Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Летась ад хваробаў сэрца памёрла 75 тысяч беларусаў


Юлія Шарова, Менск У Беларусі каля 75 тысячаў чалавек летась памёрла ад сардэчна-сасудзістых захворваньняў – гэта больш за палову ад усіх сьмерцяў. Такую статыстыку прыводзяць спэцыялісты інстытуту “Кардыялёгія”. Разам з тым колькасьць апэрацыяў на сэрцы, якія робяць беларускія кардыёхірургі, значна ўзрасла і праблема чэргаў тут як быццам вырашаная.

Дырэктар інстытуту “Кардыялёгія” Ігар Адзярыха цьвердзіць, што на патрэбу ў апэрацыі мелі каля 700 чалавек, аднак на сёньняшні дзень чаргі амаль ня стала.

(Адзярыха: ) “117 чалавек у нас знаходзяцца ў чарзе на апэрацыю. І прыкладна 1.700 чалавек наагул стаяць на каранараграфію".

Зь ягоных словаў вынікае, што сёлета толькі апэрацыяў каранарнага шунтаваньня зроблена ў паўтара раза болей, чым летась. У 2004 годзе зрабілі 307 такіх апэрацыяў, сёлета ўжо больш за 450. Аднак чарга ўвогуле была ўтвораная шмат у чым штучна. Спадар Адзярыха кажа, што шмат хворых з рэгіёнаў накіроўвалі на апэрацыю, хоць гэтыя людзі маглі абысьціся й лекамі.

У пачатку году на каранараграфію накіравалі 2.300 чалавек, цяпер колькасьць людзей, што чакалі на абсьледаваньне, таксама значна зьменшылася, кажа намесьнік дырэктара інстытута “Кардыялёгія” Ірына Карнялюк.

(Карнялюк: ) "За ўвесь гэты час, калі мы пачалі ня проста ставіць на чаргу, а ў нашым цэнтры кансультаваць шырока й падбіраць тэрапію, больш за 300 чалавек адмовіліся ад каранараграфіі. Проста адмовіліся, бо была слушна падабраная тэрапія, была эфэктыўная тэрапія й гэтак далей".

Спадарыня Карнялюк кажа, што з агульнай чаргі адмыслоўцы заўсёды вылучаюць тых пацыентаў, жыцьцю якіх пагражае небясьпека – такіх абслугоўваюць цягам 2-3 тыдняў. Увогуле ж чакаць трэба колькі месяцаў. Аднак калі стан здароўя раптам пагаршаецца, чарга для такога хворага пасоўваецца аўтаматычна.

48-гадовы спадар Аляксей, які нядаўна перанёс інфаркт, будзе таксама апэравацца. У пачатку чэрвеня яго паставілі на ўлік – праз год ён павінен прайсьці каранараграфію й пасьля вырашыцца, ці будуць яму рабіць шунтаваньне. Ён кажа, што згодны пачакаць сваёй чаргі, бо давярае беларускім кардыёлягам. У яго была магчымасьць апэравацца ў Нямеччыне, але спадар Аляксей палічыў, што апэрацыя коштам у 20 тысячаў даляраў на Захадзе – занадта дарагое задавальненьне.

(Спадар: ) "Уся рэч у тым, што там спэцыялісты ня лепшыя за нашых. Там проста грошы плацяць менавіта за постапэрацыйны дагляд. А самае галоўнае – гэта якасьць апэрацыі. Ня трэба мне шаўковыя прасьціны, а паляжу на льняной".

У Беларусі апэрацыі на сэрцы робяць за дзяржаўныя сродкі. Прадстаўнікі інстытута “Кардыялёгіі” цьвердзяць, што з дадатковымі матэрыяламі для апэрацыі цяпер праблемаў няма. Зрэшты, спадар Аляксей, які дачыняўся з іншымі пацыентамі, кажа, быццам, 700 даляраў за больш якасныя матэрыялы са сваёй кішэні заплаціць усё ж давядзецца.
XS
SM
MD
LG