Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры зьявіцца беларуска-расейскі гібрыд “ТВЦ-Бел” — пачатковы кошт паўмільярда даляраў


Ігар Карней, Менск Падчас свайго прыезду ў Беларусь кіраўнік расейскага каналу ТВЦ Алег Папцоў ня толькі запісаў інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, але і дамовіўся аб стварэньні сумеснага каналу “ТВЦ-Бел”. Якія мэты ставіць сабе новы тэлевізійны праект?

Афіцыйна расейскі канал “ТВ-Центр” падпарадкоўваецца ўраду Масквы і зьяўляецца адным зь дзяржаўных расейскіх каналаў. На думку расейскіх экспэртаў, з улікам гэтага можна казаць і пра скіраванасьць новага расейска-беларускага тэлепраекту “ТВЦ-Бел”. Прыкладам, тэлевізійны аглядальнік расейскай “Независимой газеты” Сяргей Варшаўчык у газэтным артыкуле, прысьвечаным гэтай падзеі, наўпрост напісаў: “ТВЦ-Бел” будзе піярыць “бацьку”.

(Варшаўчык: ) “Дапускаю, што гэта яшчэ адзін з так званых іміджавых каналаў, прызначаны для “паблік рылэйшнз” Аляксандра Лукашэнкі. Робіцца гэта, відавочна, да 2008 году, калі роля саюзу Расеі і Беларусі будзе ўзрастаць. У тым ліку ня выключаныя варыянты, што Пуцін можа пайсьці на трэці тэрмін як кіраўнік аб’яднанай дзяржавы. Гэта як варыянт. Апроч таго, заўсёды карысна мець такі канал на будучыню дзеля розных ідэалягічных задачаў. Пакуль яны гавораць, што гэта будзе пераважна вяшчаньне на Беларусь. Але тэхнічна ён можа вяшчаць у тым жа аб’ёме, што і ТВЦ, на тэрыторыю Расеі”.

У статутных дакумэнтах каналу “ТВЦ-Бел”, які пачне вяшчаньне ўжо ад восені, пазначаная асноўная мэта — “інтэграцыя Расеі і Беларусі”. Калі інтэгравацца з дапамогай телевізіі ад расейскага боку будзе непасрэдна канал ТВЦ, то Беларусь у сумесным праекце прадстаўляе рэклямная фірма “Вавілен”, якая дагэтуль ня мела ніякага досьведу ў падобных справах. Аднак вядома, што кандыдатаў на гэты праект выбіралі ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Ці можна ўвогуле казаць, што канал будзе не залежны ад палітычнага ўплыву беларускіх ці расейскіх уладаў? Мой суразмоўца, расейскі журналіст Сяргей Варшаўчык, моцна ў гэтым сумняваецца.

(Варшаўчык: ) “Ня вельмі ў гэта веру, бо ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, якім зьяўляецца рэжым Лукашэнкі, любая падобная ўгода праходзіць ухваленьне ў адміністрацыі прэзыдэнта. У зьвязку з гэтым у мяне не ўзьнікае ніякага сумневу, што гэты праект быў ухвалены на вышэйшым узроўні ў адміністрацыях прэзыдэнтаў абедзьвюх краінаў. Але, хутчэй за ўсё, гэта патрэбна ня столькі Беларусі, колькі Расеі. Бо падначаленыя Лукашэнку СМІ і так ловяць любое ягонае слова і прапагандуюць. Гэта, хутчэй за ўсё, скіравана на расейцаў. Але ўвогуле канал будзе такі “двухбаковы”: на Беларусь будзе “спускацца” пазыцыя Масквы, а на Расею будзе падавацца пункт гледжаньня беларускіх уладаў”.

Досыць крытычна ставяцца да абвешчанага зьяўленьня новага тэлеканалу і людзі, якія колісь самі працавалі на тэлебачаньні. Так, былы кіраўнік студыі “Палітыка” на БТ Эдуард Мельнікаў лічыць, што альтэрнатыўнай думкі на “ТВЦ-Бел” будзе гэтак жа мала, як і цяпер на беларускіх каналах.

(Мельнікаў: ) “Канечне, немагчыма на гэта спадзявацца. А копія гэтай мадэлі ўжо адпрацаваная на ОНТ, на канале “Россия”, на СТВ. А цяпер настала чарга ТВЦ. Усё гэта сьведчыць пра ізаляцыю інфармацыйнай прасторы ад расейскіх каналаў, па сутнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Але намеры дэкляраваныя сур’ёзныя — яны і офіс тут зьбіраюцца будаваць…”

(Мельнікаў: ) “Ну, натуральна ж. Пасьля такога інтэрвію як жа інакш? Але чагосьці прынцыпова новага чакаць цяжка. Усё гэта ідзе ў адной плыні”.

Разам з тым, кіраўнік “ТВЦ-Бел” Алег Папцоў кажа, што канал будзе незалежны ад палітычнай каньюнктуры. Праўда, некаторыя назіральнікі з гэтым ня згодныя і, як і спадар Мельнікаў, згадваюць нядаўняе інтэрвію Папцова з Аляксандрам Лукашэнкам, у якім расейскі журналіст неаднаразова рабіў рэвэрансы на адрас беларускага лідэра і стылю яго кіраваньня.

Што да зьместавага насычэньня каналу “ТВЦ-Бел”, то асноўнай інфармацыйнай праграмай каналу будзе 10-хвілінны выпуск “Падзеі. Час менскі”, зроблены паводле аналягу праграмы, якая ўжо існуе на ТВЦ “Падзеі. Час маскоўскі”. Асноўнае пры гэтым патрабаваньне — болей сюжэтаў зь Беларусі. На сур’ёзнасьць намераў паказвае і тое, што для беларускай рэдакцыі ў Менску будзе набыты офіс і вяшчальнае абсталяваньне. Паводле тэлевізійнага аглядальніка “Независимой газеты” Сяргея Варшаўчыка, падобныя намеры патрабуюць вельмі значных фінансавых укладаньняў.

(Варшаўчык: ) “Праект досыць капіталаёмісты. Калі яго разглядаць у поўным аб’ёме, з прэтэнзіяй на паўнавартаснае вяшчаньне ў абедзьвюх краінах, то гэта сотні мільёнаў даляраў”.

Як стала вядома, за першыя паўгоду плянуецца ўкласьці ў сумесны праект паўмільярда даляраў.
XS
SM
MD
LG