Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможца моладзевага конкурсу “Славянскага базару" сьпявала па-беларуску


Галіна Абакунчык, Менск Першае месца ў міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў на фэстывалі “Славянскі базар у Віцебску” заняла беларуская выканаўца Паліна Смолава. Адной зь лепшых была прызнаная яшчэ адна сьпявачка ад Беларусі Гюнэш Абасава. Абедзьве артысткі сьпявалі па-беларуску. Ці выпадковым быў выбар сьпявачак і ці паўплывае гэта на заўтрашнюю моўную палітыку айчыннага шоў-бізнэсу?

Паводле ўмоваў, у другі дзень канкурсанты мусілі сьпяваць толькі на роднай мове, таму выбару ў іх не было. Але на думку спэцыялістаў, абедзьве сьпявачкі не цураюцца беларускай культуры. Да прыкладу, Гюнэш паводле нацыянальнасьці азэрбайджанка, але неаднойчы ў сваіх інтэрвію заяўляла, што яна нарадзілася ў Баранавічах, грамадзянка Беларусі й нікуды не зьбіраецца адсюль зьяжджаць.

Апрача таго, яна была салісткай ў вельмі папулярным сярод беларускамоўнай моладзі праекце “Крамбамбуля”. Не выпадковы чалавек для беларускай песьні й Паліна Смолава, якая сталела ў такіх фальклёрных калектывах як “Госьціца”, “Жавароначкі” й “Церніца”. Вось як пра выступленьне гэтых сьпявачак выказваецца Лявон Вольскі.

(Вольскі: ) "Прыемна, што Смолава сьпявала другую песьню па-беларуску, а Гюнэш абедзьве. А так, я ня думаю, што выканаўцы папулярнай эстраднай песьні далучаюцца да нейкай сур''ёзнай ідэі. Яны ўсё ж такі людзі паднявольныя".

Паводле спадара Вольскага, артысты, якія ўдзельнічаюць у такіх канцэртах ці супрацоўнічаюць зь дзяржаўнымі арганізацыямі, павінны сачыць за кан''юнктурай, бо на сёньня амаль уся эстрадная музыка цалкам кантралюецца дзяржавай. А тая сёньня ня схільная да зьменаў, і артысты ня вольныя ў выбары, – кажа Лявон Вольскі.

У гэтай беларускай поп-індустрыі трэба трымацца пэўных правілаў, а гэтыя правілы вызначаюцца дзяржавай і нейкімі бюракратычнымі інстытуцыямі. Да прыкладу, трэба сьпяваць пра вайну, пра тое, як у Беларусі, і гэтыя патрабаваньні трэба абсалютна вытрымліваць.

Яшчэ адна сьпявачка й кампазытар - творчая настаўніца Паліны Смолавай, кіраўніца фольк-гурту “Госьціца” Ларыса Сімаковіч таксама сумняваецца, што пераможцы ўдасца паўплываць на папулярызацыю беларускамоўнай песьні. Гаворыць Ларыса Сімаковіч.

(Сімаковіч: ) "Займеўшы статус прызэра, калі яна зараз сьвядома выйдзе на сьцяжыну подзьвігу, каб нешта зрабіць для Беларусі й яе культуры, то ўдасца, хоць гэта й вельмі складана. Я ня ведаю, колькі ў яе ёсьць сілы й сьвядомасьці, каб пайсьці на гэта. Іншага шляху я ня ведаю, але ня кожны здольны гэтым шляхам ісьці".

Паводле спадарыні Сімаковіч, чакаць нейкіх зьменаў у пашырэньні беларускай песьні з прычыны папулярнасьці “Славянскага базару” ня варта тым больш. Бо гэты фэстываль не беларускі паводле сваёй сутнасьці. Аналягічнага меркаваньня трымаецца й лідэр грамадзкай арганізацыі "Беларуская музычная альтэрнатыва" Віталь Супрановіч.

(Супрановіч: ) "Гэтае мерапрыемства ніяк не зьвязана зь беларускай культурай і наўрад ці яно можа на нешта ўплываць. Гэта ўсё штучныя імпрэзы і ніякага дачыненьня да беларускай культуры яны ня маюць".

Паводле маіх суразмоўцаў, беларуская безаблічнасьць на віцебскім фэстывалі асабліва кантраставала з праграмамі суседніх краінаў, вытрыманых у нацыянальных традыцыях вельмі моцна. Асабліва адметным ў гэтым сэнсе выглядаў канцэрт, паказаны артыстамі Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG