Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прафэсар Тэры Бэш пакінуў Беларусь


Альгерд Невяроўскі, Менск Амэрыканскі прафэсар Тэры Бэш, які два гады працаваў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, ўвечары 20 ліпеня пакінуў Беларусь. Беларускія ўлады адмовіліся працягваць ягоную службовую візу. Спадар Бэш прызнаўся, што цягам апошніх 72 гадзінаў адчуваў на сабе пільную ўвагу беларускіх спэцслужбаў. Разам з тым ён вельмі ўдзячны ўсім, хто прыйшоў зь ім разьвітацца.

Тэры Бэш разам са сваімі дочкамі Лорай і Кэйсі ўвечары 20 ліпеня выехаў цягніком зь Менску ў Вільню. На чыгуначны вакзал іх прыйшлі праводзіць больш за дзясятак студэнтаў і людзей, якія ўдзельнічалі ў беларускіх навучальных праграмах амэрыканскага прафэсара. На менскім вакзале нейкай увагі да прафэсара й людзей, што яго праводзілі, з боку асобаў у цывільным я не заўважыў. Тым ня менш я запытаўся спадара Бэша, ці адчуваў ён увагу беларускіх спэцслужбаў?

(Бэш: ) “ Мяне хвалюе, што за мной сочаць апошнія 72 гадзіны. Я буду адчуваць сябе цалкам у бясьпецы, калі нарэшце прыеду ў Літву”.

А, вось, што сказаў спадар Бэш пра пачуцьці, зь якімі ён пакідае Беларусь:

(Бэш: ) “Я адчуваю, як быццам бы я памёр унутры. Мы пакідаем цудоўных людзей гэтай краіны. Я б вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь, быць разам зь беларускім народам. Я сам рыдаў на працягу некалькіх апошніх дзён. Гэта вельмі балюча для мяне як і для маіх дочак”.

Дарэчы, не працягнуўшы прафэсару візу, улады, тым ня менш, не забаранілі яму ўезд у Беларусь цягам пяці гадоў.

Людзі, якія прыйшлі праводзіць Тэры Бэша і ягоную сям’ю, вельмі шкадавалі, што ён пакідае Беларусь. Гавораць супрацоўнік спадара Бэша Алег і студэнтка Натальля:

(Алег: ) “Нам вельмі цяжка зразумець, чаму гэта атрымліваецца. Але мы спадзяемся, што хто-небудзь прыедзе яму на зьмену. І будзе яшчэ больш людзей, якія любяць Беларусь, як ён. Мне здаецца, што прафэсар Бэш вельмі многа зрабіў для Беларусі, і зрабіў бы яшчэ болей, каб тут застаўся”.

(Натальля:) “Я стаўлюся да высылкі адмоўна, таму што ён вельмі шмат нам даў і мог бы даць яшчэ больш. Ён даў нам вельмі глыбокія практычныя пазнаньні ў многіх сфэрах – бізнэс-права, як сябе рэпрэзэнтаваць”.

Прафэсар Тэры Бэш будзе да канца лета разам са сваімі дочкамі адпачыць у Літве, а з восені зьбіраецца пачаць рэалізоўваць свае навучальныя праграмы ў адной з краінаў Заходняй Эўропы.
XS
SM
MD
LG