Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта пераняць досьвед Украіны і ліквідаваць ДАІ?


Міхал Стэльмак, Менск Ва Ўкраіне прэзыдэнт Віктар Юшчанка прыняў рашэньне ліквідаваць Дзяржаўную аўтаінспэкцыю (ДАІ). Яе супрацоўнікі, як лічыць украінскі лідэр, дыскрэдытавалі гэтую службу. А што думаюць беларусы пра сваю Дзяржаўтаінспэкцыю? Ці лічаць яны патрэбным выкарыстаць украінскі досьвед і ліквідаваць яе?

(Спадар Віктар: ) “Чуў. Дарэмна. Зусім іншыя мэтады павінны быць. Не распускаць жа іх за гэта”.

(Спадар Аляксей: ) “Не. Ліквідаваць ДАІ нельга. Мы яшчэ ня вырасьлі ў пляне дысцыплінаванасьці, каб апынуцца без ДАІ”.

(Спадарыня Алена: ) “Я сёньня размаўляла на гэтую тэму з калегамі. Лічу, што нельга пакінуць нас зусім без ДАІ”.

(Спадар Іван: ) “Я мяркую, што ва Ўкраіне гэта часовая зьява, і ўсё вернецца да ранейшага. Без ДАІ яны ўсё роўна ня змогуць існаваць”.

(Спадар Віктар: ) “Нашаму народу гэтага нельга рабіць. Бо гэта тое ж самае, што дазволіць выпіць 5 грамаў гарэлкі, дык нап’емся абавязкова як сьлед”.

(Спадар Зьміцер: ) “Каб толькі меней іх было на дарогах, дык спакайней было б езьдзіць”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Бывае, і міліцыя вінавата. Бывае, і пешаход”.

(Спадар Віктар: ) “Я ня зь Менску. Кожны тыдзень бываю ў Менску. З супрацоўнікамі ДАІ даводзілася сутыкацца вельмі часта. Бывала, і за парушэньні. Але стаўленьне вельмі чалавечае”.

(Спадар Аляксей: ) “Я вось нядаўна ехаў па гэтай вуліцы. Забыў дома дакумэнт. Спыніў работнік ДАІ. Вельмі паважліва паставіўся. Дазволіў зьезьдзіць дадому, прывезьці дакумэнт”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, ці варта пераймаць досьвед Украіны і ліквідаваць у Беларусі Дзяржаўтаінспэкцыю?”

(Спадар Анатоль: ) “Не, хай будуць. Нельга ліквідаваць. Але, каб быў парадак”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Бывае, што нічога не парушаеш, а аўтамабіль спыняюць”.

(Спадар Аляксей: ) “Як у кожнай прафэсіі, ёсьць у ДАІ розныя супрацоўнікі”.

(Спадар Аляксандар: ) “Каб менш штрафаў бралі. Бо бяруць часта. Бывае, раз пяць за дзень спыняюць. Тлумачаць, што праверка дакумэнтаў. Дзеля чаго? Ніхто нічога не тлумачыць”.

(Спадар Зьміцер: ) “Я таксама быў за мяжой і бачыў, што на рагу паліцэйскіх не відаць. Яны зьяўляюцца толькі тады, калі здарыцца аварыя. А ў нас стаяць каля кожнага слупа”.

(Спадар Віктар: ) “На пэрыфэрыі не зусім карэктныя работнікі ДАІ. Напрыклад, у Магілёўскай вобласьці”.

(Спадар Уладзімер: ) “Я сам з раёну, дык у нас ДАІ падпарадкоўваецца не законам, а мясцоваму начальству. Як загадаюць мясцовыя ўлады, так супрацоўнікі ДАІ і выконваюць загады. У мяне быў выпадак: там дазволены прыпынак для пагрузкі-выгрузкі, а мяне пакаралі, бо старшыня райвыканкаму распарадзіўся, што там спыняцца нельга”.
XS
SM
MD
LG