Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская моладзь хоча бачыць на пасадзе прэзыдэнта іншага чалавека


Алесь Дашчынскі, Менск Балтыйская служба інстытута Гэлапа правяла чарговае апытаньне грамадзкай думкі ў Беларусі, якое праходзіла з 6 чэрвеня па 3 ліпеня. Паводле дадзеных гэтага сацыялягічнага дасьледаваньня, 48 працэнтаў грамадзян Беларусі лічаць патрэбным зноў перавыбраць на прэзыдэнцкую пасаду Аляксандра Лукашэнку. Разам з тым, 38 працэнтаў выступаюць за абраньне кіраўніком краіны іншага чалавека.

Паводле сацыялягічнага апытаньня, якое інстытут Гэлапа праводзіў у мінулым годзе, на рэфэрэндуме толькі 48,4 працэнта выбарнікаў прагаласавалі за трэці тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. Гэтая лічба меншая за 50 працэнтаў, якія дазваляюць мяняць канстытуцыю Беларусі. Фактычна, электарат прэзыдэнта Лукашэнкі пакуль застаецца тым жа самым: 48 працэнтаў, паводле апытаньня ў чэрвені гэтага года. У такім выпадку, паводле незалежнага сацыёляга Аляксандра Саснова, які камэнтуе гэтую лічбу, уладам зноў давядзецца ісьці на фальшаваньне вынікаў будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

(Сасноў: ) “Гэта вялікая лічба, вялікая падтрымка, калі яны сумленна выказалі сваю думку. Але гэта сьведчыць аб тым, што няма перамогі, што далей і далей улада павінна фальшаваць вынікі, каб атрымаць нейкі вынік, што задаволіць яе. Таму, я думаю, што працаваць вэртыкалі давядзецца шмат, каб забясьпечыць зноў элегантную перамогу”.

Сацыёлягі таксама адзначаюць, што стабільных прыхільнікаў Лукашэнкі значна меней, чым жадаючых яго пераабраць, аднак дастаткова для таго, каб трымаць сітуацыю пад кантролем. А як ставіцца да такой лічбы: 38 працэнтаў грамадзянаў Беларусі выступаюць за абраньне кіраўніком краіны іншага чалавека?

(Сасноў: ) “Вось, калі мы кажам, што грамадзтва раскалолася на два бакі, а ўлада кажа, што нічога такога няма, усе дружна ідуць у адным накірунку, усе падтрымліваюць, – не ўсе, палова падтрымлівае, палова не падтрымлівае, ну, калі выключыць тых, хто нікога не падтрымлівае наагул”.

Гэтае дасьледаваньне было арганізавана ў рамках праграмы ў правядзеньні сацыялягічных апытаньняў ў Беларусі, якую рэалізуе Міжнародны рэспубліканскі інстытут са штаб-кватэрай у Вашынгтоне. Дзейнасьць інсытута фінансуецца рэспубліканскай партыяй ЗША.

Якую ж пазыцыю займаюць маладыя грамадзяне Беларусі ў пытаньні абраньня першай асобы ? Паводле згаданага сацыялягічнага дасьледаваньня сярод маладых людзей ва ўзросьце да 29 гадоў за працяг паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі выказаліся толькі 22 працэнты рэспандэнтаў. А вось 64 працэнты апытаных у гэтай узроставай катэгорыі лічаць, што пасаду прэзыдэнта Беларусі павінен заняць іншы чалавек. Адкуль такія настроі сярод маладых людзей, нягледзячы на тое, што на ідэалягічную апрацоўку моладзі кінуты значныя сілы?

(Сасноў: ) “Апарат працуе, але і жыцьцё працуе, і маладыя людзі бачаць, якія магчымасьці адкрываюцца ў тых краінах, дзе кіруюць не дыктатары. Вось справа ў чым. Яны бачыць іншыя варыянты жыцьця і таму яны супраць таго, што робіцца тут”.

Пра тое, што моладзь крытычна ставіцца да сітуацыі ў краіне сьведчаць і іншыя лічбы сацыялягічнага апытаньня балтыйскай службы інстытута Гэлапа. Напрыклад, асноўнай крыніцай інфармацыі пра палітычнае жыцьцё ў Беларусі для маладых людзей да 29 гадоў з’яўляецца сям’я. Таксама 38 працэнтаў апытаных называюць у якасьці крыніцы такой інфармацыі незалежную прэсу і толькі 18 працэнтаў апытаных – дзяржаўную прэсу. Чаму ж дзяржаўную прэсу з яе шматтысячнымі тыражамі абірае меньшая колькасьць моладзі?

(Сасноў: ) “Справа ў тым, тое што піша дзяржаўная прэса і тое, што адбываецца ў жыцьці зусім не супадае і, наадварот, тое, што піша незалежная прэса і тое, што адбываецца ў жыцьці - супадае. Толькі стары ды сьляпы не бачыць розьніцы”.

Сярод моладзі пашырэньне Эўразьвязу вітаюць 52 працэнты апытаных і 45 працэнтаў не падтрымліваюць гэты працэс. Пры гэтым 79 працэнтаў маладых людзей заявілі пра жаданьне атрымліваць больш інфармацыі пра дзейнасьць Эўрапейскага зьвязу. Па дадзеных інстытута Гэлапа усяго сярод апытаных супраць уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі выступаюць 64 працэнты грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG