Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін выступае супраць фінансаваньня палітычных партыяў з-за мяжы


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Праваабаронцы выказваюць занепакоенасьць лёсам расейскай грамадзянскай супольнасьці пасьля ўчорашніх заяваў прэзыдэнта Расеі Пуціна аб тым, што ён выступае супраць фінансаваньня палітычных партыяў з-за мяжы. Прадстаўнікі арганізацыяў, якія займаюцца праваабарончай дзейнасьцю ў Расеі асьцерагаюцца, што гэта можа быць распаўсюджанае на грамадзкія арганізацыі.

У часе сустрэчы ў Крамлі зь сябрамі прэзыдэнцкай Рады спрыяньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека, Уладзімір Пуцін выказаў занепакоенасьць палітычнымі ўплывамі звонку на сытуацыю ў краіне.

Пуцін заявіў, што ён атрымлівае інфармацыю, што з-за мяжы ў Расею накіроўваюцца грошы “на пэўныя палітычныя дзеяньні”. Не падаўшы прыкладаў, расейскі прэзыдэнт сказаў, што замежныя сілы шукаюць магчымасьцяў маніпуляваць расейскай палітычнай сцэнай.

(Пуцін: ) “Я катэгарычна супраць фінансаваньня з-за мяжы палітычнай дзейнасьці ў Расейскай Фэдэрацыі. Я катэгарычна супраць. Ніводная паважаючая сябе краіна гэтага не дазваляе і мы не дазволім”.

Раней іншыя лідэры краінаў былога Савецкага Саюзу абвінавачвалі фінансаваныя з захаду грамадзкія арганізацыі ў спрыяньні рэвалюцыям у Грузіі, Украіне і Кіргізстане. Узбэцкі прэзыдэнт Карымаў таксама ўзмацніў ціск на такія арганізацыі пасьля крывавых травеньскіх падзеяў у Андыжане.

Што да Расеі, дык паводле Элізы Мусаевай – кансультанткі Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі правоў чалавека, умовы працы грамадзкіх арганізацыяў у гэтай краіне пагаршаюцца. Спадарыня Мусаева кажа, што апошняя заява Пуціна сьведчыць аб намеры ўзмацніць уціск на супрацоўнікаў недзяржаўных арганізацыяў.

(Мусаева: ) “Я думаю гэта толькі чарговы крок, зрабіць які Пуцін сабе дазваляе, бо яшчэ раней шмат чаго яму дазволіла зрабіць міжнародная супольнасьць”.

Між тым, паводле расейскіх законаў, фінансаваньне палітычных партыяў з-за мяжы і так забароненае. Шэраг расейскіх праваабаронцаў асьцерагаюцца, што Пуцін, які выказаўся даволі неадназначна, меў на ўвазе такую дзейнасьць фінансаваных з-за мяжы недзяржаўных арганізацыяў, якую, пры жаданьні, можна назваць палітычнай – напрыклад навучаньне назіральнікаў для ўдзелу ў выбарах. Забарона такой і дзейнасьці дала б уладам магчымасьці для маніпуляцыяў у часе выбараў.

Уладзімір Пуцін запрапанаваў таксама расейскім недзяржаўным арганізацыям фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту, падкрэсьліўшы пры гэтым, што дзяржава ня мае намеру “падкупіць” трэці сэктар. Дырэктар Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі правоў чалавека Арон Родс заявіў нашаму радыё, што ў дадзеным выпадку Пуцін мае рацыю – Расея павінна падтрымліваць свае няўрадавыя арганізацыі, але толькі калі сродкі разьмяркоўваюцца праз незалежныя фонды.

***

Між тым у Беларусі захады ва ўзмацненьні дзяржаўнага кантролю за фінансаваньнем недзяржаўных арганізацыяў з-за мяжы былі зробленыя яшчэ два гады таму. Як гаворыцца ў леташняй справаздачы дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб правах чалавека, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту “Аб паляпшэньні сыстэмы атрыманьня і выкарыстаньня гуманітарнай дапамогі”, што быў падпісаны ў лістападзе 2003 году, быў забаронены шырокі спэктар дзейнасьці, фінансаванай з-за мяжы.

“Гэты дэкрэт стаў падставай для жорсткага перасьледу незалежных мэдыяў і недзяржаўных арганізацыяў, шмат зь якіх атрымлівалі падтрымку з-за мяжы”, – гаворыцца ў справаздачы.
XS
SM
MD
LG