Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 ліпеня ў 1930-м годзе ў Менску быў арыштаваны Вацлаў Ластоўскі


RFE/RL НКВД 10 месяцаў трымала акадаміка Ластоўскага ў турме, пасьля чаго выслала ў расейскі горад Саратаў, дзе ў 1937 годзе ён будзе зноў схоплены і расстраляны.

А арыштавалі яго ў справе прыдуманага чэкістамі “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Разам з Ластоўскім у ліпеньскія дні 1930 году было арыштавана больш за сто навукоўцаў і літаратараў. Гэта была першая хваля масавых сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, якія зьнішчылі ўсю незалежную нацыянальную інтэлігенцыю.

21 ліпеня 1999 году мастак Алесь Пушкін правёў у Менску пэрфоманс “Падарунак прэзыдэнту”. Пушкін падкаціў да рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі тачку гною, вываліў яе зьмесьціва на зямлю і ўтыркнуў вілкі ў партрэт першай асобы. За пэрфомансам назіралі журналісты, публіка і міліцыянты, якія затрымалі мастака.

21 ліпеня ў 1816 годзе нарадзіўся чалавек, прозьвішча якога мы ўсе чуем па некалькі разоў на дзень, але пра самога мала што ведаем. Гэта Поль Юліюс Ройтэр, заснавальнік найбуйнейшага сучаснага ангельскага інфармацыйнага агенцтва Ройтэрз. Нарадзіўся ён у Нямеччыне, у габрэйскай сям`і і першапачатковае імя ягонае было Ізраіль Бэер Ясафат. Пачынаў кар''еру як банкаўскі работнік, пасьля хрысьціўся, зьмяніў імя і ажаніўся. Працаваў перакладчыкам у Парыжы, а тады перабраўся ў Лёндан і стварыў там адно зь першых у сьвеце агенцтва навінаў. За гэта ў Нямеччыне яму прысвоілі тытул барона і ён стаў звацца фон Ройтэр.

Таксама 21 ліпеня нарадзіўся Эрнэст Хэмінгуэй, славуты амэрыканскі раманіст, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Ён прыйшоў на сьвет у 1899 годзе.

А яшчэ 21 ліпеня нарадзіўся беларускі артыст Фёдар Балабайка з Магілёва, якога ведаюць усе, хто хоць раз бачыў выступы танцавальнага ансамблю “Харошкі“ -- там ёсьць такі малы забаўны дзядзька, якому для сьмеху даюць у пару высачэзную дзеўку.
XS
SM
MD
LG