Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся рабочы візыт А.Лукашэнкі ў Расею на запрашэньне Ў.Пуціна


Алесь Дашчынскі, Менск Пакуль кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведваў у Каралёве ракетна-касьмічную карпарацыю “Энэргія”, дзе ствараецца беларускі касьмічны апарат “БелКА”, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сустракаўся зь сябрамі прэзыдэнцкага Савету ў спрыяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека.

Пры гэтым савеце, які ўзначальвае Эла Памфілава, дзейнічае грамадзкая расейска-беларуская праваабарончая камісія. Нагадаю, пры канцы чэрвеня савет напісаў адкрыты ліст да Лукашэнкі, у якім выказаў занепакоенасьць сытуацыяй у сфэры грамадзянскіх правоў і свабодаў у Беларусі. У лісьце зьвернутая ўвага на шэраг фактаў, у тым ліку зьвязаных з палітычнымі зьняволенымі і палітычнымі зьнікненьнямі ў Беларусі, перашкодамі ў дзейнасьці расейскіх тэлеканалаў.

Падчас сустрэчы зь сябрамі Савету ў спрыяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека прэзыдэнт Пуцін заявіў, што для разьвіцьця Расеі аднолькава важныя як сацыяльна-эканамічныя, так і дэмакратычныя свабоды грамадзянаў. Паводле Пуціна “гэта два складнікі часткі разьвіцьця нармальнай сучаснай дзяржавы”.

Ці згадвалася падчас гэтай сустрэчы ў Крамлі таксама сытуацыя ў Беларусі, якую расейскія праваабаронцы лічаць горшай, чым у Расеі? Кажа сябра Савету, старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева:

(Аляксеева: ) “Вельмі мала гаварылі пра гэта. Гаварыў Караганаў: ён лічыць, што Расея ў сваіх стасунках зь Беларусьсю павінна надаваць увагу праблемам правоў чалавека, перш за ўсё праблемам расейскіх грамадзянаў, якіх дыскрымінуюць у Беларусі, але і беларусаў таксама”.

А як адрэагаваў прэзыдэнт Пуцін на такую прапанову Сяргея Караганава, сустаршыні грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі і сябра Савету пры прэзыдэнце Расеі ў правах чалавека?

(Аляксеева: ) “Пуцін сказаў, што ён згодны з гэтым. Вы ведаеце, ад словаў да справы ёсьць яшчэ нейкая адлегласьць, пабачым на практыцы”.

Пуцін адзначыў, што Лукашэнка знаходзіцца зь візытам у Расеі і ў яго будзе магчымасьць пагаварыць з кіраўніком Беларусі на ўсе гэтыя тэмы.

Пасьля гэтай сустрэчы зь сябрамі Савету, увечары плянуецца неафіцыйная сустрэча Ўладзімера Пуціна з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у падмаскоўнай рэзыдэнцыі “Завідава”. На яе тэрыторыі ёсьць мясьціны для паляваньня ды іншыя атрыбуты элітнага адпачынку. У прэсавай службе расейскага прэзыдэнта не змаглі паведаміць падрабязнасьцяў праграмы візыту Аляксандра Лукашэнкі.

“Падчас гэтай сустрэчы мяркуецца, будзе абмежаваная колькасьць журналістаў, калі будзе нейкая заява для прэсы, то толькі экспромтам”, — сказалі ў прэсавай службе прэзыдэнта Расеі. Прадстаўніца прэс-службы Лера Фядорына.

(Фядорына: ) “Вы ведаеце, што нам вядома цяпер, што ў іх у “Завідава” будзе сёньня сустрэча а 19-й гадзіне. Гэта адна з загарадных рэзыдэнцыяў прэзыдэнцкіх. Ну што яны там будуць рабіць? Будуць размаўляць, вячэраць, ну — як звычайна”.

Афіцыйныя агенцтвы падкрэсьліваюць, што цягам апошніх некалькіх месяцаў Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца штомесяц, і іх новая сустрэча будзе шостай ад пачатку году. Але раней Лукашэнка прыяжджаў у Маскву дзеля ўдзелу ў некалькіх самітах кіраўнікоў краінаў СНД. Саюзнае будаўніцтва і пераход на адзіную валюту, якія адкладзеныя на прапанову беларускага боку з 1 студзеня 2005 году на 1 студзеня 2006 году, Пуцін і Лукашэнка абмяркоўвалі пяць гадзін на сустрэчы ў Сочы сёлета 4 красавіка.

Мяркуецца, што новая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі будзе прысьвечаная пэрспэктывам саюзнага будаўніцтва. Яшчэ адна пастаянная тэма расейска-беларускіх кансультацыяў — прыняцьцё канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Аднак, паводле старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова, створаная ў красавіку новая рабочая камісія ў падрыхтоўцы акту яшчэ ні разу не зьбіралася, яе паседжаньні заплянаваныя на восень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG