртае ўвагу на ўзмоцненую піар-актыўнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў апошні час. Газэта піша: "Ледзьве ня кожны дзень Лукашэнка праводзіць розныя па маштабах піар-кампаніі - ад наведваньня глыбінкі да танцаў перад Палацам рэспублікі. І дзяржаўныя СМІ працуюць на гэта, бо інфармацыйнае поле свабоднае ад іншадумцаў. Паводле гэтага выданьня, ня выключана, што тэмай закрытай размовы Лукашэнкі і Пуціна – правядзеньне ў Беларусі датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. На думку аналітыкаў, Лукашэнка ўжо вызначыўся з тэрмінамі іх правядзеньня і прыехаў узгадніць свае намеры з Крамлём.

Для Масквы гэта няпростае раздарожжа – пішуць расейскія "Известия". З аднаго боку, Пуцін неаднаразова гаварыў, што ў перадвыбарчай сытуацыі прынцыпова падтрымлівае цяперашнюю ўладу, а не апазыцыю (хаця, паводле зьвестак газэты, Крэмль некаторы час назад спрабаваў пачаць пошукі прымальнай кандыдатуры будучага прэзыдэнта), зь іншага – адкрыта ўстаць на бок Лукашэнкі – гэта нанесьці шкоду ўласнаму іміджу. Вось адзін са сцэнароў, апісаны калякрамлёўскім палітолягам: "Лукашэнка баіцца "аранжавых" рэвалюцыяў у Беларусі, але ня так моцна, каб пагадзіцца стаць 90-м рэгіёнам". Гэта значыць, Крэмль можа выкарыстаць ім жа створаную сытуацыю няпэўнасьці, каб "даціснуць" вырашэньне ключавых пытаньняў кшталту адзінай валюты ці ўніфікацыі заканадаўства. Што да цэнаў на газ, дык яны вельмі жорстка зьвязаныя са стаўленьнем да выбараў. Пуцін абяцаў, што ў 2006 годзе яны захаваюцца на цяперашнім роўні (што было ацэнена як абяцаньне падтрымкі), аднак пакуль ніякімі кантрактамі гэта не пацьверджана. "Газпром" жа заяўляў пра намер перайсьці на рынкавыя цэны для краінаў СНД, прычым агаворак пра асаблівы стан Беларусі не рабілася.

Брытанская "The Times" у артыкуле "Апошні дыктатар Эўропы і Пуцін аб''ядноўваюцца" піша, што саюз дзьвюх дзяржаваў мог бы даць магчымасьць Уладзіміру Пуціну застацца прэзыдэнтам пасьля 2008 году, калі закончыцца другі і апошні тэрмін Пуціна на прэзыдэнцкай пасадзе. Аўтар лічыць, што абодва лідэры пасьля рэвалюцыяў у Грузіі, Украіне і Кіргізстане пакінулі ў баку непаразуменьні і цяпер прасоўваюць пляны стварэньня новага саюзу. Расейскія афіцыйныя асобы паведамляюць, што яны рыхтуюць праект канстытуцыі саюзнай дзяржавы, які, магчыма будзе разгледжаны Лукашэнкам і Пуціным увосень. "The Times" цытуе прэс-сакратара Саюзу Беларусі і Расеі Івана Макушка, паводле якога працэс поўнага аб''яднаньня можа заняць усяго два гады.
XS
SM
MD
LG