Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся двухдзённы рабочы візыт Лукашэнкі ў Расею


Алесь Дашчынскі, Менск Сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна адбываліся за зачыненымі дзьвярыма. Кіраўнік Беларусі правёў перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным спачатку за рабочай вячэрай, а потым за рабочым сьняданкам у прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі Завідава.

Як перадаюць афіцыйныя крыніцы, абмяркоўваўся шырокі спэктар праблемаў "саюзнага будаўніцтва", узаемадзеяньня ў гандлёва-эканамічнай сфэры. Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі таксама пытаньні ўступленьня дзьвюх краінаў ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, супрацоўніцтва ў галіне паліўна-энэргетычнага комплексу, узаемадзеяньня ў міжнародных арганізацыях, аказаньня ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне, забесьпячэньня роўных правоў грамадзянаў Беларусі і Расеі ў сацыяльнай сфэры. Сустрэчы праводзіліся за зачыненымі дзьвярыма, і фактычна ніякай інфармацыі пра яе вынікі прэзыдэнцкія прэсавыя службы не падавалі.

Якая мэта гэтага візыту кіраўніка Беларусі ў Расею? Маскоўскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі мяркуе, што гэты візыт быў ініцыяваны афіцыйным Менскам.

(Піянткоўскі: ) “Ёсьць такое адчуваньне, што Лукашэнка хоча фарсіраваць сваю апэрацыю — трэці ці чацьверты прэзыдэнцкі тэрмін і перанесьці як мага бліжэй прэзыдэнцкія выбары. Ён хоча дамовіцца, як мінімум, аб нэўтральным, добразычлівым стаўленьні Масквы. Тым больш, што цяпер Масква зноў да яго паварочваецца пасьля паразы ў Грузіі і ва Ўкраіне, а таксама ў сувязі з больш жорсткім антызаходнім кірункам у палітыцы Масквы”.

Палітоляг Андрэй Піянткоўскі, аднак, ня лічыць, што гэтая сустрэча можа быць плённай у так званым саюзным будаўніцтве.

(Піянткоўскі: ) “Ну, толькі хіба на трапе самалёта, які павінен даставіць Лукашэнку ў Гаагу, ён пагодзіцца на нейкае аб’яднаньне з Расеяй. Аднак пакуль яму гэта не пагражае”.

Учора перад сустрэчай з кіраўніком Беларусі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў расейскім праваабаронцам абмеркаваць з Лукашэнкам сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак сёньня ніякай інфармацыі на гэты конт не паступіла.

Сябра Савету ў правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі палітоляг Сяргей Маркаў перакананы, што Ўладзімер Пуцін закрануў гэтую тэму ў перамовах з Лукашэнкам, бо з гэтай прычыны сама Расея мае праблемы. Паводле Маркава, многія ў расейскім кіраўніцтве не задаволеныя сытуацыяй у Беларусі.

(Маркаў: ) “Расея падтрымлівае кіраўніцтва Беларусі, Расея імкнецца не дапусьціць перавароту ў Беларусі пад назвай “аранжавай рэвалюцыі”, але пры гэтым, паколькі беларускае кіраўніцтва занадта далёка ідзе ў аўтарытарных тэндэнцыях, расейскаму кіраўніцтву даводзіцца адказваць перад заходнімі краінамі, чаму яно падтрымлівае афіцыйны Менск. Канечне, Масква была б зацікаўленая, каб, не выпускаючы з рук руля ўлады, Лукашэнка, тым ня менш, пайшоў бы на значную лібэралізацыю свайго палітычнага рэжыму”.

Што да "саюзнага будаўніцтва", то, паводле расейскага палітоляга Сяргея Маркава, гаварыць пра аб’яднаньне няма падставаў, але былі зробленыя невялікія, практычныя крокі ў такой інтэграцыі.
XS
SM
MD
LG