Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даў Фэдэрацыі прафсаюзаў дадатковыя правы кантролю


Іна Студзінская, Менск Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 19 ліпеня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі дадзена права ажыцьцяўляць грамадзкі кантроль за выкананьнем заканадаўства аб працы ў арганізацыях і ў індывідуальных прадпрымальнікаў — незалежна ад наяўнасьці сярод работнікаў сяброў прафсаюзаў. Што стаіць за гэтым дакумэнтам?

Згодна з новым указам, афіцыйныя прафсаюзы маюць права кантраляваць выкананьне працоўнага заканадаўства ў любых суб’ектах гаспадараньня. Якім чынам гэта будзе ажыцьцяўляцца, я спрабавала высьветліць у намесьніка начальніка юрыдычнага аддзелу Фэдэрацыі Прафсаюзаў Беларусі Андрэя Дубава.

(Дубаў: ) “Мы камэнтароў не даем. Не ўпаўнаважаныя даваць камэнтары”.

(Карэспандэнтка: ) “Але гэта прававыя пытаньні, я і тэлефаную ў юрыдычны аддзел ФПБ. У дакумэнце напісана: “Прававым і тэхнічным інспэкцыям працы Фэдэрацыі прафсаюзаў прадастаўлена права ажыцьцяўляць грамадзкі кантроль”. Менавіта прававым. А вы ж прававая быццам бы структура”.

(Дубаў: ) “Ёсьць яшчэ прававыя інспэктары”.

(Карэспандэнтка: ) “А як гэта будзе ажыцьцяўляцца?”

(Дубаў: ) “Ня ведаю. Ня думалі яшчэ”.

Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук наконт новага ўказу выказаўся так:

(Ярашук: ) “Насамрэч, дзяржава, улады разглядаюць Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі як частку дзяржаўнай сыстэмы, як дзяржаўную структуру. Таму і зьяўляюцца таікія “пэрлы”, такія дакумэнты. Калі размова ідзе пра нармальнае дэмакратычнае грамадзтва, дзе ёсьць грамадзянская супольнасьць, дзе кожная арганізацыя займае сваю нішу, то было б дзіўна, калі б дзяржава клапацілася пра нейкую незалежную самастойную арганізацыю. Насамрэч размова ідзе пра жорсткую сыстэму ўлады, у якую жорстка ўбудаваныя сёньняшнія так званыя прафсаюзы”.

Раней афіцыйныя прафсаюзы маглі, нагадаю, ажыцьцяўляць кантроль толькі ў арганізацыях, дзе працуюць сябры ФПБ і створаныя першасныя прафсаюзныя арганізацыі. Цяпер ім дадзена права кантраляваць і прыватных прадпрымальнікаў, прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасьці.

Меркаваньне барысаўскага прадпрымальніка, сябра рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Ігара Ледніка:

(Леднік: ) “Улады, і асабіста Лукашэнка, маюць намер дамагчыся татальнага кантролю над гаспадаркай, над эканамічна актыўным насельніцтвам. Таму гэта будзе яшчэ падставай праводзіць кантроль і на прыватных прадпрыемствах, дзе наагул не існуе ніякіх прафсаюзаў. Гэты кантроль будзе скіраваны ня толькі на сацыяльную абарону працаўных, а будзе ціск з мэтай, каб прыватныя прадпрымальнікі падтрымлівалі дзейную ўладу, яе палітыку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG