Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ змагаецца з падробкамі білетаў


Іна Студзінская, Менск. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі заявіў, што зьявіліся падробкі членскіх білетаў гэтай моладзевай арганізацыі. З-за падробак БРСМ вырашыла ўвесьці дадатковую ступень абароны членскага білета – галяграфічны значак на вокладцы.

Хто падрабляе членскія білеты і зь якой мэтай, я спрабавала даведацца ў кіраўніцтва арганізацыі.У сталічным офісе знайшла толькі сакратара Аляксандра Бабіцкага.

(Бабіцкі: ) “Камэнтар з гэтай нагоды можа даць другі сакратар альбо першы. Гэта іх кампэтэнцыя. Гэтыя пытаньні я не курырую, таму мне складана што-небудзь сказаць.

Першы сакратар Міхаіл Арда пакуль ў адпачынку. Другі сакратар Ігар Бузоўскі, загадчыца аддзелу інфармацыйна-ідэалягічнай работы Алена Вернікоўская і яшчэ шмат супрацоўнікаў – у Віцебску на “Славянскім базары”. Павезьлі туды вялікую групу падтрымкі.

Але вернемся да тэмы падробак і абароны. І хоць нясьціпла лічыць чужыя грошы, зноў усё ўпіраецца менавіта ў іх. Найбольш папулярнай і надзейнай лічыцца зараз галяграфічная абарона – звычайным ксэраксам альбо каляровым прынтэрам не абыйдзешся, патрэбна вельмі дарагое лазэрнае абсталяваньне. Галяграмы падрабіць амаль немагчыма. Галяграфічную абарону БРМС замовіў на фірме “Магія сьвету”. Калі наклады мільённыя, як, да прыкладу, акцызныя маркі на тытунь і алькаголь, адна галяграма каштуе прыкладна 1 цэнт. Пры невялікіх накладах кошт павялічваецца, бо дарагая так званая арыгінацыя. Спачатку БРСМ “замахнуўся” на 125 тысяч галяграм, а потым замовілі ўдвая менш – 62 з паловай тысячы. Гэта абыйшлося грамадзкай арганізацыі, у якой няма нават сяброўскіх складак, крыху больш за 4 тысячы даляраў (6 цэнтаў за штуку).

Тут узьнікае пытаньне. Паводле інфармацыі ЦК БРСМ, арганізацыя налічвае больш за 300 тысяч сябраў. Які сэнс абараняць толькі пятую частку білетаў? Можа, лічбы сябраў проста завышаныя? Прыпіскі, дарэчы, таксама зьяўляюцца крыміналам, як і падробкі. Былы сакратар ЦК СМБ Аляксандар Фядута сказаў, што ў самыя лепшыя часы, у 80-я гады, калі моладзь яшчэ ў нешта верыла, у камсамоле было 700 тысяч чальцоў. Напачатку 90-х -ня больш за 70 тысяч. Што да цяперашніх 300 тысяч сябраў БРСМ, спадар Фядута выказаў сумнеў:

(Фядута: ) “Я думаю, што тыя лічбы, якія існуюць у Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, гэта лічбы для справаздачы кіраўніцтву краіны. Але гэта зусім не азначае, што гэта ня “мёртвыя душы”.

(Карэспандэнтка: ) “Сучасныя ступені абароны – даволі дарагая рэч. Вы кажаце, што складак у іх няма, тады адкуль такія грошы?

(Фядута: ) “А гэта пытаньне не да мяне, а да спадара Тозіка. Паважаны Анатоль Апанасавіч павінен задаць пытаньне: што ж за праграма такая па абароне правоў моладзі, якая зводзіцца да абароны якасьці сяброўскіх білетаў БРСМ?”

Ня так даўно былі вядомыя скандальныя справы, калі моладзь, асабліва навучэнцаў ПТВ, тэхнікумаў, а таксама салдат у войску гвалтоўна прымушалі ўступаць у БРСМ. У тэхнікумах, школах дагэтуль ёсьць адказныя за прыём Але цяпер, як распавяла мне студэнтка БДУ Людміла, БРСМ заахвочвае ў свае шэрагі іншымі шляхамі: ільготамі, сацыяльнымі гарантыямі, абяцанкамі.

(Людміла: ) “Яны ня столькі прымушаюць, колькі робяць так, каб чалавек сам пайшоў у гэтую арганізацыю: маўляў, там будзе зніжка якая ці паход на дыскатэку. Каму патрэбна гэтая ільгота ці санатор летам, шмат хто туды ідзе. Я скажу вам больш: шмат хто будзе зараз супрацоўнічаць з БРСМ толькі з-за таго, што гэта будзе адзіная кантора, якая зможа адпраўляць студэнтаў на лета за мяжу падзарабіць. Чуткі ходзяць, што іншыя кампаніі такіх ліцэнзіяў хутка пазбавяць. І шмат якія студэнты (ведаю знаёмых з Горадні), якія ўжо глядзяць у бок БРСМ. Бо студэнты ня хочуць сядзець у Беларусі, а мець магчымасьць выехаць. А зараз гэта будзе толькі праз БРСМ”.

Такім чынам, на думку кіраўніцтва БРСМ, ідзе заахвочваньне моладзі, каб яна ўступала ў шэрагі арганізацыі. На юрыдычнай мове гэта можна назваць і подкупам. Што таксама на мяжы з крыміналам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG