Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне што да радыеактыўнага “магільніка” ў Літве яшчэ не прынятае


Тацяна Поклад, Вільня На гэтым тыдні, у аўторак, мы паведамлялі пра рэакцыю Беларусі на намер Літвы пабудаваць сховішча для радыеактыўных адкідаў побач зь беларускай мяжой, у раёне Браслаўскіх азёраў. Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы ў адказ на заклапочанасьць беларускіх эколягаў і грамадзтва паведамляе, што рашэньне пра месца пабудовы радыеактыўнага “магільніка” яшчэ не прынятае. Паводле літоўскага боку, уся інфармацыя цалкам даступная ня толькі афіцыйным асобам, але і шырокай грамадзкасьці.

На цяперашні момант радыеактыўныя адкіды ў Літве захоўваюцца ў спэцыяльных кантэйнэрах на Ігналінскай АЭС. У Беларусі распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што сховішча для адкідаў – “магільнікі” – Літва плянуе будаваць на тэрыторыі АЭС. Калі станцыя будзе закрытая, на яе тэрыторыі сховішчаў не павінна быць, і менавіта таму разглядаюцца магчымасьці пабудаваць іх па-за межамі станцыі. Дзе дакладна – яшчэ канчаткова не вызначана, але прапаноўваюцца два месцы ў тым жа Ігналінскім раёне – у Галілаўке (4 км ад АЭС) альбо ў Апвардэй (8 км ад АЭС), блізка ад межаў з Латвіяй і, асабліва, – зь Беларусьсю, дзе зусім побач нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”.

Заклапочанасьць беларускага грамадзтва цалкам натуральная, таму Літва, як афіцыйна цьвердзіць міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы ў сваёй заяве, інфармавала суседнія краіны пра свае пляны, паводле патрабаваньняў прынятай Espoo канвэнцыі. Усю інфармацыю атрымала і Беларусь, хаця яна так і не далучылася да канвэнцыі Espoo, па супрацоўніцтву ў справах экалёгіі ў памежных зонах.

Кіраўнік аддзелу ацэнкі ўплыву на асяродзьдзя зь міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы Віталіюс Аўгліс:

(Аўгліс: ) “Гэтая інфармацыя не зьяўляецца таемнай, яна даступная для грамадзкасьці, як і справаздача пра ўплывы на асяродзьдзе – усё ёсьць адкрыта ў сеціве, на старонках Агенцтва ўпарадкаваньня радыеактыўных адкідаў. Усю інфармацыю калегам зь Беларусі мы перадалі, з усімі ацэнкамі і прагнозамі. Адбываліся рабочыя сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, і былі распрацаваныя пляны, якія атрымалі, вядома, і ў Беларусі – і нам падзякавалі, што мы дзелімся інфармацыяй, – гэта крок добрай волі, бо Беларусь не далучылася да канвэнцыі Espoo. Мы прапаноўвалі, дарэчы, падпісаць двухбаковае пагадненьне для ажыцьцяўленьня гэтай канвэнцыі, але зь Беларусі ня было ніякага адказу.”

Аўтары праекту паведамілі, што быў улічаны досьвед пабудовы і эксплюатацыі такіх сховішчаў у Францыі, Швэцыі, Гішпаніі, Славакіі. Думкі незалежных эколягаў у Літве падзяліліся – ёсьць меркаваньні і “за”, і “супраць”.

(Аўгліс: ) “Цяпер працягваецца працэдура ацэнкі ўплыву на асяродзьдзе стварэньня пляцоўкі альбо ёмістасьцяў для захоўваньня радыеактыўных адкідаў. Канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае. Ідзецца пра захоўваньне і толькі адкідаў з малым тэрмінам распаду, нізкай або сярэдняй радыеактыўнасьці, гэта не ядзернае паліва. Гэтыя сховішчы будуць наверсе, не пад зямлёй, – такога самага кшталту, як у Францыі, будуць і геаграфічныя і інжынэрныя бар''еры, і пляцоўка абіраецца менавіта такая, каб была бясьпека на выпадак паводкаў, апоўзьняў.”

Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы яшчэ чакае афіцыйнага адказу Беларусі і Латвіі і цьвердзіць, што гатовае працягваць кансультацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG