Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На моладзевым конкурсе "Славянскага базару" перамагла беларуска


Браніслава Станкевіч, Віцебск У конкурсе маладых выканаўцаў на “Славянскім базары” перамагла беларуска Паліна Смолава. Яшчэ адна прадстаўніца Беларусі, Гюнэш Абасава, падзяліла другое месца са сьпеваком з Ізраілю.

Маладая сьпявачка зь Менску Паліна Смолава, былая салістка дзіцячага фальклёрнага тэатру “Госьціца” і цяперашняя кіраўніца ансамблю беларускай песьні “Церніца”, атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў “Віцебск-2005”, а таксама грашовую прэмію — 10 тысяч даляраў.

За два конкурсныя выступы яна набрала 207 балаў з 220 магчымых, выканаўшы па-польску песьню “Польска Мадонна” і па-беларуску “Рэха жураўлінае”. Сама Паліна Смолава кажа, што нічога адмысловага для перамогі не зрабіла, проста пастаралася выступіць як мага лепш.

(Смолава: ) “Насамрэч, я думала толькі пра тое, як прасьпяваць для людзей — каб людзі, што сядзелі ў залі, проста заплакалі ад шчасьця, ад задавальненьня. Тое, што мяне прызналі найлепшай — гэта прыемна, гэта здорава! Для вакаліста гэта вялікі стымул ствараць далей і працаваць далей!”

Нагадаю, што выступы выканаўцаў 11 сябраў журы ацэньвалі па 10-бальнай сыстэме. Усяго ў конкурсе браў удзел 21 выканаўца, прычым Беларусь, Расею і Ўкраіну традыцыйна прадстаўлялі па два маладыя артысты.

Другая прадстаўніца Беларусі, ураджэнка Баранавічаў Гюнэш Абасава, набраўшы за два выступы 192 балы, падзяліла другую прэмію (гэта 4 тысячы даляраў) з ізраільскім сьпеваком Шаем.

Міжнароднае журы фэстывалю высока ацаніла выступы беларускіх артыстаў. А ці спадабаліся іхныя выступы тым, хто таксама меў магчымасьць іх паслухаць, — жыхарам Віцебску?

(Спадар: ) “Я ўвогуле ня ведаю, хто яны такія! Раней сачыў, бо цікава было, а цяпер — не, бо ўсё прымітыўна, усё штогод аднолькава”.

(Дзяўчына: ) “Ну, нармальна сьпявалі. Ці спадабалася? Так сабе. Я думаю, людзей на “Славянскім базары” цікавяць іншыя канцэрты, а ня конкурсы маладых выканаўцаў”.

(Хлопец: ) “Я на “Славянцы” сёлета быў толькі раз — працую, мне няма калі!”

(Дзяўчына: ) “ А мы перажываем за нашых, мне вось Гюнэш спадабалася, вельмі сымпатычная дзяўчына. Яна не падобная да беларусак, але выступае за Беларусь!”

(Другая дзяўчына: ) “А мне спадабалася Паліна Смолава. І вельмі шкада, што народу ў залі было ня дужа шмат, што ня ўсе чулі, як яна сьпявала!”

(Дзяўчына: ) “Шкада, што губляецца цікаўнасьць. Менш часу аддаецца на конкурсы, іншыя канцэрты трансьлююцца, і білеты распаўсюджваюцца болей на іншыя імпрэзы. Я лічу, што гэта няправільна, бо “Славянскі базар” — гэта ж конкурсны фэстываль!”

Нягледзячы на тое, што ўжо трэці год запар Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў дастаецца беларускім сьпевакам, слухачы і гледачы ўсё часьцей адзначаюць, што “Славянскі базар” траціць сваю папулярнасьць. Бо штогоду меншае нацыянальнага калярыту, і фэстываль ператвараецца пераважна ў анталёгію камэрцыйнае расейскае эстрады.
XS
SM
MD
LG