Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіла Марыніча перавялі са шпіталю ў калёнію


Алег Грузьдзіловіч, Менск Стан здароўя былога міністра, а цяпер палітвязьня Міхаіла Марыніча палепшыўся, і яго перавялі з турэмнага шпіталю ў калёнію. Паводле адваката, Міхаіл Марыніч чакае, што адносна яго будзе ўжытае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Зь Міхаілам Марынічам, які знаходзіўся ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, больш за месяц не сустракаліся ягоныя адвакаты ды сваякі. Таксама да Марыніча не пускалі замежных дыпляматаў, якія прасілі пра сустрэчу ў кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. І вось нарэшце 20 ліпеня да Марыніча дапусьцілі ягонага адваката Валянціну Шаханцову. Галоўныя навіны, пра якія распавяла адвакат, пераказаў сын вязьня Ігар Марыніч:

(Марыніч: ) “Яна распавяла, што яго перавялі са шпіталю зноў у атрад, бо ягоны стан лепшы, выглядае ён лепш і адчувае сябе больш здаровым. Той крызіс са зрокам, з прычыны якога яго зьмясьцілі ў шпіталь, быццам удалося пераадолець. Да яго прывозілі доктара з 10-й клінікі, які знайшоў значнае паляпшэньне. Таксама ёсьць паляпшэньне і адносна наступстваў інсульту. Яму прапісалі нейкія працэдуры, пасьля якіх рука і нага баляць менш, ён адчувае сябе лепш. Гэтак сказала адвакат”.

Яшчэ адна істотная навіна тычыцца магчымага хуткага вызваленьня Міхаіла Марыніча. Паводле адваката, у калёніі набліжаецца ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пэўнай колькасьці вязьняў, якія маюць на гэта права. 26 ліпеня будзе паседжаньне адпаведнай камісіі, і Міхаіл Марыніч нібыта значыцца ў гэтых сьпісах, паведаміла адвакат. Паводле адваката Валянціны Шаханцовай, на камісіі аб умоўна-датэрміновым вызваленьні могуць разгледзець дакумэнт пра тое, што да Міхаіла Марыніча ўжытая амністыя і з тэрміну ягонага пакараньня зьняты год. Такім чынам, яго сапраўды могуць вызваліць ужо днямі, не выключае Ігар Марыніч.

У менскай калёніі, дзе ўтрымліваюць Міхаіла Марыніча, адмовіліся паведаміць пра тое, ці ўжытая адносна яго амністыя.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў асуджаны за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую сам жа і ўзначальваў. Аднак ён ніколі не прызнаваў сябе вінаватым і тлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі, у тым ліку помстай за пераход у апазыцыю і пляны абірацца на прэзыдэнта. З 3,5 гадоў, да якіх прысудзілі Міхаіла Мырыніча, за кратамі ён адбыў амаль 1 год і 3 месяцы. У тым ліку больш за 8 месяцаў — у ізалятары КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG